У райвыканкаме. Эканоміка раёна “ажывілася”

Важнае Улада

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўшчыны за 9 месяцаў разгледжаны на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

– Эканоміка раёна працягвае дэманстраваць устойлівы рост. Прыемна, што мы нарасцілі экспарт паслугаў – за студзень-жнівень 2022 года ён склаў 6614,6 тысячы долараў ЗША або 183,8 % да аналагічнага перыяду 2021 года. Знешні гандаль ажыццяўляўся з 11 краінамі свету, нягледзячы на неспрыяльныя знешнія фактары. Ствараецца трывалая база для развіцця прадпрыемстваў і павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Намінальная налічаная заработная плата павялічылася на 21 %. Выраслі даходы ў бюджэт раёна. Усё гэта дазваляе ў поўным аб’ёме выконваць сацыяльныя абавязацельствы і выдзяляць сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў адукацыі, аховы здароўя, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

У сельскай гаспадарцы

За студзень-верасень 2022 года тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак склаў 126,7 %, пры заданні 106,5 % і выкананы ўсімі сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна. Найбольшы рост у сельскагаспадарчым філіяле “АграМілк” – 19,7 %, у ТАА “РоданАграПол” у 2,5 раза, ТАА “РоданАгра” – у 3,4 раза.

Станоўчая дынаміка па росце прадукцыі забяспечана ўсімі сельскагаспадарчымі арганізацыямі, у тым ліку КСУП “Войневічы” і ААТ “Граніт-Агра”, якія ў першым паўгоддзі 2022 года дапусцілі зніжэнне.

Тэмп росту валавой прадукцыі галіны жывёлагадоўлі за 9 месяцаў склаў 105,9 %, у тым ліку вытворчасці малака 108,4 %, прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы – 103,6 %, прадукцыі вырошчвання свіней – 97,3 %.

 

 

Сярэдні надой малака ад каровы па раёне павялічыўся на 573 кілаграмы да студзеня-верасня 2021 года. Найбольшая прыбаўка ў вытворчасці малака забяспечана ААТ “Дварэц-Агра” – на 17,4 %, КСУП “Жукоўшчына” – 17,2 % і СГФ “АграМілк” – 15,7 %.

Прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы за 9 месяцаў выраблена 2936 тон або 103,6 % да аналагічнага перыяду мінулага года.

Па стане на 1 кастрычніка пагалоўе буйной рагатай жывёлы склала 27 547 галоў, у тым ліку 10 526 кароў малочнага напрамку. Зніжэнне пагалоўя дапушчана ў ААТ “Дварэц-Агра” на 829 галоў, ТАА “РоданАграПол” – 192 і ТАА “РоданАгра” – 794.

За студзень-верасень атрымана 2198 тон прадукцыі вырошчвання свіней, што складае 97,3 % да мінулагодняга паказчыка. Пагалоўе свіней зменшылася на 1722 галавы і склала 21 653. На зніжэнне паўплывала памяншэнне прыплоду парасятаў на 635 галоў і павелічэнне іх гібелі на 2065 галоў да аналагічнага перыяду 2021 года. Адпаведныя крытычныя заўвагі ў час пасяджэння ад старшыні райвыканкама атрымаў Станіслаў Мазур – дырэктар ААТ “Граніт-Агра” (адзіная гаспадарка ў раёне, якая займаецца свінагадоўляй).

Тэмп росту валавой прадукцыі раслінаводства за студзень-верасень 2022 года склаў 153,5 %. Усе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна забяспечылі рост прадукцыі раслінаводства за аналізуемы перыяд.

Па стане на 1 кастрычніка вышэйшыя чым летась тэмпы па ўборцы бульбы і цукровых буракоў.

Прыбаўку валавога збору збожжавых і зернебабовых культур забяспечылі ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі. Найбольшы рост атрыманы гаспадаркамі “РоданАгра”, “РоданАграПол”, “АграМілк”, “Граніт-Агра”.

Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур у 2022 годзе склала 40,0 ц/га, павялічылася на 13,6 ц/га. Самая высокая ўраджайнасць атрымана ў СГФ “АграМілк” – 56,5 ц/га, ААТ “Граніт-Агра” – 45,8 ц/га.

Сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна праведзена значная работа па нарыхтоўцы кармоў з траваў. Па стане на 1 кастрычніка нарыхтавана 4411 тон сена (151,3 % да 2021 года), 106 868 тон сенажу (104,8 %), 71 209 тон сіласу (69,7 %), засыпана зернефуражу 31 484 тоны (141,8 %). У разліку на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 32,0 цэнтнера кармавых адзінак.

– Рэзервы ў АПК ёсць. Мы пастараемся іх актывізаваць. У той жа час прамысловасць дэманструе ўпэўнены рост. Таму ў цэлым аптымістычна глядзім на прагнозы на канец года. Вядома, ёсць над чым працаваць. Але гэта хутчэй кропкавае ўздзеянне, якое дазволіць падцягнуць тыя сферы, якія працуюць недастаткова актыўна, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

Прамысловасць

Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў  за студзень-верасень 2022 года склаў 85,9 %.

Забяспечылі выкананне паказчыкаў бізнес-планаў па ІФА ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў” (112,2 % пры плане 100,5 %), Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир” (104,5 % пры плане 104,1 %).

Зніжэнне аб’ёмаў вырабленай прадукцыі ў ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” (82,1 %) адбылося ў сувязі з праблемамі лагістыкі і геапалітычнай сітуацыяй, якая выклікала ваганні курсу валют і адпаведна ў 2022 годзе прадпрыемствам былі ўнесены карэкціроўкі ў планы разліву каньякоў, паколькі каньячная сыравіна для разліву імпартуецца з Рэспублікі Арменія, Грузіі, Рэспублікі Малдова. Таксама павелічэнне вытворчасці гарэлкі на ўнутраны рынак не ўяўляецца магчымым з-за абмежавання квот на вытворчасць гарэлкі і лікёра-гарэлачны вырабаў. Між тым, як патлумачыў на пасяджэнні дырэктар завода Аляксандр Яцук, у няпростых умовах прадпрыемства “перабудоўваецца” – арыенцір на выпуск новых відаў прадукцыі, у тым ліку воцату, новых безалкагольных напояў, сярод алкагольных  хутка з’явіцца джын “Алгонь”.

За 9 месяцаў аб’ём рознічнага тавараабароту гандлю праз усе каналы рэалізацыі па раёне склаў 76 334,0 тысячы рублёў або 101,4 % у супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду мінулага года. Прыцягнута 55 763,0 тысячы рублёў інвестыцый у асноўны капітал, тэмп росту складае 119,0 %.

Аб’ём будаўніча-мантажных работ склаўся ў лічбе 92,7 % у супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду 2021 года. За 9 месяцаў уведзена ў эксплуатацыю 3360 квадратных метраў жылля або 105,0 % ад гадавога плана. Уведзена арэнднага жылля агульнай плошчай 1813 квадратных метраў, пабудаваны 7 сацыяльных кватэр агульнай плошчай 319 квадратных метраў.

Сацыяльная палітыка

Сёлета на Дзятлаўшчыне прадаўжаецца работа па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі выканання сацыяльных стандартаў, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў сацыяльнай сферы, стварэнні камфортных умоў для насельніцтва.

Мінімальны нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара выкананы на 113,1 %.

На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна па стане на 1 кастрычніка 2022 года пражывае 7661 пенсіянер і 232 атрымальнікі сацыяльнай дапамогі. Пенсійныя выдаткі за 9 месяцаў склалі 38,5 мільёна рублёў.

Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога аказана 568 грамадзянам.

Райвыканкамам прынята 19 рашэнняў аб прызначэнні сямейнага капіталу і 21 рашэнне аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу.

Усе мінімальныя сацыяльныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва Дзятлаўшчыны ў галіне адукацыі, культуры, спорту выкананы.

Бюджэт

Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала далажыла, што ў бюджэт Дзятлаўскага раёна за справаздачны перыяд паступіла 22 308,6 тысячы рублёў уласных даходаў і паступленняў або забяспечана выкананне ўдакладненага гадавога плана на 71,9 %.

Асноўная ўдзельная вага падатковых даходаў сфарміравана за кошт паступленняў падаходнага падатку з фізічных асобаў (50,9 %), падатку на даданую вартасць (12,6 %), падаткаў на ўласнасць (7,9 %), падатку на прыбытак (10,4 %).

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: