14 кастрычніка ў аграгарадку Хвінявічы прыём грамадзян па месцы жыхарства правёў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
У ходзе размовы кіраўнік раёна ўзгадаў, з якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца грамадзяне да прадстаўнікоў раённай улады.
– Пераважная большасць пытанняў тычыцца сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Людзей клапоцяць такія аспекты, як рамонт жыллёвага фонду, навядзенне парадку на дваровых тэрыторыях, стан сетак камунікацыі, ацяпленне. Практычна заўсёды праблемы вырашаюцца на месцах, – расказаў ён. – У плане зваротаў грамадзян назіраецца пэўная тэндэнцыя: людзі лічаць, што чым вышэйшы пост займае асоба, да якой яны звяртаюцца, тым хутчэй знойдзецца рашэнне. Аднак практыка паказала, што многія пытанні могуць вырашацца ў першай інстанцыі.
Андрэй Уладзіміравіч не абышоў увагай актуальнае на сёння пытанне росту цэн на тавары і нядаўна зацверджаныя нарматыўныя дакументы, накіраваныя на выпраўленне сітуацыі.
– На маю думку, прыняцце Дырэктывы Прэзідэнта Беларусі № 10 і пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 669 своечасовае і актуальнае ў сённяшняй сітуацыі. Перад органамі ўлады і кіраўнікамі арганізацый на месцах пастаянна ставілася задача павелічэння заработнай платы. З гэтым мы паспяхова спраўляемся: з пачатку года сярэдняя заработная плата ў раёне павялічылася прыкладна на 22 %. Аднак і гэтага будзе недастаткова, калі цэны стануць расці ў геаметрычнай прагрэсіі. Як паказала агульнарэспубліканская практыка, завышэнне цэн, і часам сур’ёзнае, прысутнічае ў гандлёвай сетцы, асабліва на аб’ектах прыватнага гандлю. У ходзе маніторынгаў па выкананні заканадаўства аб цэнах на Дзятлаўшчыне, пакуль такіх фактаў зафіксавана не было. Кантроль цэн застаецца ў прыярытэтных пытаннях раённай улады і грамадскасці, у далейшым прадоўжым трымаць сітуацыю пад пільнай увагай.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga