“100 ідэй для Беларусі”. Чым на занальным этапе здзіўлялі дзятлаўчане?

Грамадства Свежыя навіны

Чым на занальным этапе здзіўлялі дзятлаўчане?

У Навагрудку прайшоў занальны этап рэспубліканскага моладзевага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Удзел у ім прымалі навучэнцы Навагрудскага, Дзятлаўскага і Слонімскага раёнаў.

 

Юныя кулібіны Дзятлаўшчыны прадстаўлялі тры ўстановы адукацыі раёна.

Як расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, навучэнцы Новаяльнянскай сярэдняй школы Аляксандр Баковіч, Павел Аблажэй і Аляксандр Аблажэй абаранялі практыка-арыентаваны праект “Бесплацінная водаваротная міні-ГЭС”.

Вучань сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Данііл Івашэвіч звярнуўся да гісторыі малой радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны і подзвігу свайго знакамітага прадзеда Іосіфа Філідовіча, вынікам чаго стаў праект на стыку гісторыі і сучасных тэхналогій “3D-рэканструкцыя Партызанскага шпіталя, які дзейнічаў на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы са снежня 1942 года па ліпень 1944 года”.

Цікавай у гаспадарчым сэнсе была работа навучэнца Казлоўшчынскай сярэдняй школы Артура Мазаля. Юнак падрыхтаваў праект “Параўнанне энергазатрат пры выкарыстанні самаробнай сушылкі, якая працуе на арганічным паліве, з затратамі пры ўжыванні прамысловай электрасушылкі”.

Па ацэнках журы рэгіянальнага этапу конкурсу, лепшым сярод даследаванняў навучэнцаў Дзятлаўскага раёна прызнаны праект новаяльнянцаў “Бесплацінная водаваротная міні-ГЭС”. Менавіта ён будзе прадстаўлены на абласным этапе “100 ідэй для Беларусі” ў Гродне.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Кацярынай ХІЛІМОНЧЫК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: