Пачатак ацяпляльнага сезона, завяршэнне сельскагаспадарчых работ, правядзенне кірмашоў, рамонт дарожнага пакрыцця, – гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Гаспадарчыя клопаты
У мінулыя выхадныя ў Вялікай Бераставіцы прайшло абласное свята “Дажынкі – 2022”, дзе годна прадставіў сябе і Дзятлаўскі раён.
Між тым, сезоннай работы ў сельскай гаспадарцы і рэальным сектары эканомікі яшчэ шмат. Працягваецца ўборка кукурузы як на сілас, так і на зерне. Паскорыцца трэба па ўборцы льну, бульбы і іншай агародніны, каб да “мінусовых” лічбаў на тэрмометрах пакласці ўсё на захоўванне. Кіраўнік раёна паставіў задачу аграрыям да 5 кастрычніка завяршыць пасеў азімых.
Таксама Андрэй Уладзіміравіч нагадаў адказным службам, каб трымалі на кантролі ўсе даручэнні вышэйстаячых органаў, умовы закладкі стабілізацыйных фондаў і іншыя стратэгічныя пытанні.
Сезон кірмашоў стартаваў на Дзятлаўшчыне
Восень – пара года, калі не толькі сельгаспрадпрыемствы, але і насельніцтва імкнецца запоўніць свае засекі. У нашым раёне першы кірмаш сельгаспрадукцыі прайшоў 1 кастрычніка ў райцэнтры. Пэўныя высновы па попыце дзятлаўчан на розныя віды прадукцыі былі агучаны на нарадзе.
– Бачыце, людзі жадаюць набыць зерне, забяспечце неабходную колькасць для продажу на наступных кірмашах, тым больш што сёлета ў гаспадарках яго дастаткова. Зніміце ажыятаж, – даў заданне аргкамітэту Андрэй Садоўскі.
Дарэчы, наступныя кірмашы адбудуцца 8 кастрычніка з 9 да 13 гадзін у гарпасёлках Наваельня, Казлоўшчына і аграгарадку Гезгалы.
Лішні раз – зусім не лішні
З пахаладаннем асноўную ўвагу назіральныя камісіі надаюць спраўнасці пячэй у дамах адзінокіх і састарэлых грамадзян.
Камісіі працуюць штотыдзень. Аднак, улічваючы колькасць пажараў, а іх у вобласці з пачатку года адбылося 541, прычынай многіх з якіх стала няправільная эксплуатацыя пячнога і электраабсталявання, на нарадзе прагучала прапанова абласнога ўзроўню аб дадатковым наведванні ратаўнікамі дамоў грамадзян вызначанай катэгорыі.
– Пра людзей нашых трэба клапаціцца. Дзеці і сацыяльныя работнікі хоць і кожны дзень да многіх прыходзяць, але ў печы трэба паліць зімой не адзін раз на дзень. Не будзе лішнім зайсці да пажылых дзятлаўчан і глянуць, ці ўсё добра, – падрахункаваў старшыня райвыканкама.
Іншыя тэмы коратка
За два-тры дні, з улікам распаветрывання сістэмаў, падключыць ацяпленне ў жылым сектары паставіў задачу жыллёва-камунальнай гаспадарцы Андрэй Садоўскі.
****
Працягваюцца работы па ўстаноўцы памятных праваслаўных знакаў у населеных пунктах Дзятлаўшчыны, дзе няма храмаў. Найбольш актыўна разгорнута дзейнасць у аграгарадку Раклевічы. На гэтым тыдні пачнецца ўстаноўка духоўных элементаў у Таркачах.
****
За 9 месяцаў гэтага года 31 жыхар раёна адправіўся “выпраўляцца” ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
****
Работнікі культуры на бягучым тыдні правядуць закрыццё “Дэкады пажылога ўзросту” і ўрачыста адзначаць сваё прафесійнае свята.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga