Заслужаныя ўзнагароды напярэдадні прафесійнага свята атрымалі работнікі дарожнай галіны

Важнае Улада

Па добрай традыцыі напярэдадні прафесійнага свята ў калектыве Дзятлаўскага ДРБУ-119 прайшоў урачысты сход.

Яго наведалі старшыні райвыканкама Андрэй Садоўскі і раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, каб павіншаваць работнікаў галіны і ўручыць заслужаныя ўзнагароды.

Андрэй Садоўскі выказаў падзяку работнікам дарожнай галіны за плённую працу і высокі прафесіяналізм:

– Надыходзячае свята аўтамабілістаў і дарожнікаў закранае 60 % насельніцтва, практычна ўсе мы з’яўляемся аўтамабілістамі. Але ў большай ступені гэта свята адносіцца да вашай службы, дзякуючы якой кожны вадзіцель адчувае сябе камфортна на дарогах Дзятлаўшчыны, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Высокая якасць дарог, своечасовае выкананне вытворчых паказчыкаў – заслуга вашага зладжанага працавітага калектыву. Хачу пажадаць вам моцнага здароўя, удачы, цярпення, дабрабыту, як мага больш добрых слоў на адрас вашай службы ад удзячных землякоў. Вы іх дастойны!

Андрэй Уладзіміравіч уручыў Ганаровую грамату Гродзенскага аблвыканкама начальніку ДРБУ-119 Дзмітрыю Мазалю, а таксама раённыя ўзнагароды за шматгадовую плённую працу, поспехі ў выкананні вытворчых заданняў і ў сувязі з прафесійным святам калектыву прадпрыемства. Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны механік (загадчык гаража) Дзмітрый Ярмаловіч, майстар Валерый Дубовік, Падзячнымі лістамі старшыні Дзятлаўскага райвыканкама – машыніст катка самаходнага Уладзімір Гуговіч, асфальтабетоншчык Аляксандр Дубовіч.

Да слоў віншавання далучыўся Аляксандр Бараноўскі, пажадаў, каб работа ладзілася, дома чакаў надзейны тыл, здароўя і дабрабыту ў нашай мірнай краіне. Аляксандр Станіслававіч уручыў дарожнікам заслужаныя ўзнагароды: Ганаровую грамату Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў – начальніку ДРБУ-119 Дзмітрыю Мазалю, Падзячны ліст старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў – вадзіцелю аўтамабіля Віктару Мікульскаму.

Дзмітрый Мазоль таксама павітаў калег па працы і выказаў пажаданні:

– Няхай ваша праца дае выдатныя вынікі, роўныя і гладкія дарогі вядуць да дасягнення мэтаў і запаветных мараў. Здароўя, поспехаў вам і вашым сем’ям, мірнага неба над галавой!

Ён уручыў Ганаровую грамату КУП “Гроднааблдарбуд” начальніку аддзела механізацыі Віктару Чачотку.

Кіраўнік прафсаюзнага камітэта Лілія Бельская адзначыла Падзякай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДРБУ-119 работнікаў прадпрыемства, якія прымаюць актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці калектыву – Дзмітрыя Шундрыка і Ніну Варган.

Кожны работнік ДРБУ-119 атрымаў грашовую прэмію ад арганізацыі, а таксама прыемны сюрпрыз ад прафсаюзнага камітэта.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: