Вялікі Кастрычнік – свядомы выбар пакаленняў

Галоўнае Грамадства

7 лістапада беларусы адзначаць 105-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Гэтай падзеі быў прысвечаны мітынг, які адбыўся  ў скверы каля помніка У. І. Леніну ў Дзятлаве.

Удзел у мерапрыемстве прынялі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, супрацоўнікі сілавых структур, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў, навучэнцы школ раёна.

­– Рэвалюцыя 1917 года стала адной з самых значных падзей 20 стагоддзя і карэнным чынам паўплывала на ход далейшай гісторыі. Вопыт 1917 года навучыў нас імкнуцца да лепшага, упартай працай будаваць высокаразвітую, сучасную дэмакратычную дзяржаву, галоўная мэта якой – паляпшэнне жыцця грамадзян, – нагадала ўдзельнікам мерапрыемства вядучая.

Аб значэнні Кастрычніцкай рэвалюцыі для гісторыі ўзгадаў намеснік першага сакратара раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Дзмітрый Малочка:

– Усё далей адыходзім мы ад гэтай гістарычнай даты, называючы Вялікі Кастрычнік падзеяй мінулага стагоддзя. Аднак з цягам часу больш выразна разумеем, што гэта быў свядомы выбар пакаленняў, якія прайшлі праз нястачу і войны, магутны парыў мільёнаў людзей да пабудовы справядлівага грамадства, – адзначыў Дзмітрый Аляксандравіч. – Дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі Беларусь набыла рэальную дзяржаўнасць. Цяпер суверэнная Рэспубліка Беларусь, абапіраючыся на духоўна-гуманістычныя традыцыі і ствараючы гістарычны вопыт, забяспечвае развіццё прадукцыйных сіл краіны, яе сацыяльнай сферы, праводзіць шматвектарную міралюбівую знешнюю палітыку. Наш народ мэтанакіравана ўвасабляе ў рэальнасць мару многіх пакаленняў – будуе квітнеючую і незалежную дзяржаву.

Ад імя нашчадкаў Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі павіншавала землякоў са святам былая камсамолка, сакратар раённага савета ветэранаў Ядвіга Гушча, якая пажадала ўсім здароўя, дабрабыту, узаемаразумення, поспехаў у працы дзеля любімай Айчыны.

Урачысты мітынг завяршыўся ўскладаннем кветак і вянкоў да помніка   У. І. Леніну.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga