Маршрут з мясцовым каларытам, або Як зацікавіць турыстаў? (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Рэспубліканскі семінар на гасціннай Дзятлаўшчыне.

З турыстычным патэнцыялам і прыроднай прывабнасцю Дзятлаўшчыны, як аднаго з куточкаў Гродзенскага рэгіёна, 15 лістапада знаёмілі ўдзельнікаў выязнога рэспубліканскага семінара для тураператараў, спецыялістаў Міністэрства і Нацыянальнага агенцтва па турызме, экскурсаводаў, гідаў-перакладчыкаў, выкладчыкаў турыстычных дысцыплін, журналістаў.

– Вы палюбіце наш край, бо ён сапраўды ўнікальны па многіх сваіх складальніках, – вітаючы гасцей, паабяцаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. – У апошнія гады мы ўсур’ёз падышлі да развіцця турызму, у тым ліку ўнутранага. Створана каманда аднадумцаў, якая паспяхова рэалізуе новыя праекты, некаторыя з якіх вы сёння пабачыце. Мы заўжды рады гасцям.

Першым свае дзверы перад удзельнікамі семінара адкрыў народны музей “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы, нязменным кіраўніком якога з моманту заснавання і ўжо больш за тры дзесяцігоддзі з’яўляецца Тамара Крывеня – педагог, захоплены краязнаўчымі пошукамі і вывучэннем малавядомых старонак гісторыі не толькі роднага краю, але і краіны ў цэлым. Нягледзячы на тое, што музей створаны яшчэ ў мінулым стагоддзі, ён актыўна развіваецца, бярэ на ўзбраенне сучасныя тэхналогіі. Тут адлічбаваны экспазіцыі, зроблена 3D-панарама, нанесены QR-коды, віртуальная экскурсія даступна і ў інтэрнэт-прасторы. Дзякуючы юным экскурсаводам, госці таксама акунуліся ў трывожную атмасферу пачатку Вялікай Айчыннай вайны, даведаліся гісторыю дзяцей палітэмігрантаў і тых, хто трапіў у новаяльнянскі і дзятлаўскі дзіцячыя прытулкі. Эфект жывой прысутнасці ў той гістарычнай эпосе дапамаглі стварыць відэа-, фота-, музычнае суправаджэнне, элементы тэатралізацыі.

Знаёмства з адметнасцямі раёна, пранізанае мясцовым каларытам, прадоўжыла тэматычная экскурсія “Дарогамі Дзятлаўшчыны” ў суправаджэнні экскурсавода Алены Абрамчык, якая запрасіла ўдзельнікаў семінара ў аграгарадок Дварэц. Першым тут яны наведалі прыгожы мураваны касцёл Божага Цела, пабудаваны ў незвычайным стылі стараннямі мясцовага шляхецкага роду Пратасевічаў і асвечаны ў 1905 годзе. Узводзіць цагляныя касцёлы на той час забаранялася, і мецэнатка Апалінарыя Пратасевіч ездзіла за дазволам аж у Пецярбург. На жаль, яна не дажыла да адкрыцця храма, пахавана на могілках на ўскрайку Дварца, дзе ўсталявана фігура Анёла, якую заказаў для любімай жонкі муж. З помнікам звязана легенда аб тым, што на Нараджэнне Хрыстова Анёл тройчы аблятае паселішча.

Паколькі Дварэц стаіць на рацэ Моўчадзь, гасцей запрасілі на прычал, дзе ім прэзентавалі элементы водна-пешаходнага маршруту “Ад Цара да самавара”, які адкрыў больш мясцовых цікавінак, навучыў танцаваць кракавяк, заклікаў у падарожжа на байдарках і падарыў добрыя прадказанні з салодкім сюрпрызам з прыбярэжнай ялінкі. Дарэчы, загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда адзначыў, што ў наступным годзе наш раён сустрэне свайго тысячнага турыста-байдарачніка.

Ад жыцця мясцовых выбітных родаў перайшлі да побытавай культуры селяніна, пра якую сведчыла аднайменная этнаграфічная экспазіцыя, што дзейнічае ў Дварэцкім доме культуры. А майстар-класы па лозапляценні ад Сяргея Балыкова і ганчарнага майстэрства ад Анатоля Кардаша дапамаглі даведацца, што менавіта ўмелі нашы продкі, самім пабачыць, ці лёгка плесці кошыкі і ляпіць гаршкі, заадно можна было набыць вырабы майстроў. Ніхто не застаўся раўнадушным і да запрашэння народнага тэатра гульні “Суседзі” далучыцца да сюжэтна-гульнявой праграмы “А ў нас на кірмашы” з жартамі, забавамі, жартоўнымі выпрабаваннямі і песнямі.

Наступным прыпынкам удзельнікаў семінара стала прахадная мясцовага прадпрыемства ААТ “Дварэцкі льнозавод”. У час вытворчай экскурсіі па цэхах яны даведаліся, які шлях праходзіць “беларускі шоўк” ад поля да льновалакна, як тут наладжана безадходная вытворчасць з выкарыстаннем ільнотрасты кацельняй прадпрыемства, што гатовая прадукцыя пастаўляецца пераважна на Аршанскі льнокамбінат, Гродзенскі “Гранітэкс”, у Расію, а летась пастаўкі адбываліся нават у Кітай і Чэхію. На заводзе, калі лічыць са Слонімскім і Новаяльнянскім участкамі, працуюць больш за 300 чалавек, прадпрыемства прыбытковае, развіваецца і ўдасканальваецца.

Развітаўшыся з аграгарадком Дварэц, рушылі дарогамі Дзятлаўшчыны да вёскі Цяцейкі, дзе знаходзіцца вядомая і за межамі раёна аграэкасядзіба “Каля Дуба” гаспадароў Сяргея і Жанны Калпінскіх. Прыемна было пазнаёміцца з гэтым маляўнічым куточкам з саджалкай, прычалам, гасцявым домікам, лазняй.

Новы сюрпрыз – пачастункі беларускага меню з мясцовым каларытам – чакаў гасцей у рэстаране “Ліпічанка” горада Дзятлава. Тут наведвальнікам прапаноўваюць не толькі народную кухню, але і вытанчаныя стравы беларускіх магнатаў, такія, як суп з лапшы па-дамашняму, калдуны а-ля Завішы, салат “Вянок”, салодкія бліны з тварожнай мачанкай, грушу па-радзівілаўску і многія іншыя. Заадно ў час абеду ўдзельнікі семінара паглядзелі відэапрэзентацыю турыстычнага патэнцыялу і маршрутаў нашага раёна.

Прыемнай для гасцей стала і прагулка па гістарычным цэнтры нашага горада, якая прывяла іх у касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – помнік архітэктуры ў стылі барока 17 стагоддзя, ініцыятарам узвядзення якога быў вялікі гетман літоўскі Леў Сапега, тагачасны ўладальнік Дзятлава. Гісторыя храма адметная і тым, што ў адной з яго нішаў было замуравана сэрца Мікалая-Фаустына Радзівіла, які ў свой час таксама быў гаспадаром гэтых мясцін, а таксама яго жонкі і сына Ежы.

З гарадскіх вуліц пераехалі на ўлонне прыроды – у домік паляўнічага ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, дзе не толькі прагуляліся па тэрыторыі і ўдосталь нафатаграфаваліся з мясцовымі «дыназаўрамі», але і даведаліся пра паслугі, якія турыстам прапаноўвае лясгас, самыя папулярныя з якіх паляванне і фотапаляванне, а таксама пабачылі відэапрэзентацыі навагодняга экалагічнага квэста “Ключы бабулі Зімы” і ўрачыстага адкрыцця веласіпеднага маршруту “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”. Сапраўдным сюрпрызам для гасцей стала сустрэча з навагоднімі героямі, якая і ў восеньскую непагадзь дапамагла акунуцца ў атмасферу свята.

Апошнімі прыпынкамі сталі “жамчужыны” аздараўленчага турызму на Дзятлаўшчыне – санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, з лячэбнай базай і інфраструктурай якіх госці пазнаёміліся з не меншай цікавасцю.

Вынікі выязнога семінара падвяло пасяджэнне круглага стала на тэму “Развіццё відаў турызму ў Дзятлаўскім раёне”.

Аб ролі рамесніцтва ў развіцці турыстычнай дзейнасці і выкарыстанні прыродных рэсурсаў у стварэнні вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці расказаў мастак-кераміст з Наваельні Анатоль Кардаш, таксама ён разыграў сярод прысутных прыз-падарунак, зроблены сваімі рукамі.

Начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малакоўскі падзякаваў дзятлаўчанам за гасцінны прыём, цікавыя мерапрыемствы, калегам – за плённую работу на працягу дня.

Ігар Кухарэвіч расказаў, намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, што найбольшай папулярнасцю ў турыстаў на Дзятлаўшчыне карыстаюцца санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, усё больш запатрабаванымі становяцца водныя маршруты, карыстаюцца попытам аграэкасядзібы і новыя маршруты.

Дапоўніла тэму галоўны спецыяліст па турызме сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. Зазначыла, што Дзятлаўшчына багата сваёй гісторыяй, тут знаходзяцца 55 аб’ектаў для турыстычнага паказу, некаторыя з якіх ужо ўбачылі госці. У раёне фарміруецца свая турыстычная мадэль. Рэсурсы для яе – прывабліваць цікавымі гістарычнымі мясцінамі, маляўнічай мясцовасцю, культурнымі традыцыямі, рэдкімі раслінамі, выкарыстоўваць розныя віды транспарту. У час семінара былі раскрыты далёка не ўсе таямніцы зямлі дзятлаўскай. Цяпер, напрыклад, работа ідзе над праектам “На ўскрайку Ліпічанскай пушчы, або Накрышская гісторыя”, на больш аддаленую перспектыву намечана стварэнне кластара “Легендамі сівой даўніны: род Стравінскіх”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: