І “зацвітуць” сакавітыя букеты

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Як часта здараецца, што, зайшоўшы ў звычайную вясковую хату, госці з замілаваннем любуюцца сапраўднымі рукатворнымі шэдэўрамі – ручнікамі, пакрываламі, сурвэткамі, ад якіх вее цяплом і даўніной.

Праект “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прадаўжае свае вандроўкі па Дзятлаўшчыне ў пошуках роднага-народнага. На гэты раз Ганна Харлінская, Ірына Бакшук і Марына Варган знайшлі рукатворную прыгажосць у гаспадыні з вёскі Даўгялавічы – Кацярыны Лішык.

Як аказалася, Кацярына Іванаўна даўно “сябруе” з іголкай і кручком, а ў маладосці разам з матуляй ткала прыгожыя пакрывалы, якія беражліва захоўвае да гэтай пары і засцілае на святы.

Тэхніцы вышыўкі гладдзю майстрыха навучылася ў вясковых жанчын старэйшага пакалення яшчэ ў другой палове мінулага стагоддзя, калі ў сельскай мясцовасці была шырока распаўсюджана “мода” на рукатворныя ўпрыгажэнні хатняга інтэр’ера. Яе работы пранізаны каларытам той эпохі, якую, на жаль, у хуткім часе мы можам страціць назаўсёды.

Сярод вырабаў майстрыхі – верхні філігранны белы абрус, звязаны кручком. Нібыта тонкі марозны ўзор, ён пакрывае асноўную настольніцу са звычайнай тканіны, надае ёй урачыстасці, а пакою – утульнасці і прывабнасці. Стол з гэтым самабытным упрыгажэннем уяўляе сабой своеасаблівы “чырвоны кут”, бо на ім выстаўлены іконы і фотаздымкі самых блізкіх і дарагіх людзей – унукаў-праўнукаў.

Убранне канапы – яшчэ адзін плён старанняў Кацярыны Іванаўны. Яе ўпрыгожвае яркае шматкаляровае саматканае пакрывала з кветкамі і сакавітымі палосамі малінавага, жоўтага і зялёнага колераў, а “ізюмінкай” служыць вышываная дарожка, накінутая на спінку. На ёй таксама “расцвітаюць” маляўнічыя рознакаляровыя букеты, але ўжо вышытыя гладдзю. Нібы выява ў люстэрку, яны паўтараюцца тройчы на белым полі тканіны – лічбавы сімвалізм, таксама характэрная рыса нашых продкаў.

Падобнае, але ўжо ў іншым каляровым афармленні, госці заўважылі і на дарожцы, што аздабляе высокі старадаўні ложак і таксама “кампануецца” з саматканым жоўта-карычневым пакрывалам з ружамі і вяночкамі кветак. Праўда, на гэты раз вышыўка гладдзю складаецца з дробных матываў і ў ёй прысутнічае больш элементаў – бутонаў, пялёсткаў, кветачак, лісточкаў. Хоць букеты і паўтараюцца, але на гэты раз яны вышыты кожны ў сваёй каляровай гаме, разам з тым арганічна складваюцца ў адзіны вобразны малюнак.

Ідэальна “ўпісваюцца” ў інтэр’ер хаты і сурвэткі-ражкі, выкананыя ў тэхніках выцінанкі-вышыванкі і ўсё той жа вышыўкі гладдзю.

Кацярына Лішык стварала ўсю гэту прыгажосць у розныя перыяды свайго жыцця і ўклала ў яе не толькі майстэрства і старанне, але і частачку сваёй душы.

Вось чаму ўсё роднае-народнае з’яўляецца яшчэ і такім блізкім, дарагім нашаму сэрцу. Яно – матчын дар, бацькоўскі запавет, тое, што мы “ўпітваем” і запамінаем з ранняга дзяцінства, каб на ўсё жыццё зберагчы ў сваёй свядомасці. Толькі вось ці зможам перадаць дзецям-унукам, уступаючы ў стагоддзе лічбавых тэхналогій? Хочацца, каб і надалей вышыванкі, выцінанкі, шэдэўры ткацтва не гублялі сваёй каштоўнасці і ў любой беларускай сям’і прымаліся, як найлепшы падарунак на вяселле ці наваселле.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga