Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх.
Па выніках сацыяльных расследаванняў 6 дзяцей з 3 сем’яў прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы, з адной сям’ёй работа прадоўжана, яшчэ адна – знята з уліку. Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прынялі рашэнне аб прызнанні дваіх дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне; разгледзелі адміністрацыйную справу за несуправаджэнне ў позні час; пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на непаўналетніх, якія не дасягнулі ўзросту адказнасці; пастанову аб спыненні праверкі па факце крадзяжу; зварот прафесійна-тэхнічнага ліцэя па вырашэнні пытання аб далейшым навучанні па спецыяльнасці непаўналетняга жыхара раёна.
Гарэлка – дрэнны сябар
Шлюб паміж бацькамі ў сацыяльна ненадзейнай сям’і не зарэгістраваны, тым не менш тут гадуюцца двое непаўналетніх дзяцей, у тым ліку немаўля 2022 года нараджэння. Сям’я жыве са сваякамі маці, бо з ранейшай кватэры, якую выдзяляла бацьку гаспадарка, яны былі выселены з-за звальнення мужчыны і значнай запазычанасці за электраэнергію і камунальныя паслугі, якія і цяпер аплачаны не поўнасцю.
Аднак дзеці аказаліся ў сацыяльна ненадзейным становішчы не з-за гэтага, а з-за “сяброўства” маці са спіртнымі напоямі. Не адстае ад жанчыны і сужыцель, ён нават дадумаўся прыйсці нецвярозым на мінулае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, за што быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Паміж дарослымі ўзнікаюць канфлікты, жанчыне з дзецьмі нават даводзілася сыходзіць з дому ноччу. На мінулым пасяджэнні ёй далі рэкамендацыю звярнуцца па дапамогу да доктара-нарколага і вырашыць канфлікты са сваякамі. На жаль, маці не выканала парадаў, наадварот, часта пакідае дзяцей на родных, не надае ім належнай увагі, як і ўласнаму здароўю, хоць з’яўляецца цяжарнай. Сітуацыя ў сям’і пагаршаецца, таму члены камісіі прынялі рашэнне прызнаць непаўналетніх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Цяпер у іх бацькоў будзе паўгода на тое, каб задумацца: прадаўжаць асацыяльны лад жыцця і быць пазбаўленымі правоў на дзяцей або заслужыць права іх вярнуць.
Сем’і розныя – праблемы падобныя
Па выніках сацыяльных расследаванняў членамі каардынацыйнага савета прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы 6 дзяцей з 3 сем’яў раёна. Праблемы падобныя: ва ўсіх сем’ях выяўлена праблема – злоўжыванне спіртнымі напоямі, прычым у дзвюх гэта больш датычыцца менавіта жанчын, у трэцяй абодва бацькі напярэдадні пасяджэння каардынацыйнага савета прайшлі кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці.
Тым не менш сітуацыя патрабуе далейшага кантролю і работы службаў прафілактыкі, а таму з кожнай сям’ёй будзе рэалізоўвацца індывідуальны план работы спецыялістаў службаў прафілактыкі па вырашэнні праблем сацыяльнага недабрабыту. Пазней гэту работу зноў прааналізуюць на пасяджэнні каардынацыйнага савета.
Проста сябар запрасіў
Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама разгледзела пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на траіх хлопчыкаў, якія не дасягнулі ўзросту адказнасці.
З заявай у міліцыю звярнулася гаспадыня нежылога дома, якая пры яго наведванні заўважыла непарадак і адсутнасць некаторых цацак і рэчаў. Жанчына хавала ключ “ва ўмоўным месцы”, таму западозрыла, што ім скарысталіся.
Як высветлілася, пагасцявалі ў доме сябры яе ўнука, які і запрасіў хлопчыкаў паглядзець хату. З сабой яны ўзялі, што спадабалася, не атрымаўшы за гэта заўвагі ад сябра. Пазней гаспадыня рэчаў звярнулася да матуляў нязваных гасцей з прапановай аплаціць урон. Дзве жанчыны згадзіліся на яе ўмовы і выплацілі запатрабаваную суму, яшчэ адна аддала не ўсе грошы, з-за чаго заява і паступіла ў міліцыю.
Прававая ацэнка гэтай сітуацыі яшчэ будзе дадзена, а вось дзецям на пасяджэнні камісіі патлумачылі, чаму нельга з дазволу равесніка браць чужыя рэчы.
Памыліўся з выбарам прафесіі
Разгледзела камісія па справах непаўналетніх райвыканкама і зварот прафесійна-тэхнічнага ліцэя па вырашэнні пытання аб далейшым навучанні па спецыяльнасці непаўналетняга жыхара нашага раёна. З верасня хлопец не прыступіў да заняткаў, хоць характарызуецца станоўча і па вучобе раней пытанняў не ўзнікала. Замест ліцэя наш малады зямляк выбраў работу ў адной з арганізацый раёна. Сваё рашэнне тлумачыць тым, што не спадабалася спецыяльнасць, а магчымасць зарабляць грошы ёсць ужо цяпер.
Члены камісіі расказалі маці непаўналетняга, што неабходна прадаставіць даведку аб працаўладкаванні ў ліцэй, а пасля ўжо прымаць канчатковае рашэнне аб адлічэнні. Праўда, згодна з абноўленым заканадаўствам цяпер кожны грамадзянін Беларусі павінен мець абавязковую агульную сярэднюю адукацыю, а наш зямляк паступаў пасля 9 класаў, таму ў далейшым да яго могуць узнікнуць пытанні.
Думалі, што злодзей, аказалася – сын
Вынікам расследавання чарговага крадзяжу стала пастанова аб спыненні праверкі па яго факце, паколькі пацярпелыя забралі сваю заяву з міліцыі. Як аказалася, значную суму грошай з дому вынес іх непаўналетні сын, а не сябры хлопца, як меркавалі бацькі, звяртаючыся да праваахоўнікаў.
Нягледзячы на тое, што ўсе абставіны справы высветліліся, хлопца, з якім раней ужо праводзілася работа службаў прафілактыкі, запрасілі разам з бацькамі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх.
Падлетак расказаў, што дамашнія зберажэнні ён вырашыў патраціць на адпачынак. Для гэтага на таксі накіраваўся ў санаторый “Радон”, гуляў там, катаўся на электрамашынках, набываў прысмакі. Астатак сумы хлопец схаваў у лясным масіве.
Зразумела, што такія паводзіны юнака не свавольства, а крадзеж, адно ўратавала: бацькі не стануць падаваць у суд на ўласнага сына, а вось праваахоўнікам давялося сур’ёзна папрацаваць, каб высветліць усе акалічнасці справы.
Цяпер з хлопцам праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, ён папярэджаны, што трэцяе супрацьпраўнае дзеянне ўжо можа прывесці яго ў спецыялізаваную закрытую навучальную ўстанову.
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga