Хто мы, беларусы, і чым можам ганарыцца, чаму для ўсіх людзей важныя мір і сяброўства, як гарады сталі героямі, аб чым расказваюць званы Хатыні?
Гэта і многае іншае выхаванцы дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава даведаліся ў час выхаваўча-патрыятычнага занятку “Ліст аб Беларусі”, праведзенага сумесна з пракуратурай Дзятлаўскага раёна.
Пракурор раёна Віталь Юрго расказаў дзецям аб прафесіі пракурора і яго абавязках – сачыць за выкананнем законаў у нашай краіне, напрыклад, каб у навучальных установах было добрае харчаванне, у бальніцах хапала лекаў, каб усе людзі выконвалі важныя правілы, а ў краіне былі мір, парадак, спакой і бяспека.
Разам з дашкольнікамі ён ажыццявіў віртуальнае падарожжа па сучаснай Беларусі і старонках нашай гісторыі, у час якога дзеці ўзгадалі, як выглядаюць і што азначаюць дзяржаўныя сімвалы, “намалявалі” свой горад і голуба міру.
Віталь Станіслававіч расказаў аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, у якой перамаглі героі – іх прадзядулі і прабабулі:
– Шмат гора прынесла з сабой вайна, у нашай краіне няма ніводнай сям’і, якую б яна не закранула. Ворагі спальвалі нашы дамы, забівалі людзей, але нікому не ўдалося знішчыць або заваяваць свабодалюбівых беларусаў. Званы Хатыні, мемарыял у Брэсцкай крэпасці нагадваюць нам: “Людзі! Не дапусціце новай вайны!” Каб усе памяталі аб подзвігу герояў тых часоў, кожны год 9 мая наша краіна адзначае дзяржаўнае свята – Дзень Перамогі.
Як адзначыў пракурор Дзятлаўскага раёна, ідэалагічныя выхаваўчыя мерапрыемствы рэалізуюцца па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры Беларусі ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам адукацыі. Яны накіраваны на прывіццё дзецям патрыятызму, адданасці Радзіме, нацыянальнай самасвядомасці. Таксама праводзіцца інфармацыйна-тлумачальная работа, звязаная з асвятленнем вынікаў расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта работа ва ўстановах адукацыі раёна будзе прадоўжана.
Наталля АВЯРЧУК
Фота и відэа Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga