Нулявы траўматызм: як гэта працуе

Важнае Грамадства

З 7 па 13 лістапада на Дзятлаўшчыне пройдзе тыдзень нулявога траўматызму.

У межах яго адбудзецца абласны Дзень аховы працы з адзінай павесткай “Культура вытворчасці, высокі ўзровень працоўнай і вытворчай дысцыпліны як аснова забеспячэння бяспекі працы, паспяховага эканамічнага росту арганізацыі”, расказала Святлана Латушка, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Інспектары па ахове працы наведаюць арганізацыі і прадпрыемствы ўсіх форм уласнасці, нагадаюць іх кіраўнікам і калектывам аб важнасці захавання бяспечных умоваў працы, пракантралююць адпаведнасць абсталявання і працэсаў патрабаванням аховы працы, прасочаць за правільнасцю выкарыстання спецыяльнай вопраткі і сродкаў індывідуальнай абароны на рабочых месцах, выкананнем асноваў працоўнай і вытворчай дысцыпліны.

У час тыдня нулявога  траўматызму пройдуць маніторынгі, семінары-вучобы, прамыя тэлефонныя лініі, круглыя сталы з удзелам зацікаўленых структур.

Усе гэтыя мерапрыемствы праводзяцца для ўзмацнення прафілактыкі траўматызму на вытворчасці, з мэтай павышэння адказнасці службовых асобаў і работнікаў арганізацый. Сёння першаступеннай задачай з’яўляецца рэалізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне культуры вытворчасці і развіццё пачуцця адказнасці саміх работнікаў за ўласную бяспеку і за бяспеку тых, хто працуе побач.

Аб прынцыпах і прымяненні на практыцы сістэмы “Vision Zero” (Нулявы траўматызм) расказаў інжынер па ахове працы ВУ “Слонімгаз” Сяргей Удот:

– У цяперашні час важнай задачай для працоўных арганізацый і прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці з’яўляецца выкананне мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне культуры вытворчасці і развіцця пачуцця адказнасці за бяспеку працы. На рашэнне гэтых задач накіравана рэалізацыя канцэпцыі “нулявы траўматызм”. Сістэма працуе па трох напрамках – бяспека, гігіена працы і дабрабыт работнікаў на ўсіх узроўнях вытворчасці, што будзе спрыяць як зніжэнню вытворчага траўматызму з цяжкімі наступствамі, так і агульнага траўматызму ў цэлым. 7 залатых правілаў “Vision Zero” ведае і выконвае кожны прагрэсіўны кіраўнік: стань лідарам, выяўляй пагрозы, вызначай мэты, стварай сістэму бяспекі і гігіены працы, забяспечвай яе на рабочых месцах, павышай кваліфікацыю, інвестуй у кадры.

– Якія інстанцыі павінен прайсці чалавек, які збіраецца працаваць у газавай службе?

– Усе новапрынятыя работнікі Дзятлаўскага РГЗ праходзяць медыцынскі агляд на прафесійную прыдатнасць, абавязкова першаснае навучанне ў Дзяржаўным інстытуце павышэння кваліфікацыі, якое займае каля двух месяцаў з практыкай на прадпрыемстве. Затым ідзе стажыроўка, праверка ведаў і ўжо тады – допуск да самастойнай работы. І нават пасля гэтага за навічком замацоўваецца больш вопытны куратар, які назірае за працэсам: пераважная большасць работ, якія вядуць нашы работнікі, павышанай небяспекі, таму тут не павінна быць памылак. Пры прыёме на работу нашы супрацоўнікі абавязкова атрымліваюць летнюю і зімовую спецвопратку, сродкі калектыўнай абароны для работы ў катлаванах або на вышыні.

– Якім чынам сам наймальнік удзельнічае ў стварэнні бяспечных умоваў працы?

– Кожны год мы распрацоўваем план мерапрыемстваў па ахове працы. Абсталяванне для спецыяльных работ, транспартны парк таксама своечасова абнаўляюцца на больш сучасныя. Раз на год абавязкова праводзіцца праверка ведаў па  ахове працы, прамысловай бяспецы, раз у тры гады – павышэнне кваліфікацыі.

– Сяргей Уладзіміравіч, ці бываюць у вас пераздачы?

– Рэдка, але здараецца і такое, бо аб’ём ведаў, якія падлягаюць праверцы, дастаткова вялікі. Супрацоўнікі, якія, акрамя газавай службы, маюць дадатковыя допускі па электрабяспецы або іншых відах работ, здаюць дадатковыя экзамены, таксама абавязковая праверка пажарнай бяспекі. Не заўсёды ўдаецца ахапіць такі вялікі аб’ём інфармацыі ў сціслыя тэрміны. Даём шанц давучыць і хутка пераздаць, што паспяхова ўдаецца ўсім. Выпадкаў, калі б чалавек страціў работу з-за няздадзенага экзамена, у гісторыі арганізацыі не было.

– Калі ўсе ўмовы створаны, як кантралюеце выкананне патрабаванняў тэхнікі бяспекі?

– Кантроль – неад’емная частка нашай работы, нягледзячы на тое, што ў Дзятлаўскім РГЗ працуюць пераважна вопытныя кадры. Вядуцца журналы аператыўнага кантролю, якія запаўняюцца кожную раніцу, для ўсіх без выключэння абавязковае медыцынскае асведчанне. У працэсе работы разам з кіраўніцтвам арганізацыі  і грамадскімі інспектарамі (у нашым калектыве іх пяць чалавек) праводзім маніторынгі работы службы на месцах.

– Думаю, многія дзятлаўчане сутыкаліся з такой сітуацыяй, калі работнікі газавай службы прыходзяць для абслугоўвання абсталявання з відэарэгістратарам. У чым яго неабходнасць?

– Відэарэгістратар фіксуе ўсе работы, якія выконваюць нашы супрацоўнікі на аб’екце, каб пры ўзнікненні спрэчнай сітуацыі была магчымасць дэталёва разабрацца. Акрамя таго, гэты маленькі прыбор засцерагае гаспадароў домаўладанняў ад правакацыі канфліктных сітуацый у дачыненні да спецыялістаў, спрыяе спакойнаму дыялогу. Нават калі ўласнікі газавага абсталявання адмаўляюцца ад прапановы весці відэаздымку, работнікі газавай службы могуць запісваць на аўдыяносьбіт інструктаж і ход работ. Усе запісы захоўваюцца ў нашай базе працяглы час, пры неабходнасці да іх можна звярнуцца.

– Дзе паказваюць веды самі інспектары па ахове працы?

– Ужо на працягу больш чым 15 гадоў праводзяцца конкурсы па ахове працы сярод вытворчых упраўленняў УП “Гроднааблгаз”. Для ўдзелу рыхтуем і абараняем перад абласной камісіяй прэзентацыі, дзе адлюстроўваем вытворчыя паказчыкі па ахове працы. Таксама вядзецца адпрацоўка практычных навыкаў, у якой прымаюць удзел усе інжынеры па ахове працы і грамадскія інспектары. Стараемся адпавядаць, амаль заўсёды ўваходзім у тройку лідараў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga