З іскрынкай гумару – да любой справы

Важнае Грамадства

Шмат пазітыву і станоўчых эмоцый гасцям дзятлаўскіх “Дажынак” падарыла жартоўная сельскагаспадарчая эстафета.
Яе ўдзельнікамі сталі каманды КСУП “Жукоўшчына” і адкрытых акцыянерных таварыстваў “Граніт-Агра”, “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”.

Вясёлых спартсменаў чакалі жартоўныя выпрабаванні “Размінка”, “Перанясі мёд”, “Ламбада”, “Апрані гарбуз”, “Медзведзяняты-хадакі” . Удзельнікі прайшлі іх са спартыўным стараннем і іскрынкай гумару. За вясёлых спартсменаў хварэлі іх калегі з групаў падтрымкі. І тыя, і другія атрымалі вялікае задавальненне ад працэсу.

Яшчэ адным прыемным момантам стала ўзнагароджанне пераможцаў дыпломамі і грашовымі прызамі. “Лаўры” за першае месца дасталіся камандзе камбіната хлебапрадуктаў, другое занялі спартсмены з Жукоўшчыны, на трэцяй пазіцыі замацавалася каманда “Алгоні”, гранітаўцам дастаўся прыз сімпатый гледачоў.

Наступнымі на святочную пляцоўку дзятлаўскіх “Дажынак” выйшлі госці райцэнтра – конна-трукавое ТАА “Есаул” з відовішчнай праграмай “Едуць па Берліне нашы Казакі”.

Добрыя песні і цудоўны настрой дзятлаўчанам прадоўжылі дарыць удзельнікі канцэрта на плошчы – АРТ-група “Беларусы”, цыганскі тэатр Gipsy Band, ансамбль “Гуляй, казак”, Ігар Аксюта і Святлана Шыманская.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga