Напярэдадні Дня інвалідаў у Зэльве прайшоў ХІІІ абласны фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Калі мы разам – мы мацнейшыя!”.
Удзел у мерапрыемстве прынялі 20 аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў Прынёмання, у тым ліку аддзяленне “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
Адкрываючы фестываль, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік адзначыла, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі не толькі моцныя духам і добрыя сэрцам, але і вельмі таленавітыя.
Удзельнікі свята пацвердзілі гэтыя словы сваімі яркімі выступленнямі. Дзятлаўчане з “Праменьчыка” падарылі гледачам музычны нумар “Разам – дружная сям’я”. Падрыхтаваць яго наведвальнікам аддзялення дапамаглі валанцёры з узорнага тэатра гульні роставых лялек “Лялькі для ўсіх” Іван Каско і Аксана Кашляк. Пры падтрымцы юных артыстаў тэатра Яны Губко, Яўгеніі Нікульшынай, Ганны Халілавай, Любові Хлебнікавай нумар асаблівых дзятлаўчан атрымаўся вясёлым, незвычайным, запамінальным.
Усе канкурсанты за свае выступленні атрымалі дыпломы фестывалю і памятныя падарункі, а галоўнае – шмат пазітыўных эмоцый, зарад бадзёрасці і добрага настрою, прыемныя стасункі з сябрамі з іншых раёнаў.
Спецыялісты і наведвальнікі аддзялення “Праменьчык” выказваюць словы ўдзячнасці Івану Каско за падрыхтоўку да фестывалю і нераўнадушныя адносіны.
Валянціна САЛАМЕВІЧ,
спецыяліст аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” ЦСАН Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga