Выдатная магчымасць паказаць турыстычны патэнцыял і прыродную прывабнасць Дзятлаўшчыны, як аднаго з куточкаў Гродзенскага рэгіёна, выдасца сёлета 15 лістапада.
У гэты дзень на базе нашага раёна пройдзе выязны рэспубліканскі семінар тураператараў, спецыялістаў Міністэрства і Нацыянальнага агенцтва па турызме, экскурсаводаў, гідаў-перакладчыкаў, выкладчыкаў турыстычных дысцыплін, журналістаў.
Каб якасна падрыхтавацца да сустрэчы гасцей, пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча прайшла рабочая нарада з прадстаўнікамі арганізацый, установаў і суб’ектаў аграэкатурызму Дзятлаўшчыны.
– Праграма семінара ўжо распрацавана і ўключае ў сябе каля двух дзясяткаў аб’ектаў для наведвання, – адзначыў Ігар Кухарэвіч. – На Дзятлаўшчыне шмат робіцца для развіцця турызму, і наша першачарговая задача – прадэманстраваць турыстычны патэнцыял раёна, каб прывабіць сюды больш гасцей. Тураператары, якія прымуць удзел у семінары, змогуць ацаніць мясцовы каларыт, адметнасці распрацаваных маршрутаў, базу турпаслугаў і адпачынку, каб у далейшым уключаць наш раён у свае маршруты.
Госці наведаюць гарадскі пасёлак Наваельня, аграгарадок Дварэц, аграэкасядзібу “Каля Дуба” ў Цяцейках, горад Дзятлава, домік паляўнічага ў Вензаўцы, сядзібу Дамейкаў у Жыбартоўшчыне, пазнаёмяцца з лячэбнай базай санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”, а заадно атрымаюць рэкламную друкаваную прадукцыю аб розных відах адпачынку на Дзятлаўшчыне.
На працягу маршруту яго ўдзельнікаў будзе суправаджаць экскурсавод Алена Абрамчык. У праграму ўключаны майстар-класы, выставы-продажы сувенірнай прадукцыі, элементы анімацыі, відэапрэзентацыі лепшых квэстаў і турыстычных маршрутаў, якія ўжо апрабавалі і ацанілі жыхары нашага раёна.
У рамках гастранамічнага напрамку госці наведаюць рэстаран “Ліпічанка”, дзе пакаштуюць стравы нацыянальнай кухні, сярод якіх будуць і пачастункі з мясцовым каларытам – “Калдуны а-ля Завішы” і дэсерт “Салодкія блінчыкі з тварожнай мачанкай і радзівілаўскай грушай”.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga