Паміж грыпам і “каронай”

Важнае Грамадства

Увосень традыцыйна пачынаецца эпідэмічны сезон: пасля летняй перадышкі зноў расце захворванне на грып і іншыя рэспіраторныя інфекцыі.

“Не застаецца ў баку” і каранавірус. Як працуюць вакцыны ад грыпу і кавіду, якім чынам атрымліваецца ўжо больш за сто гадоў пасля перамогі над сумна вядомай “іспанкай” стрымліваць іншыя эпідэміі? За тлумачэннямі і парадай – да галоўнага доктара раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алены Шайбак.

– Алена Вячаславаўна, колькі чалавек у год звычайна хварэе на грып?

– У нас на грып штогод хварэе каля 10 % насельніцтва. Разам з тым сам вірус “носіць” большая колькасць людзей, проста не ва ўсіх выпадках гэта выклікае менавіта захворванне. Носьбіты віруса здольныя яго перадаваць іншым, а самі пры гэтым не хварэюць. Акрамя таго, вакцынаваныя людзі вельмі часта пераносяць хваробу ў лёгкай форме, не падазраючы, што ў іх грып.

– Па маім уласным адчуванні здаецца, што з прыходам каранавірусу колькасць выпадкаў захворвання на грып рэзка скарацілася.

– У апошні эпідэмічны сезон актыўнасць вірусаў грыпу была, сапраўды, нізкай. З аднаго боку, ахоп вакцынацыяй ад грыпу быў досыць шырокі. У Дзятлаўскім раёне было прышчэплена больш за 40 % насельніцтва. Акрамя таго, людзі выконвалі супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы ад страху захварэць на каранавірус: дыстанцыяванне, выкарыстанне масак, дэзынфекцыю, мыццё рук. Напэўна, ніколі людзі не мылі рукі так часта, як з пачатку эпідэміі. Гэта адбілася і на зніжэнні колькасці выпадкаў грыпу і кішэчных інфекцый. Да таго ж сам узбуджальнік COVID-19, несумненна, паўплываў на тое, што менавіта гэта інфекцыя дамінавала пры заражэнні.

– Калі каранавірус выцесніў грып, ці варта прышчапляцца ад грыпу ў гэтым годзе?

– Не думаю, што асаблівасці мінулага года можна пераносіць на гэты. Цяпер у нас шмат прышчэпленых ад COVID. Аднак прышчэпка ад кавіду не абараняе ад грыпу. Зразумейце: калі значэнне каранавірусу як дамінуючага ўзбуджальніка паменшыцца, то грып, несумненна, зноў увойдзе ў наша жыццё.

– Гэта значыць прышчапляцца?

– Менавіта так. Інакш будзем рыхтавацца да найгоршай сітуацыі з грыпам, прасцей кажучы, да эпідэміі. І таму мы тлумачым сёння ва ўсіх калектывах і пажылым грамадзянам, што трэба прадпрымаць прафілактычныя меры – вакцынапрафілактыку, якая абараняе ад цяжкага цячэння хваробы, а таксама ад ускладненняў пасля яе і смяротных зыходаў.

Для прафілактыкі грыпу ў раёне выкарыстоўваецца вакцына “Грыпол плюс”, трохвалентная грыпозная, у якой зніжана ўтрыманне антыгенаў. Дзякуючы гэтаму імунная сістэма арганізма чалавека адчувае меншую антыгенную нагрузку, што выклікае менш агульных або мясцовых рэакцый і ўскладненняў пасля ўвядзення вакцыны.

У вакцыне прысутнічае два найбольш небяспечныя штамы вірусаў грыпу А і адзін штам грыпу В, якія змяняюцца, як правіла, штогод. Антыгенны састаў грыпознай вакцыны пастаянна абнаўляецца згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. У гэтых рэкамендацыях змяшчаецца інфармацыя аб найбольш небяспечных штамах віруса грыпу, з’яўленне якіх найбольш чакаецца на тэрыторыі Еўразіі.

Больш за 10 гадоў прымянення вакцыны “Грыпол плюс” у нашым раёне пацвердзілі яе эфектыўнасць пры максімальнай бяспецы.

Для індывідуальнага запісу на вакцынацыю трэба звярнуцца ў рэгістратуру Дзятлаўскай ЦРБ або да ўчастковага тэрапеўта.

Таксама працуюць выязныя брыгады медыкаў, якія прайшлі спецадукацыю і выязджаюць у працоўныя калектывы.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: