Адказ на гэта пытанне добра ведае прыватны прадпрымальнік з Навагрудчыны Ілья Ігнатовіч, які нядаўна наведаўся ў прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава з вялікай колькасцю падарункаў для дзяцей і ўстановы.
Разам са сваім былым педагогам, цяпер дырэктарам цэнтра Алай Жэгалік Ілья Ігаравіч падарыў дзецям не толькі цукеркі і цацкі, аб якіх яны даўно марылі, але і прыемныя хвіліны радасці, цудоўнага настрою.
– У нас праходзіць пераднавагодняя дабрачынная акцыя “Падорым дзецям цуды”, да якой стараемся прыцягнуць увагу дзятлаўчан і не толькі, – расказала Ала Жэгалік. – Прыемным сюрпрызам гэтага года стала тое, што ўдзел у ёй прыняў мой былы выхаванец Ілья Ігнатовіч. Вельмі ганаруся, што ён вырас годным чалавекам, знайшоў сабе справу па душы, стаў добрым татам і мужам. Ілья Ігаравіч нераўнадушны да праблем нашага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і дзяцей прытулка, бо сам прайшоў цяжкую школу жыцця, быў выхаванцам школы-інтэрната. Ён з гатоўнасцю аказаў падтрымку: падарыў прытулку і дзецям цацкі і салодкія падарункі, а галоўнае – шмат прыемных эмоцый, стаў для іх сапраўдным навагоднім дабрадзеем. Я вельмі кранута і ўдзячна за такую чуласць і неабыякавасць. Цудоўна, што ў нас ёсць такія людзі.
– Жаданне дапамагаць іншым маю ўжо даўно, – зазначае Ілья Ігнатовіч. – Волей лёсу сустрэўся са сваім былым сацыяльным педагогам Алай Аркадзьеўнай, якой вельмі ўдзячны, што яна была ў маім жыцці. Пагутарылі, даведаўся, дзе яна працуе цяпер, чым займаецца – адразу ж прапанаваў сваю дапамогу. Напярэдадні святаў зрабіў прыемны сюрпрыз дзецям прытулка. Раней займаўся цацкамі, таму добра ведаю, што падабаецца хлопчыкам і дзяўчынкам, пастараўся ажыццявіць іх мары. На ўласным вопыце з дзяцінства памятаю, наколькі прыемна атрымліваць падарункі. Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва з прытулкам прадоўжыцца і надалей. Ад чыстага сэрца хочацца падтрымаць дзяцей у складаны перыяд іх жыцця. Я шчыра жадаю, каб у іх усё наладзілася і надалей склалася добра.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga