Над рэалізацыяй праекта “Школьныя гады – цудоўная пара!” краязнаўцы школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Памяць” Дварэцкай сярэдняй школы працавалі на працягу 2021-2022 навучальнага года.
Мэтай праекта стала рэарганізацыя экспазіцыі музея, прысвечанай гісторыі школы, у экспазіцыю “Школьныя гады – цудоўная пара!”, якая ўвабрала ў сябе звесткі аб дванаццаці ўстановах адукацыі, якія ў свой час дзейнічалі на тэрыторыі сучаснага мікрараёна Дварэцкай сярэдняй школы. У выніку сабрана значная колькасць фотаздымкаў, дакументаў і іншых артэфактаў. А некаторыя з іх проста ўнікальныя: пасведчанне 1947 года аб заканчэнні Цяцейкаўскай пачатковай школы Аркадзія Жэгаліка; “Чытанка” – падручнік для пачатковых класаў на польскай мове выдання 30-х гадоў ХХ стагоддзя і іншыя. Пэўную цікавасць у краязнаўцаў выклікалі школьныя падручнікі таго часу. Па штампах у некаторых з іх можна прасачыць за рэарганізацыяй гэтых установаў адукацыі.
Адкрыццё экспазіцыі было прымеркавана да Дня настаўніка, які сабраў у святочнай зале жыхароў мікрараёна, ветэранаў педагагічнай працы і іх сваякоў, настаўнікаў і вучняў школы. Па задумцы савета музея першую экскурсію па дадзенай экспазіцыі правялі госці свята. Кожны з іх падзяліўся яскравымі і кранаючымі ўспамінамі аб пачатку сваёй педагагічнай кар’еры, найбольш цікавымі момантамі школьнага жыцця, а таксама ўзгадалі калег, з якімі яны працавалі ў свой час. Старшыня савета ветэранаў Дварэцкага сельскага савета Валянціна Скок у знак удзячнасці падарыла краязнаўцам школы кнігу Юрыя Германа “Дело, которому ты служишь”.
Некалькі агульных фотаздымкаў на памяць, абмен кантактамі, цёплыя абдымкі, шчырыя ўспаміны, якія кранулі ўсіх ўдзельнікаў сваёй яскравасцю і добразычлівасцю, дамоўленасць аб чарговай сустрэчы – і, здаецца, свята скончылася. Але гледзячы ў яскравыя, радасныя і той жа час крыху засмучаныя вочы настаўнікаў-ветэранаў, разумееш, што паліцы дадзенай экспазіцыі, авеяныя іх душэўнай шчырасцю і ўспамінамі, ажылі, з’яднаўшы назаўжды некалькі пакаленняў адзінай для ўсіх ідэяй: “Школьныя гады – цудоўная пара!”.
Сяргей КАСКО,
кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Памяць”
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga