Песні пад каляднай зоркай (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак

З нагоды светлага свята Нараджэння Хрыстовага артысты Дзятлаўшчыны падарылі землякам тэматычную канцэртную праграму, якая сабрала сяброў у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

– У старадаўнія часы на калядныя святкі людзі збіраліся ўсёй сям’ёй, забываліся на спрэчкі, прасілі прабачэння ў сваіх блізкіх за хваляванне і міжвольныя крыўды. Дык няхай у наш час гэта традыцыя не страціць сваю значнасць і будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, – павітала гледачоў вядучая Анастасія Голуб.

Гэтым цёплым утульным вечарам  госці канцэрта атрымалі асалоду ад россыпу музычных кампазіцый у выкананні воптыных артыстаў і юных зорачак Дзятлаўшчыны. Навагоднія і калядныя хіты  дзятлаўчанам дарылі Ганна Харлінская, Сяргей Малышчык, Таццяна Шостка, Аксана Кашляк, Алеся Варабей, Алёна Касцюк, Анастасія Клімец, Часлаў Свіб, Ала Чарняўская, Іван Кашко, ансамбль “Мара”.

“На біс” свой запамінальны творчы нумар у дуэце з Валерыяй Ласянковай паўтарыла “Краса Дзятлаўшчыны-2022” Лізавета Нагавонская.

Па-каляднаму цудоўнымі і кранальнымі атрымаліся музычныя сюрпрызы ад дзяцей: творчых калектываў дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава, дуэта сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, Артура Лішыка, Анастасіі Літвінскай, якая выканала гімнастычны эцюд.

Па традыцыі на раённай сцэне быў разыграны прыз каляднай латарэі, у ёй удзельнічалі ўсе, хто набыў шчаслівы білецік на канцэрт. Сёлета ўдача ўсміхнулася дзятлаўчанцы Таццяне Кажала, якая атрымала памятны падарунак.

На завяршэнні канцэртнай праграмы артысты развіталіся з любімымі гледачамі да хуткай сустрэчы, бо наперадзе – насычаная праграма цікавых, вясёлых навагодніх і калядных мерапрыемстваў.

Усіх, хто прыйшоў на канцэрт, у фае ўстановы ў вобразе белага анёла сустракала Іна Юганава.

Наталля АВЯРЧУК
Фота, відэа Вольгі ЮШКЕВІЧ, Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga