Дарогамі Дзятлаўшчыны можна прайсці пехатой, палюбаваўшыся сасновымі лясамі і квяцістымі ўзлескамі, невялікімі рачулкамі і азёрамі, што прыхаваліся ў лугавых травах і зарасніках лазы ды ляшчыны, а можна і праехаць… разам з намі, маю на ўвазе, з Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем.
Бо менавіта наш музей прапаноўвае такую новую для дзятлаўчан і гасцей горада паслугу. Прычым вы можаце паехаць з намі на камфартабельным аўтобусе, на заказной маршрутцы або наогул на сваім уласным аўто, сямейна, як кажуць.
Галоўнае ў гэтай справе – жаданне. А яно не так часта ўзнікае пры штодзённай занятасці, сямейных справах і клопатах, “завале” на працы. Ёсць дзень вольны, хочацца проста адпачыць дома, нікуды не спяшацца, паспаць даўжэй, пазабаўляцца з дзецьмі ці ўнукамі, прыгатаваць нешта незвычайнае на абед. Пасіўны адпачынак. Ён таксама патрэбны, спрачацца не буду, аднак нашмат цікавей правесці дзень, знаёмячыся са знакавымі месцамі свайго горада, раёна, са старажытнымі цэрквамі і касцёламі, вёскамі і помнікамі гісторыі і культуры. А іх на нашай Дзятлаўскай зямлі, паверце, шмат.
Часта можна пачуць ад саміх дзятлаўчан: а што тут у нас глядзець, няма ж нічога такога. Няма для вас, таму што не цікавіліся, нідзе не бывалі, акрамя свайго горада ці вёскі, у музей раённы ні разу не прыйшлі, каб пачуць расказ пра гісторыю малой радзімы. Але ваша ўражанне тут жа зменіцца, яшчэ самі будзеце агітаваць іншых пасля падарожжа па дарогах Дзятлаўшчыны. Не верыце? А вось паглядзіце, якія знакавыя месцы мы прапануем вам паглядзець.
Пачынаецца маршрут з цэнтра горада Дзятлава, дзе экскурсавод раскажа вам пра ўзнікненне назвы горада, пацверджанае прафесійнымі гісторыкамі, і самы стары будынак – касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай панны Марыі, пра яўрэйскі квартал і Халакост на Дзятлаўшчыне.
Потым маршрут пралягае праз Наваельню, якая таксама мае шмат памятных месцаў і багатую на падзеі гісторыю: чыгунка і вакзал, царква, электрастанцыя, калона 18 стагоддзя (ужо рэстаўраваная намаганнямі энтузіястаў), ды ці мала чаго яшчэ, усё і адразу раскрываць у артыкуле не буду, хай застанецца інтрыга. Пры жаданні можна арганізаваць майстар-клас па кераміцы на падворку Анатоля Кардаша.
Далей шлях пралягае праз Варакомшчыну, радзіму Вячаслава Адамчыка (калі не ведаеце, хто гэта, то пачуеце цікавы аповед пра яго жыццё і творчасць), да Лапушанскай капліцы, помніка гісторыі пачатку 20 стагоддзя. Тут пазнаёміцеся не толькі з будынкам, але і з гісторыяй роду Наркевічаў-Ёдкаў, родавая галіна якіх пераплятаецца з Наркевічамі-Ёдкамі з Капыля.
Ну што, едзем далей? А далей Дварэц, Раготна, Саннікі з іх “талеркай”, Горка і знакамітыя камяні (між іншым, зручны момант, каб пралезці пад камянямі і загадаць жаданне або папрасіць у валуноў здароўя), невялікі шлях праз вёскі і расказ пра партызанскі рух на Дзятлаўшчыне і новыя адкрыцці – ужо пра род Стравінскіх, іх маёнткі Міроўшчына і Накрышкі, спіртзавод Яна Стравінскага ў Парэччы. Тут цэлая глыба інфармацыі, цікавай і пазнавальнай. І для вока, і для вуха. І калі вы скажаце, што пачытаеце пра гэта ў інтэрнэце, то памыліцеся. Фактаў, якія можна пачуць падчас экскурсіі, у інтэрнэце не знойдзеце, яны новыя і вывераныя даследчыкам гісторыі роду айцом Георгіем Роем, які служыў святаром у Накрышках.
Зваротны шлях з Парэчча ў Дзятлава ляжыць да капліцы на дзятлаўскіх могілках, мемарыяла “Дзеці ліхалецця”, цэркваў, палаца Радзівілаў і заканчваецца каля помніка І. Ю. Філідовічу. Мы з вамі праедзем своеасаблівае “залатое” кола Дзятлаўшчыны.
Безумоўна, гэта не ўсе вартыя ўвагі аб’екты нашай малой радзімы, але будзьце ўпэўненыя, што пасля такога падарожжа вам самім захочацца даведацца больш і паехаць разам з сям’ёй ці сябрамі ў напрамку Казлоўшчыны ці на веласіпедзе па маршруце да партызанскага шпіталя ў Ліпічанскай пушчы. Варта толькі пачаць. А пачаць можна разам з Дзятлаўскім музеем. Тэлефануйце нам на нумар 8 (01563) 6-09-27. Будзем рады пазнаёміць землякоў з гісторыяй роднага краю.
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga