Дзе ёлачцы падзецца? Як у Казлоўшчыне шукалі навагодні кампраміс

Галоўнае Грамадства

Новы год – асаблівае свята, якое зараджае ўсіх энергіяй на наступныя 12 месяцаў.

Рыхтавацца да яго ўсе пачынаюць загадзя, як мінімум за месяц-паўтара. Аднак разам з мітуснёй і прыемнымі клопатамі час ад часу ўсплываюць справы і праблемы, якія перашкаджаюць настрою быць па-сапраўднаму святочным. З такой нагодай у рэдакцыю газеты “Перамога” звярнулася жыхарка пасёлка Казлоўшчына Ларыса Горбач.

Яна выказала ўласнае меркаванне, якое падтрымалі пасялкоўцы, аб тым, што без навагодняй ёлкі, якая з сівых часоў устанаўлівалася ў цэнтры Казлоўшчыны, а з некаторага часу страціла сваю прапіску і “пераехала” да цяперашняга будынка Дома культуры, свята ў населеным пункце зусім не адчуваецца. Ларыса Анатольеўна, якая разам з мужам Яўгенам Іванавічам, гісторыкам і фатографам-аматарам, захоўвае гісторыю і традыцыі сваёй роднай зямлі, не змірылася з гэтым і заклікала землякоў да грамадскага дыялога праз пост у сацыяльнай сетцы “Одноклассники”.

– У навагоднія вечары зайдзі на плошчу Казлоўшчыны і не скажаш, што знаходзішся ў цэнтры гарадскога пасёлка. Сумнае відовішча разбаўляе адзінокая фігура, якая “начуе” каля абеліска. Калі ёлка так перашкаджала аўтамабілям, можна было, як варыянт, перанесці яе далей за тратуар. А аматары карагодаў маглі б схадзіць да ёлкі каля Дома культуры, – напісала яна.

З таго часу, калі ёлку выдалілі з пасялковай плошчы, мінула пяць гадоў. Дэмантаж быў зроблены на аснове пісьмовага прадпісання дзяржаўтаінспекцыі, якое адназначна заяўляла: навагодняй ёлцы на праезнай частцы не месца.

За месяц да Новага года “ёлачнае” пытанне стала нагодай зноў сабрацца на казлоўшчынскай зямлі. На сустрэчу прыбылі намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка, начальнік міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў Аляксандр Цвікевіч і супрацоўнікі інспекцыі, начальнік Казлоўшчынскага ўчастка РУП ЖКГ Віктар Цярэшка, а таксама Ларыса і Яўген Горбачы.

– Няхай будзе ёлка каля Дома культуры, як і цяпер, ніхто не супраць гэтага, – пачаў размову Яўген Іванавіч, абгрунтоўваючы сваю пазіцыю. – Але ў цэнтры пасёлка, дзе калісьці ўпрыгожанае дрэва давала ўсім навагодні настрой, цяпер зусім не па-святочнаму.

Аляксандр Цвікевіч нагадаў, што навагодняя ёлка – аб’ект, які пастаянна прыцягвае ўвагу дзяцей і дарослых, і калі ён знаходзіцца на праезнай частцы, становіцца патэнцыяльна небяспечным для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Можна перакрыць рух у цэнтры пасёлка ў навагоднюю ноч, але немагчыма гэта зрабіць на ўвесь перыяд святкаванняў. На аргумент пасялкоўцаў аб тым, што ёлка тут стаяла спакон вякоў, начальнік інспекцыі заўважыў, што парушаць закон і падвяргаць людзей небяспецы ні ён, ні хто іншы не мае права.

– Усё можа абыходзіцца і праходзіць спакойна гадамі і нават дзесяцігоддзямі, але, калі адбудзецца здарэнне, якое мы не папярэдзілі, надыдзе пакаранне, – адзначыў Аляксандр Іванавіч.
З вопыту работы ў міжраённым аддзеле ДАІ ён расказаў, што суседнія з намі Зэльвенскі і Слонімскі раёны не маюць аналагічнай праблемы па той прычыне, што там устанаўліваецца толькі адно галоўнае раённае дрэва, як правіла, у месцы, далёкім ад праезнай часткі.

Яўген Горбач прапанаваў шукаць кампраміс, і калі правілы дарожнага руху адназначна супраць ёлкі на плошчы, размясціць яе непадалёку, побач з адкрытым нядаўна арэндным жыллём.

– Не абавязкова побач з ёю праводзіць гулянні або вадзіць карагоды, масавыя мерапрыемствы, як і летась, пройдуць побач з Домам культуры, – выказаў меркаванне ён.

– Хачу заўважыць, што месца ўстаноўкі навагодняй ёлкі – не адзінаасобнае рашэнне, якое можаце прыняць вы або я, – парыраваў Вадзім Бялятка. – Яно было вынесена калегіяльна на пасяджэнні сесіі Савета дэпутатаў і не можа быць зменена толькі таму, што сімвал Новага года павінен размяшчацца “тут” або “там”.

Вадзім Аляксандравіч нагадаў, што любыя пытанні вырашаюцца згодна з беларускім заканадаўствам, тэхнічнымі магчымасцямі і, адназначна, не за месяц да святаў. Прапанову Горбачаў аб пераносе ёлкі на месца паблізу плошчы пакуль ажыццявіць нерэальна, паколькі высокае дрэва нельга ўсталёўваць без бетоннага фундамента, а гэта справа не аднаго дня. Таму ў гэтым годзе адназначна ўсе ёлкі ў Казлоўшчыне застануцца на сваіх мінулагодніх месцах (традыцыйна навагоднія дрэвы ўпрыгожваюцца каля Дома культуры і будынка сельвыканкама). Аднак святочную атмасферу паспрабуюць стварыць, дадаўшы ў цэнтры пасёлка навагодняй ілюмінацыі і дэкору. На перспектыву старшыня сельвыканкама прапанаваў, як адзін з варыянтаў выхаду з сітуацыі, пасадзіць побач з плошчай у Казлоўшчыне жывую елку, якая праз 5-7 гадоў стане дастойным “стацыянарным” навагоднім дрэвам.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga