Па чым каўбасы для народа?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

6 кастрычніка пабачылі свет Дырэктыва Прэзідэнта Беларусі № 10 “Аб недапушчальнасці росту цэн” і пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 669 “Аб часовых мерах па стабілізацыі цэн”, згодна з якімі ўладальнікам гандлёвых аб’ектаў забараняецца павышаць цэны на тавары і паслугі, яны “замарожаны” па стане на 5 кастрычніка.

Каб пракантраляваць, як аб’екты гандлю выконваюць прадпісанае ў заканадаўстве, працуюць маніторынгавыя групы, у якія ўваходзяць прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, аддзелаў эканомікі і Камітэта дзяржкантролю.

Гэтым разам грамадскія інспектары – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык і першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык – наведалі фірменныя магазіны ААТ “Птушкафабрыка “Дружба” і ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, узброіўшыся прэйскурантамі цэн на 5 кастрычніка, прадастаўленымі самімі вытворцамі. Праверка вялася згодна з пералікам па больш чым 50 пазіцыях і паказала, што у абодвух магазінах не выяўлена парушэнняў заканадаўства ў цэнаўтварэнні.

– З першых дзён дзеяння пастановы прафсаюзы раёна ўключыліся ў працэс маніторынгу цэн. За гэты час ужо наведалі 7 аб’ектаў гандлю рознай формы ўласнасці. Вынікі работы прадастаўляем у аддзел эканомікі райвыканкама і Камітэт дзяржкантролю, якія робяць выснову, – расказаў Валерый Вячаслававіч.

Кацярына Хілімончык адзначыла, што для моладзі, якая толькі пачынае свой працоўны шлях, прымальныя цэны на харчовыя тавары вельмі актуальныя:

– Як лідара моладзевай арганізацыі, мяне сур’ёзна непакоіць рост цэн, асабліва на харчовыя тавары. Маладыя спецыялісты прыходзяць на Дзятлаўшчыну на сваё першае працоўнае месца. Зразумела, што з першых дзён без стажу і кваліфікацыі яны не заўсёды атрымліваюць вялікі заробак. Дзяржава дапамагае маладым з жыллём, недзе – з мэбляй і бытавой тэхнікай на льготных умовах. Аднак напаўняць свой харчовы кошык – справа саміх маладых людзей. Разам з імі мы зацікаўлены, каб цэны на прадукты былі даступныя для розных катэгорый насельніцтва раёна.

Па словах Валерыя Макарчыка, маніторынг паказаў: суб’екты ўласнасці, самі прадаўцы знаёмы з дадзенай пастановай і мерамі ўздзеяння да парушальнікаў, строга яе прытрымліваюцца. У бліжэйшы час грамадскія маніторынгі будуць прадоўжаны.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga