Па вуліцах Дзятлава праехалі ўдзельнікі велапрабегу Адзінства (+відэа)

Важнае Спорт і турызм

Каля 40 дзятлаўчан розных узростаў прынялі ўдзел у веламарафоне, прысвечаным Дню народнага адзінства і Году гістарычнай памяці.
Мерапрыемства распачалося каля помніка герою Вялікай Айчыннай вайны Іосіфу Філідовічу, дзе вядучы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык нагадала прысутным гісторыю подзвіга Ліпічанскага Сусаніна.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі  вянкі і кветкі, а затым накіраваліся да помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову. Перад стартам веласіпедысты-аматары падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Святлана Урбан, настаўніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава:

– На маю думку, вельмі правільна, што да Дня народнага адзінства  прымеркаваны патрыятычны велапрабег, у час яго мы чарговы раз аддаём даніну памяці салдатам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, бо памяць аб’ядноўвае ўсе пакаленні. У сённяшнім мерапрыемстве ўдзельнічаюць і дарослыя, і дзеці, я таксама далучылася з вялікім задавальненнем. Упэўнена, што такія мерапрыемствы павінны паўтарацца. З навучэнцамі нашай школы, удзельнікамі патрыятычнага летніка “Спадчына”, наведваем многія памятныя месцы Дзятлаўшчыны. Сёння разам з імі мы яшчэ раз дакрануліся да гераічнай гісторыі нашай малой радзімы.

Уладзіслаў Касцюкевіч і Арцём Залеўскі, навучэнцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава:

– Мы рады ўдзельнічаць у такім масавым велапрабегу, паколькі любім сваю Радзіму і веласіпедны спорт. На нашу думку, кожны беларус павінен ведаць сваю гісторыю, паважаць подзвігі продкаў, шанаваць гістарычныя падзеі і даты, каб быць сапраўдным грамадзянінам і патрыётам. Спадзяёмся ў будучым праславіць сваю Айчыну ўласнымі дасягненнямі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: