На Дзятлаўшчыне 20 кастрычніка з удзелам некалькіх інфармацыйна-прапагандысцкіх груп прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.
З калектывамі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама сустрэлася група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
У ліку найбольш актуальных пытанняў была харчовая бяспека Беларусі ва ўмовах эканамічных санкцый і тэма імпартазамяшчэння як нацыянальнага праекта і комплекснай стратэгіі развіцця эканомікі. Санкцыйнае супрацьстаянне парушыла сусветныя харчова-лагістычныя ланцужкі. У Беларусі ігнараваць праблему харчовай бяспекі таксама немагчыма і, як адзначае Прэзідэнт, трэба быць гатовымі да знешніх выклікаў. Пакуль мы не ведаем, што будзе далей, і гэта самае небяспечнае. Разам з тым, сітуацыя на сусветным рынку – шанц для беларускай сельскай гаспадаркі.
Традыцыйна харчовая бяспека нашай рэспублікі забяспечваецца за кошт уласнай вытворчасці. У Еўразійскім эканамічным саюзе Беларусь – лідар па вытворчасці на душу насельніцтва мяса і малака, цалкам яна забяспечвае сябе цукрам, ідзе работа па павелічэнні вытворчасці айчыннага расліннага алею, поўнасцю забяспечаны патрэбы ўнутранага рынку ў бульбе і плодаагародніннай прадукцыі, чакаецца, што і агульны намалот збожжавых з улікам кукурузы і рапсу складзе каля 11 мільёнаў тон. Вынікі ўборачнай кампаніі-2022 дазваляюць пастаўляць беларускую прадукцыю на сусветныя рынкі, дзе яна даволі запатрабавана з-за кошту і якасці. Геаграфія айчыннага экспарту – больш за 100 краін, пераважныя аб’ёмы паставак – у краіны СНД. Харчовая бяспека Рэспублікі Беларусь знаходзіцца на дастаткова высокім узроўні, дзякуючы працавітасці беларускіх грамадзян і дальнабачнай палітыцы кіраўніка дзяржавы, якія забяспечваюць нашай краіне харчовы суверэнітэт. Аднак галоўнай умовай яго захавання, на думку беларускага лідара, з’яўляецца імпартазамяшчэнне, для пашырэння якога неабходна сістэмная і паслядоўная работа. Правільная рэалізацыя палітыкі імпартазамяшчэння дазволіць не толькі скараціць імпарт і вызваліць валютныя сродкі, але і выйсці на знешнія рынкі з канкурэнтаздольнай прадукцыяй за кошт стымулявання нацыянальнага вытворцы і стварэння інавацыйнай прадукцыі. У рэспубліцы гэты працэс ідзе па наступных кірунках: імпартазамяшчэнне прадуктаў харчавання, асваенне вытворчасці новых відаў прадукцыі, імпартазамяшчэнне ў сферы аховы здароўя, фармакалогіі, медыцынскага абсталявання, у прамысловасці яно звязана з машынабудаўнічай і дрэваапрацоўчай галінамі, перспектыўнымі напрамкамі сталі таксама аднаўляльная энергетыка і партнёрства ў сферы даследаванняў і распрацовак.
Нездарма Аляксандр Лукашэнка адзначае, што за кароткі перыяд станаўлення беларусы змаглі пабудаваць экспартна арыентаваную эканоміку і змогуць у яшчэ большым аб’ёме асвоіць азіяцкі, афрыканскі, паўднёваамерыканскі і іншыя рынкі далёкай дугі, бо ў свеце катастрафічна не хапае прадукцыі, што мы вырабляем, у тым ліку харчовай.
Удзельнікі Адзінага дня інфармавання таксама абмеркавалі і іншыя надзённыя тэмы. Сярод іх: прафілактыка злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага і наркатычнага ап’янення, рост якіх назіраецца ў рэспубліцы. За 9 месяцаў 2022 года павялічылася колькасць “п’яных” злачынстваў у 10 раёнах Гродзеншчыны і на Дзятлаўшчыне з 32 да 49, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх з 1 да 6, цяжкіх цялесных пашкоджанняў з 1 да 2. У падлеткавым асяроддзі за кошт незаконнага абароту наркотыкаў, так званых “закладчыкаў”, адбыўся рост злачыннасці ў 4 абласцях, уключаючы Гродзенскую. Палохае і “маладая” алкагалізацыя, напрыклад, у нашым раёне сярод непаўналетніх парушальнікаў 73 % былі затрыманы за ўжыванне алкаголю. У ліку эфектыўных мераў барацьбы з гэтымі негатыўнымі з’явамі – выяўленне памяшканняў з рэпутацыяй “прытон”, ізаляцыя ў ЛПП, комплексная адпрацоўка тэрыторый сельсаветаў і іншыя.
На двары восень, таму нагадалі правілы бяспекі пры наведванні лясоў, самыя слушныя сярод якіх – не заходзіць далёка і браць з сабой зараджаны мабільны тэлефон з устаноўленым дадаткам “Дапамога побач”, які падкажа, што рабіць у неспадзяваных сітуацыях, а ў выпадку страты арыенціраў будзе магчымасць выклікаць ратаўнікоў.
У ліку важных была і тэма недапушчэння гібелі дзяцей на пажарах: дарослым нагадалі, што менавіта яны павінны быць станоўчым прыкладам для свайго дзіцяці, праявіць адказнасць і абачлівасць.
Спыніліся таксама на прафілактыцы вытворчага траўматызму і аховы працы. На Дзятлаўшчыне ў гэтым кірунку вядзецца комплексная работа, працуе мабільная група па аказанні практычнай метадычнай дапамогі, на 100 % укаранёна сістэма аховы працы, што дае свае пазітыўныя вынікі: арганізацыі раёна становяцца абласнымі прызёрамі.
Прыемным момантам сустрэчы для калектываў упраўлення па працы і занятасці і Цэнтра сацабслугоўвання сталі словы ўдзячнасці ад Андрэя Садоўскага за падрыхтоўку “сярэбраных” рэспубліканскіх прызёраў – сям’і Міклашаў з Наваельні – да ўдзелу ў конкурсе “Сям’я года-2022” і ў цэлым выніковую і плённую работу па сацыяльнай падтрымцы насельніцтва нашага раёна.
Абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група сустрэлася з калектывамі ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” і Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння ПУ “Слонімгаз”.
Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны СТЫРНІК і Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga