Галіна Пятраш: “Наша шчасце памножана на тры”

Галоўнае Грамадства

Восень прыносіць людзям невычэрпныя багацці: горы золата-лісцяў, серабро павуцінак бабінага лета, дыяменты ранішняй расы і самае дарагое сэрцу свята – Дзень маці, якое ў праваслаўным календары нездарма супадае з Пакровамі Прасвятой Багародзіцы – нашай Маці Нябеснай.

Для кожнага дзіцяці яго мама – галоўны чалавек, яе пяшчоты і клопату хапае на ўсіх, і чым большая сям’я, тым больш у ёй любові і шчасця. Гэту “формулу” праверыла на сабе наша зямлячка – шматдзетная мама з горада Дзятлава Галіна Пятраш, якая разам з мужам Вячаславам Іванавічам гадуе траіх сыноў.

Галіна Мікалаеўна працуе кантралёрам-касірам кампаніі “Энерга-ОІЛ” філіяла “Гродна-тытунь”, Вячаслаў Іванавіч – інспектар Дзятлаўскага энергагазанагляду. Іх сямейнаму саюзу наступным летам споўніцца 20 гадоў. Цікавай была і гісторыя знаёмства будучых шматдзетных бацькоў: пасля таго, як яны пачалі сустракацца, даведаліся, што іх матулі – аднакласніцы і нават сядзелі ў школе за адной партай, а лёс праз шмат гадоў звёў разам дзяцей і звязаў іх моцным сямейным саюзам.

– Наша сустрэча не была каханнем з першага погляду, – прызнаецца Галіна Пятраш. – Вячаслаў мяне прывабіў сваімі дабрынёй і спагадай. Толькі праз год мы вырашылі, што будзем будаваць далейшае жыццё разам.

Пра свой выбар нашы землякі ні разу не пашкадавалі: у іх моцная і дружная сям’я, бацькоў радуюць трое цудоўных сыноў, і Галіна Мікалаеўна на гэты конт зазначае: “Цяпер наша шчасце памножана на тры”.

Старэйшаму сыну Петрашоў Ільі ўжо 18 гадоў, ён – навучэнец 4 курса Жыровіцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Хлопец вырашыў услед за бацькам стаць электрыкам і ў далейшым марыць працаваць па спецыяльнасці, не супраць вярнуцца на малую радзіму. Калі казаць пра захапленні, то галоўнае з іх для Ільі – рыбалка, да якой прывучыў дзядуля: у 3 гады ён падарыў унуку акварыум з жывымі рыбкамі, а з 5-і пачаў браць з сабой парыбачыць. Цяпер яны абодва заўзятыя аматары пасядзець з вудамі на беразе вадаёма.

Шаснаццацігадовы Арцём – навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. Хлопец любіць спорт, іграе на гітары, але апошнім часам будучы выпускнік усё больш сядзіць за кнігамі, стараецца папоўніць свой багаж ведаў, каб паступіць на праграміста.

Малодшы Мацвей ходзіць у другі клас той жа школы. Вучоба хлопчыку падабаецца, ён старанна выконвае заданні, а вольны час любіць бавіць за настольнымі гульнямі і канструктарам “Лега”, не менш яму даспадобы спартыўныя гульні, асабліва футбол.

На пытанне, ці складана быць мамай траіх сыноў і адзінай жанчынай ц сям’і, Галіна Пятраш адказвае без ваганняў:

– Ніколечкі. У мяне паслухмяныя дзеці, з імі ніколі не ўзнікала асаблівых праблем, а ў хатняй рабоце заўжды дапамагае муж. У нас няма адрозненняў “мужчынскія” ці “жаночыя” справы, з любымі спраўляемся разам. Дзеці бачаць гэта і бяруць з нас прыклад. Мяркую, у дружнай, згуртаванай сям’і заўсёды ўсё проста і лёгка.

Дзякуючы надзейнай падтрымцы з боку “моцнай паловы” ў Галіны Мікалаеўны ёсць час і на захапленні. Раней яна пляла вырабы з бісеру, а некалькі гадоў таму з дапамогай інтэрнэту асвоіла пляценне з папяровай лазы, нават зарэгістравалася ў якасці рамесніка. Цяпер яе прыгожыя падносы, хлебніцы, кашпо для кветак не толькі ўпрыгожваюць інтэр’ер сямейнай кватэры, але і становяцца жаданымі арыгінальнымі пакупкамі для аматараў рэчаў ручной работы.

Галіна і Вячаслаў Петрашы – яшчэ і хлебасольныя гаспадары. Дзверы іх кватэры заўсёды адчынены для сяброў. Гаспадыня ўмее прыгатаваць багата смачных страваў і так упрыгожыць стол, што ёй можа пазайздросціць любы рэстаратар, нездарма знаёмыя часта просяць шматдзетную маці дапамагчы і ім падрыхтавацца да сямейных урачыстасцяў. Сярод каронных блюдаў гаспадыні – фаршыраваны шчупак і рыбныя рулеты.

Не адставаць ад жонкі стараецца і Вячаслаў Іванавіч. Дзякуючы яму ў сям’і з’явілася добрая традыцыя выхаднога дня: раніцай у нядзелю тата пячэ пышныя бліны, і ўся сям’я садзіцца за стол, каб прыемна правесці час. Смачным атрымліваецца ў гаспадара і жэле – слаёнае або з каляровымі кавалачкамі. Сябры Петрашоў пра гэта ведаюць і, прыходзячы ў госці, абавязкова чакаюць ад Вячаслава гэты салодкі пачастунак.

У “спісе” добрых сямейных традыцый Петрашоў яшчэ і летнія выезды з начоўкай на ўлонне прыроды з традыцыйнай рыбалкай, вогнішчам, высокім зорным небам. Ёсць у вялікай сям’і і запаветная мара – усім разам адправіцца ў падарожжа. Будзем спадзявацца, што і яна абавязкова ажыццявіцца, як і ўсе іншыя “жыццёвыя” праекты гэтых дружных, згуртаваных людзей.

Увогуле, “стрыжнем” сваёй сям’і Петрашы лічаць менавіта ўзаемападтрымку, каханне, паразуменне. Гэтаму вучаць і сваіх дзяцей, стараючыся быць для іх станоўчым прыкладам ва ўсім.

Жанчынам Дзятлаўшчыны да Дня маці Галіна Мікалаеўна жадае моцнага здароўя, трывалага сямейнага шчасця, чуць, разумець і любіць сваіх блізкіх, радавацца кожнаму дню, заўсёды быць побач з дзецьмі, заставацца для іх мудрымі дарадчыкамі і пяшчотнымі анёламі-ахоўніцамі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі з сямейнага архіва Петрашоў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga