Фінальны раённы сельскагаспадарчы кірмаш прайшоў у Дзятлаве на плошчы 17 Верасня.
Ён аб’яднаў у сабе гандаль сезоннай прадукцыяй, прамысловымі таварамі, вырабамі майстроў, а таксама святочную праграму і бяспройгрышную латарэю.
Дзятлаўчане і госці горада завіталі на “Восеньскі кірмаш” з рознай мэтай. Пераважная большасць – каб набыць зерне, садавіну і агародніну або свежы мёд, якіх было багата ў машынах сельгаспрадпрыемстваў раёна. Павышаным попытам карысталіся бульба ў КСУП “Жукоўшчына” і камбікорм, збожжавыя культуры ў КСУП “Войневічы”, капуста, морква, цыбуля і перцы, якіх на кірмаш нямала прывезлі прыватныя фермеры. Пастаянна трымаўся наплыў пакупнікоў каля фургона “Слонімскага мясакамбіната, таксама актыўна ішоў гандаль жывымі кветкамі і саджанцамі.
Прадавец магазіна “Петушок” Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў Анжаліка Кедук заўважыла, што сёння іх прадукцыя разышлася імгненна: паўтары тоны камбікорму “свіная крупка” разабралі за першыя некалькі гадзін. Людзі набывалі на корм хатняй жывёле па 3-5 мяхоў адразу.
Жанчына расказала, што свіны і курыны камбікорм заўсёды можна набыць у іх фірменным магазіне.
Задаволеныя пакупкамі дзятлаўчане падзяліліся сваімі ўражаннямі ад кірмашу.
Марына і Мікалай Пятроўскія:
– Мы ўсёй сям’ёй прыйшлі набыць капусту, будзем квасіць па нашым сямейным рэцэпце. Калі надвор’е дазволіць, пагуляем па плошчы, паглядзім канцэрт.
Вольга і Аляксандр Ківулі:
– На сельскагаспадарчым кірмашы мы ўпершыню гэтай восенню. Захацелі набыць перцы, выбралі самыя прыгожыя і сакавітыя. Агародніна проста класная, таму адразу купілі сетку. Вельмі спадабаўся кмен, цяпер прыглядваемся да капусты. У гэтым годзе кірмаш добры: выбар вялікі, кожны знойдзе тут, што яму трэба. У нас ёсць свой агарод, але калі нешта не ўрадзіла, на кірмашы заўжды можна гэта знайсці.
Галіна Даргевіч:
– Прыехалі на кірмаш разам са свекрывёй Галінай Даргевіч і калегам па працы. Тут добра, ажыўлена, усяго хапае, яшчэ і канцэрт ладзіцца душэўны. Мы набылі агародніны ў запас: морквы, цыбулі, перцаў, буракоў, таксама прыдбалі што-нішто з хатніх рэчаў, хочам яшчэ ўзяць капусты.
Вядома, маем і свой агарод, аднак сёлета ўраджай небагаты з-за моцнай засухі, дабіраем на кірмашы. Пакупак многа, таму чакаем таксі, каб вярнуцца ў роднае Засецце.
Мёд новага ўраджаю, а таксама іншую мядовую прадукцыю прапаноўвала пакупнікам мясцовая жыхарка Галіна Жадзейка. Пчалярствам захапляецца яе сын, які трымае вуллі па ўсім раёне – у Герніках, Лагунах, Разважжы, Савічах.
– Прапаноўваю мёд на любы густ: грэчневы, з разнатраўя, майскі. Ураджай сёлета вельмі добры, таму прадаём яго крыху танней, – запрашае пакупнікоў жанчына. – Можна набыць пяргу, забрус, праполіс, таксама прывезла на кірмаш свае яблычкі і бульбу.
Прамысловая секцыя кірмашу ўразіла сваёй разнастайнасцю і геаграфіяй: тут і цюль са Слуцка, і спартыўнае адзенне з Баранавічаў, вырабы і кухонныя прылады з Ваўкавыска, ювелірныя вырабы з Мінска і многае іншае. Былі б грошы і жаданне купляць!
Каляровыя цукеркі і пернікі ручной работы, а таксама духмяны чай розных гатункаў на Дзятлаўшчыну прывезлі госці з расійскага горада майстроў Гарадца Ніжагародскай вобласці.
– Наш горад славіцца майстрамі і іх работамі, прыехалі сюды парадаваць беларусаў сваім “хэндмэйдам”, – расказвае расіянін. – У нас сезон кірмашоў ужо завяршыўся, вырашылі па-брацку завітаць да суседзяў.
Не першы кірмаш разам жыхары Наваельні Тамара і Анатоль Кардашы. Наш зямляк знакаміты сваімі непаўторнымі вырабамі з гліны і тым, што перадае майстэрства малодшым пакаленням.
Дзятлаўчанам яны прадставілі сёння гліняны посуд – туркі для кавы, талеркі, маленькія сподачкі, кубкі і многае іншае. Тамара Кардаш кажа, што людзі набываюць гліняныя рэчы не толькі для прыгажосці, але і актыўна карыстаюцца імі ў паўсядзённым жыцці.
Які ж кірмаш без вясёлай песні: сёння тупнуць нагой і ад душы павесяліцца было разам з кім. На “Восеньскім кірмашы” сваю творчасць гасцям дарылі лепшыя калектывы раёна – ансамблі “Суседзі”, “Ятранка”, “Мара”, “Бахталачы”, творчыя каманды з Гезгалаўскага, Круцілавіцкага, Казлоўшчынскага дамоў культур.
Для ахвотнікаў выпрабаваць удачу на працягу ўсяго мерапрыемства працавала жартоўная бяспройгрышная латарэя.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, фота і відэа Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga