Цікава аб важным для Радзімы

Важнае Грамадства

Выязны ўрок патрыятычнага выхавання з прафарыентацыяй для старшакласнікаў Дварэцкай сярэдняй школы прайшоў у ваенным камісарыяце Дзятлаўскага раёна.

Ваенны камісар Генадзь Суравец расказаў дзецям, што ваенкамат – гэта орган ваеннага кіравання. У мірны час ён займаецца ваенна-мабілізацыйнай і ўлікова-прызыўной работай, пытаннямі сацыяльнага забеспячэння грамадзян – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, ліквідатараў наступстваў на ЧАЭС, некаторых іншых катэгорый. Заснаваны ён быў 12 ліпеня 1944 года, праз некалькі дзён пасля вызвалення Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Каб навучэнцы больш наглядна азнаёміліся з работай установы і, магчыма, задумаліся аб выбары ваеннай спецыяльнасці, Генадзь Тадэвушавіч правёў для іх невялікую экскурсію па кабінетах. Пачалася яна з памяшканняў для дактароў, медыцынскі агляд у якіх праходзяць будучыя прызыўнікі раёна. Наступнай госці наведалі групу прызыву, дзе знаходзяцца ўліковыя карткі юнакоў з 16 гадоў, якім у будучым належыць праходзіць тэрміновую службу ў арміі. Спыніліся і каля стэнда “Служаць дастойна” з фотаздымкамі землякоў, якія вылучыліся ўзорнай дысцыплінай і паводзінамі пры праходжанні службы. На другім паверсе не прайшлі міма партрэтаў і кароткіх біяграфій былых ваенных камісараў нашага раёна, лёсы якіх упісаны ў гісторыю ваеннага камісарыята. Наведалі і кабінет, дзе захоўваюцца ўліковыя карткі ваеннаабавязаных, якія састаяць у запасе, тут жа вядзецца ўлік тэхнікі раёна, патрэбнай для забеспячэння войскаў. Генадзь Суравец расказаў старшакласнікам, што якраз цяпер выконваецца задача, пастаўленая Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляецца зверка ўсіх уліковых даных ваеннаабавязаных, якія знаходзяцца на воінскім уліку.

Генадзь Тадэвушавіч таксама расказаў аб перавагах ваеннай прафесіі. Больш падрабязна спыніўся на паступленні ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, курсантамі якой могуць станавіцца і дзяўчаты. Сярод абавязковых патрабаванняў – стан здароўя і паспяховасць у вучобе. А вось “плюсы” навучання ў акадэміі – гэта грашовае забеспячэнне курсантаў, бясплатныя пражыванне, харчаванне, абмундзіраванне. Па заканчэнні дзяржавай прадугледжаны шэраг ільготаў і перавагаў для афіцэраў, у тым ліку льготнае крэдытаванне на будаўніцтва жылля, выхад на пенсію ў 48 гадоў. Дзецям раздалі тэматычныя брашуры з больш падрабязнай інфармацыяй аб установах адукацыі, дзе вучаць ваенным спецыяльнасцям.

Нямала цікавага чакала старшакласнікаў і на падворку ваеннага камісарыята. Тут яны спыніліся каля алеі памяці ў гонар ваенных камісараў раёна, пафатаграфаваліся на памяць.

Будзем спадзявацца, што гэты выязны ўрок патрыятычнага выхавання пакіне свой адбітак у сэрцах школьнікаў. І нават калі яны не выберуць для сябе ваенную прафесію, то будуць дастойнымі патрыётамі Радзімы, а юнакі – годна адслужаць у арміі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga