У падарожжа па краіне “Піянерыя”

Грамадства Свежыя навіны

У рамках рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Сустрэчы на ўсе 100” удзел у класнай гадзіне “БРПА – новы імідж” з навучэнцамі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава прыняла старшыня раённай арганізацыі ГА “БРПА” Ірына Мішчанка.

На працягу ўрока навучэнцы “падарожнічалі” па краіне “Піянерыя”. Спачатку разам з піянерскім лідарам раёна прагарталі старонкі гісторыі. Спыніліся на Х Усесаюзным піянерскім злёце, які праходзіў восенню 1990 года. Пастановай гэтага форуму Усесаюзная піянерская арганізацыя была ператворана ў Саюз піянерскіх арганізацый (суб’ект Федэрацыі дзіцячых арганізацый). У адпаведнасці з рашэннем на Х Рэспубліканскім злёце 13 верасня 1990 года было абвешчана аб стварэнні самастойнай беларускай піянерскай арганізацыі, а ў 1995 годзе зацверджана новая рэдакцыя Статута арганізацыі, у адпаведнасці з якой назва грамадскага аб’яднання зменена на “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. У лістападзе 2018 года на XXI справаздачна-выбарчым злёце ГА “БРПА” “Піянерыя – новы сезон” Статут зноў рэдагаваўся, змяніліся ўзроставыя рамкі членства. Так, удзельнікі аб’яднання 7-10 гадоў – гэта акцябраты, 10-14 гадоў – піянеры, старэйшыя за 15 гадоў – лідары і важатыя.

Таксама Ірына Анатольеўна расказала навучэнцам аб задачах і кірунках дзейнасці ГА “БРПА”, піянерскіх сімвалах, галоўных традыцыях арганізацыі і яе талісмане – рысяняці Вогніку. Каб не быць галаслоўнай, яна прапанавала класнаму кіраўніку Наталлі Белаус і дзецям прыняць удзел у практыкуме па завязванні піянерскага сімвала – гальштука.

Расказваючы пра цікавае і актыўнае жыццё піянераў Дзятлаўшчыны на сучасным этапе, лідар аб’яднання нагадала прысутным пра сёлетнія поспехі іх старэйшых сяброў па ўстанове, а гэта дыплом ІІІ ступені абласнога этапу VII Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года-2022” у намінацыі “Піянер года”, з якім вярнулася Дар’я Лявошка і яе надзейная каманда “Я+5” (Аляксандра Зайцава, Ульяна Гушча, Уладзіслаў Касцюкевіч, Арцём Залеўскі, Таццяна Дзедава). Да Дня народнага адзінства ў гэтым годзе ў сцяну Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея юныя дзятлаўчане заклалі “капсулу часу” з пасланнем ад моладзі раёна новаму пакаленню 2072 года.

Дзецям было цікава даведацца і пра новыя конкурсы і праекты. Так, ГА “БРПА” аб’яўляе конкурс “Лічбавая трансфармацыя” на лепшыя распрацоўкі важатых па некалькіх кірунках. Піянеры і акцябраты могуць паўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе навукова-папулярнага відэа “Тэрыторыя ведаў”. Па 8 напрамках прадоўжаць сваю работу цімураўскія атрады. Акцябрат заклічуць да ўдзелу ў праекце “Тэрыторыя дзяцінства”, а разам з піянерамі – да гульні “Па слядах Перамогі”. Сачыць за навінамі можна ў блогу Дзятлаўскай раённай піянерскай арганізацыі і адкрытай групе “Дзятлаўскі РС ГА “БРПА”.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Ірынай МІШЧАНКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga