Сціплы супергерой

Галоўнае Грамадства

Хто такі сапраўдны мужчына, герой нашага часу?

Магчыма, той, хто дасягнуў неверагодных поспехаў у кар’еры або творчасці, зарабіў вялікі капітал або праславіўся іншым чынам. Насамрэч, усё прасцей: лепшы мужчына ў свеце – той, які робіць па-сапраўднаму шчаслівай сваю любімую жанчыну і сям’ю. З нагоды надыходзячага Дня бацькі хочацца пазнаёміць вас з такім  чалавекам, мужам, татам, электраманцёрам Дзятлаўскага РЭС Іванам Гуговічам.

Нядаўна яны разам з жонкай Марынай Эдвардаўнай, дырэктарам Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, наведалі ў Гродне ўрачысты прыём старшыні аблвыканкама Уладзіміра Караніка, прысвечаны Дню маці, Дню бацькі і тыдню бацькоўскай любові ў Беларусі. 20 выдатных сем’яў Гродзеншчыны гасцінна сустрэлі ў галерэі Тызенгаўза, дзе для гасцей правялі выставу, канцэрт, экскурсіі і цырымонію ўшанавання душэўнымі размовамі ў цёплай атмасферы. Кожная сям’я дзялілася сваёй гісторыяй і сакрэтамі шчасця. Марына Гуговіч узгадвае мудрыя словы, агучаныя адным з гасцей, Ігарам Доўнарам, з вялікай медыцынскай дынастыі з 212-гадовай гісторыяй:

– Каб мама не згарэла на рабоце і бытавых клопатах, побач павінен быць бацька сям’і – яе апора і падтрымка, – агучвае яна.

Сям’я – пастаянная карпатлівая работа

Марына Эдвардаўна знайшла такога мужчыну ў асобе свайго земляка, дзятлаўчаніна Івана Гуговіча. У 2024 годзе іх сямейнаму шчасцю споўніцца два дзесяцігоддзі.

– Я ведала, што ў нашым горадзе ёсць такі Іван, а ён ведаў, што я Марына, але нашы жыццёвыя сцяжынкі ішлі кожная ў сваім напрамку, пакуль не перасекліся на курсах ваджэння ў дзятлаўскім ДТСААФ, – расказвае жанчына.

Яна ўзгадвае, як усё пачалося з сумесных заняткаў па суботах і нядзелях, паспяхова здадзеных экзаменаў на вадзіцеля, якія прадоўжыліся сапраўднымі рамантычнымі адносінамі, “цукеркава-букетным” перыядам, што праз год прывёў двух дарослых людзей да лагічнага прадаўжэння – стварэння новай сям’і.

– Мы марылі жыць самастойна, сваёй сям’ёй. Гэта аказалася вельмі няпроста, але мы справіліся, – узгадвае Марына Гуговіч.

Маладажоны набылі кватэру ў райцэнтры, дзе нарадзіўся іх першынец Аляксандр. Жыццё склалася так, што Марыне Эдвардаўне давялося нядоўга пабыць у дэкрэтным адпачынку: сын быў яшчэ зусім маленькім, калі вярнулася на работу ў раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі спачатку спецыялістам, а праз два гады – дырэктарам.

Гэта стала няпростым выпрабаваннем для жанчыны і яе сям’і: пакуль яна была на рабоце, з немаўляткам заставаліся дома мама або свякроў, вельмі дапамагалі блізкія. А пасля напружанага працоўнага дня сама матуля пагружалася ў хатнія клопаты, час ад часу бяссонныя трывожныя ночы, што і ва ўсіх бацькоў немаўлят. Тут яе ратаваў любімы муж, які імкнуўся дапамагчы ў любых справах, каб жанчына магла больш адпачыць. А раніцай яны зноў абое ішлі працаваць.

Вялікай падзеяй для маладога дырэктара цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі стаў пераезд у 2009 годзе ў новы будынак, узведзены па праекце яе таты. Каб “абжыцца” на новым месцы, зрабіць яго па-сапраўднаму ўтульным для будучых навучэнцаў, працаваў увесь калектыў установы. І, як заўжды, сваю жонку падтрымліваў яе галоўны мужчына – майстар з залатымі рукамі Іван Гуговіч. Сёння педагагічная ўстанова мае істотныя поспехі на абласным узроўні, займаецца суправаджэннем дзяцей з псіхафізічныямі асаблівасцямі з усяго раёна.  Тут працуюць сапраўды моцныя духам людзі, якія, напэўна, не справіліся б без падтрымкі сваіх сем’яў.

Праз год у Марыны і Івана Гуговічаў нарадзіўся сын Дзяніс, цяпер шасцікласнік сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, а яшчэ праз пяць – дачушка Дар’я, якая сёлета пайшла ў першы клас гімназіі № 1. Старэйшы Аляксандр – ужо першакурснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. За гэты час сям’я набыла ўласны дом, дзе імкнецца стварыць такія ўмовы, якія будуць падабацца ўсім яго жыхарам: Іван Іванавіч займаецца рэалізацыяй крэатыўных ідэй у рамонце, майструе, не шкадуючы вольнага часу для ўтульнасці ў сямейным гняздзечку. За гады разам Гуговічы вынайшлі сваю формулу сямейнага шчасця:

– Наша сям’я трымаецца на сваіх трох кітах, усе яны звязаны з працай, – расказвае Марына Эдвардаўна. – Па-першае, гэта фізічная праца, якая вельмі збліжае. Мы шмат працуем, робім гэта разам і ніколі не дзелім хатнія клопаты на свае і не свае. Па-другое, духоўная работа: выхаванне нашых дзяцей, у якім мы з мужам прытрымліваемся адной лініі. Па-трэцяе, інтэлектуальная праца: стараюся не пакідаць самаразвіццё, і мая другая палавінка мяне шчыра ў гэтым падтрымлівае. Работа кіраўніка вельмі няпростая, немагчыма да канца расслабіцца і не думаць пра яе ні на хвіліну. Я вельмі ўдзячная, што  ў маім жыцці ёсць чалавек, які ўсё разумее, прымае мяне такую, якая я ёсць, з’яўляецца сапраўднай апорай усёй нашай сям’і.

З цеплынёй, павагай і любоўю Марына Гуговіч гаворыць пра таго, каму прысвячаецца новае дзяржаўнае свята, – любага і тату сваіх дзяцей Івана Іванавіча:

– Мой муж – мой сябар, чалавек, які матэрыяльна забяспечвае, можа вырашыць усе гаспадарчыя пытанні, спадарожнік літаральна ва ўсім. Мы нават у магазін адзін без аднаго не ходзім! Ён сапраўдны аўтарытэт для сыноў: там, дзе нешта не атрымліваецца ў мяне, адно яго слова вырашае ўсе пытанні. Ён можа “падстрахаваць” і пайсці на бацькоўскі сход, – усміхаецца жанчына. – Ганаруся тым, што сярод штодзённых праблем і заняткаў ён знаходзіць час для клопату і аб сваёй пажылой матулі. Наша жыццё зусім не лёгкае, але з такім мужчынам можна ўсё пераадолець.

Сям’я – цэнтр Сусвету

Іван Гуговіч – надзейны сем’янін, адказны работнік, які ніколі не шукае славы або прызнання, нават сярод сваіх блізкіх не вылучае асаблівую ролю гаспадара сям’і. Ён імкнецца як мага больш паспець зрабіць ва ўласным доме, падтрымаць жонку, з’яўляецца самым актыўным балельшчыкам за поспехі сваіх дзяцей, суправаджае і перажывае за іх на выступленнях, конкурсах, мерапрыемствах.

Ён сам аддаў старэйшага сына ў футбольную секцыю, дапамог Аляксандру дасягнуць значных поспехаў у спорце. Бацькі далі сыну ўсё, што ад іх залежала: у школьныя гады ён наведваў спецыялізаваныя летнікі па вывучэнні англійскай мовы, футболе.

Дзяніс увабраў матуліны гены і стаў таленавітым музыкантам. У яго скарбонцы мноства ўзнагарод ад раённых да міжнародных, стыпендыі прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адоранай моладзі. Марына Эдвардаўна, якая мае адукацыю педагога музыкі, пільна сочыць за заняткамі сына, а Іван Іванавіч ганарыцца сваімі блізкімі і аказвае “тэхнічную” падтрымку.

У маленькай Дар’і ўсе дасягненні яшчэ наперадзе. А ў тым, што яны будуць, пры такой любові і клопаце бацькоў нават сумнявацца не даводзіцца.

– Па выхаванні дачкі ў нас галоўная мама, – расказвае мужчына. –  А я больш пешчу, аберагаю нашу маленькую прынцэсу.

Іван Гуговіч з невялікім шкадаваннем кажа, што пакуль клопаты пра дом забіраюць час і сродкі, не дазваляючы падарожнічаць з сям’ёй, дзе хочацца. Але ўжо на будучы год ён мае намер выправіць сітуацыю: паабяцаў жонцы, што пачнуць яны з турпаездак па Беларусі.

– Некалі са старэйшым сынам ездзілі ў Белавежскую пушчу, Мірскі замак, Нясвіж, Мінск, – узгадвае Іван Іванавіч. – Цяпер хочам разам з сям’ёй пабачыць сучасныя Гомель, Магілёў і іншыя беларускія гарады. Рады за сваіх дзяцей, што яны растуць такімі цудоўнымі.

Тое, што ў беларускім календары цяпер ёсць Дзень бацькі, Іван Іванавіч ухваляе і падтрымлівае:

– З’явілася яшчэ адна добрая магчымасць павіншаваць мужчын, узгадаць іх важнасць, – разважае ён. – Усіх татаў, дзядуляў, мужчын віншую са святам. Жадаю моцнага здароўя, новых нагодаў радавацца за сваю сям’ю.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, з архіва сям’і Гуговічаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga