Ужо з раніцы 28 кастрычніка можна было ўбачыць ажыўленне на вуліцах Дзятлава: на свае аб’екты па навядзенні парадку спяшаліся людзі з розных куткоў горада з граблямі, венікамі і ў рабочай форме.
У гарадскім парку па вуліцы Міцкевіча асабліва шматлюдна: тут дружна і вялікай талакой працуюць разам супрацоўнікі ўсіх аддзелаў райвыканкама, Дзятлаўскіх РАНС, раёна газазабеспячэння, РУП ЖКГ. Іх задача – навесці чысціню: падгрэбці апалае лісце, сабраць галіны і смецце, загрузіць усё гэта на тэхніку камунгаса. Гул трактароў і рабочых інструментаў перамешваецца з вясёлымі воклічамі і смехам працуючых. І хоць надвор’е выдалася не зусім спрыяльнае, туманнае і сырое, але і яно не можа сапсаваць бадзёры настрой і пагоршыць працоўны азарт.
Спяшаемся далей. То тут, то там у горадзе бачым купкі працуючых. Сваю тэрыторыю прыбіраюць работнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Побач сваю мужчынскую дапамогу аказваюць работнікі Белтэлекама, зносяць мяшкі з лісцем, каб хутчэй і прасцей можна было пад’ехаць трактару.Самы складаны ўчастак тут дастаўся работнікам Дзятлаўскай ветстанцыі. Нешматлікім, але згуртаваным калектывам яны ачышчаюць тэрыторыю ад параснікаў і кустоўя, узброіўшыся піламі і сякерай. Але гэта не ўвесь калектыў ветстанцыі – астатнія прыбіраюць тэрыторыю каля сваёй арганізацыі. Не адстаюць ад іх і працоўныя калектывы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, раённага Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый.
У гарадскім скверы па вуліцы Слонімскай уключыліся ў восеньскія мерапрыемствы па добраўпарадкаванні прадстаўнікі працоўных калектываўДзятлаўскіх РЭС, ДРБУ-119 і лясгаса. Аб’ём работы ўнушальны: высокая трава, шмат лісця, тэрыторыя моцна зарасла маладымі парасткамі дрэў, хоць тут і не раз іх высякалі ў час папярэдніх суботнікаў, але моцныя рукі і спрыт не баяцца ніякіх цяжкасцяў.
Актыўна ўзяліся за работу і ўсе ўстановы адукацыі райцэнтра: школьнікі ачысцілі ад лісця свае прышкольныя тэрыторыі, а навучэнцы 9-х класаў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава разам з дырэктарам установы і класнымі кіраўнікамі навялі парадак каля абеліска Славы.
Бясспрэчна, такія мерапрыемствы важныя для падтрымання чысціні як на тэрыторыі горада, так і раёна ў цэлым, яны не толькі робяць нашу краіну прыгожай, чыстай і ўтульнай, але і дапагаюць больш згуртавацьлюдзей.
Спадзяёмся, што працоўны азарт па навядзенні парадку каля сваіх асабістых падворкаў і дамоў падтрымаюць і гараджане, жыхары нашай Дзятлаўшчыны.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі мерапрыемства.
Дзмітрый Ёда,загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама:
– Працуем з цудоўным настроем на сваім любімым аб’екце ў раёне спартыўнага стадыёна “Колас” дзвюма ўстановамі: спецыялісты і адміністрацыя, трэнерскі састаў Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і сектара спорту і турызму райвыканкама. Настрой бадзёры, хочацца, каб наш горад быў чысты і прыгожы. Таму з задавальненнем аддаём сябе рабоце.
Антон Кучынскі, камандзір аддзялення Дзятлаўскага РАНС:
– На ўборку выйшла толькі частка нашых супрацоўнікаў, астатнія – на варце бяспекі жыхароў раёна. Мы спраўляемся, не адстаём ад усіх, аж горача, распрануліся, хоць на вуліцы надвор’е халаднаватае. Разам, згуртавана прыбіраем лісце, а яго тут сёлета даволі шмат. Любім свой горад, хочам, каб ён станавіўся яшчэ чысцейшы і прыгажэйшы. Дапамагаем, як можам.
Наталля Адамчык, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна:
– Настрой пазітыўны, на дварэ залатая восень, добра, што няма дажджу, хоць лісце крыху макраватае, прыліпае да зямлі, але спраўляемся – усе вышлі з азартам, каб дапамагчы зрабіць наш горад яшчэ прыгажэйшым і своечасова падрыхтавацца да зімы.
Алег Каско, майстар Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння:
– Мы працуем з задавальненнем, заўсёды рады дапамагчы свайму гораду, прынесці карысць яго жыхарам. Спадзяёмся, што ў гэтым парку будуць з радасцю гуляць людзі сем’ямі, радавацца чысціні і парадку, будзе гучаць дзіцячы смех. Прыемна, што і мы прыклалі свае намаганні, каб жыхарам нашага горада і раёна было тут утульна і прыемна адпачываць.
Валерый Дубовік, майстар ДРБУ-119:
– Тэрыторыя нам дасталася вялікая і складаная, але мы справіліся, асноўная частка работы скончана. Зараз чакаем тэхніку, каб загрузіць усё смецце. Рады, што можам дапамагчы нашаму гораду, тым больш што ўчастак работы каля ажыўленай трасы. А значыць, і праезджыя ацэняць парадак і чысціню.
Таццяна САНЮК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ, Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga