Чарговы раз на ўсебеларускім узроўні гучала імя раённага камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Хвінявічы”.
Высокімі прафесійнымі дасягненнямі праславіў сваё прадпрыемства, Дзятлаўшчыну і ўсю Гродзенскую вобласць работнік гаспадаркі Уладзімір Бакшук, які прывёз з рэспубліканскага конкурсу майстэрства работнікаў па штучным асемяненні жывёлы дыплом другой ступені, быў удастоены нагруднага знака “За заслугі ў сельскай гаспадарцы”.
Сёлета за званне лепшага спаборнічалі 42 прафесіяналы, якія прайшлі адбор на рэгіянальным узроўні. Тэсціраванне праводзілася ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Ефрасінні Полацкай па чатырох намінацыях. Конкурсная камісія ацэньвала адказы ўдзельнікаў па 100-бальнай шкале. Па выніках тэсціравання Уладзімір Бакшук паказаў высокі вынік, саступіўшы пераможцу толькі паўтара бала, за другое месца ён атрымаў дыплом і грашовую ўзнагароду ў памеры 140 базавых велічыняў.
У родным КСУП “Хвінявічы” з нецярпеннем чакалі свайго героя, каб павіншаваць асабіста. На родным комплексе (цяпер ужо тысячніку), дзе 25 гадоў плённа працуе спецыяліст, яго чакалі з кветкамі і падарункамі. Уладзімір Уладзіміравіч прымаў віншаванні ад кіраўніцтва, прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі, работнікаў комплексу. Мужчына расказаў, як прыйшоў у прафесію, падзяліўся ўражаннямі ад паездкі ў Полацк і планамі на будучыню.
Кажуць, усё ў нашым жыцці паходзіць з дзяцінства. Вось і Уладзімір Бакшук, які нарадзіўся ў сялянскай сям’і, не мог выгадавацца абыякавым да жывёлы. У Бакшукоў была немалая гаспадарка – дзве каровы, куры, свінні, упраўляцца з імі бацькам дапамагалі чацвёра дзяцей. Уладзімір, у якога было тры старэйшыя сястры, стаў галоўным татавым памочнікам.
– Бацька працаваў на Парэцкім спіртзаводзе, а як выйшаў на пенсію, уладкаваўся конюхам у мясцовы калгас, – расказвае мужчына. – Таму ў мяне з дзяцінства асаблівая любоў да коней. Нават вучыцца хацеў на ветэрынара або заатэхніка.
Аднак жыццё вырашыла іначай: пасля васьмі класаў Хвінявіцкай сярэдняй школы ён паступіў у Казлоўшчынскае прафтэхвучылішча на трактарыста-вадзіцеля.
Забягаючы наперад, заўважым, што сваю дзіцячую мару Уладзімір Уладзіміравіч хоць часткова, але рэалізаваў: сёння ён даглядае двух коней – асабістага, якога набыў у мінулым годзе, і калгаснага.
Адразу пасля вучобы пайшоў у армію, служыў у ракетна-зенітных войсках у Прыбалтыцы, затым – на Брэстчыне, быў камандзірам пускавой устаноўкі, нёс баявыя дзяжурствы па абароне межаў Беларусі. А як вярнуўся на радзіму, стаў вызначацца з работай. Першую пяцігодку займаўся дрэваапрацоўкай у прыватнай фірме, затым па просьбе старшыні мясцовага калгаса Васіля Залеўскага пайшоў уладкоўвацца ў гаспадарку зборшчыкам малака, але і тут воля лёсу была іншай.
– Як цяпер помню, ішоў афармляцца на працу ў адміністрацыю калгаса, па дарозе сустрэў галоўнага заатэхніка Марыю Сяргееўну Слушко, расказаў, куды іду і навошта. І атрымаў адказ: “Так не пойдзе, нам патрэбны талковы чалавек у асемяненні”.
Так малады чалавек стаў жывёлаводам, пачалася новая старонка ў яго працоўнай кар’еры. Два тыдні курсаў у абласным цэнтры, экзамен, які здаў на “выдатна”, – і адразу адказны пост.
– 10 мая 1997 года я самастойна прыняў пасаду тэхніка па асемяненні на Парэцкай ферме, – расказвае мужчына. – Першыя дні было вельмі складана. Усе навыкі набываў на практыцы, як у баі. Але праз некаторы час уцягнуўся, стала атрымлівацца, з’явіліся свае прафесійныя сакрэты. Цяпер заняты на комплексе “Парэчча” і ферме ў вёсцы Гута, дзе працую па паўмесяца.
Памяць на даты, лічбы і факты ва Уладзіміра Бакшука заўжды была выдатная. Гэта акалічнасць, падмацаваная дзесяцігоддзямі актыўнай практыкі, дапамагла перамагчы ў прафесійным конкурсе.
Да гэтага спецыяліст не раз станавіўся пераможцам раённых спаборніцтваў сярод прафесіяналаў, аднак на рэспубліканскім узроўні выступаў упершыню.
– Нас накіроўвала на конкурс вобласць, на базе Гродзенскага племпрадпрыемства праходзілі зборы, якія я наведаў чатыры разы. У нашай камандзе было сем чалавек, усе ў розных намінацыях. Першы пробны тэст на курсах я адразу здаў на чатыры з плюсам.
– Ці складаны быў рэспубліканскі конкурс?
– Няпросты. Нам прапаноўвалася адказаць на 50 пытанняў, многія з якіх нават з улікам дзесяцігоддзяў вопыту для мяне былі складанымі. Даводзілася спадзявацца на памяць, інтуіцыю і практыку. Адчуваў немалы стрэс: хваляваўся, каб дастойна прадставіць свой раён і вобласць.
– Родныя “хварэлі” за вас?
– А як жа! Яшчэ перад паездкай дачка мяне экзаменавала па білетах, а любімая жонка Галіна, былая аднакласніца, з якой разам працуем на комплексе, вельмі перажывала. Часта тэлефанаваў дадому: дзяліўся ўражаннямі і сустракаў падтрымку, якая мне дапамагла справіцца з эмоцыямі.
– Якое ў вас уражанне ад Полацка?
– Прыехалі на месца, засяліліся ў гасцініцу “Дзвіна” і адразу адправіліся на экскурсію па Полацку. Горад вельмі ўразіў. Ён дыхае гісторыяй і духоўнасцю, гэта не можа не кранаць. Мы пабылі на канцэрце арганнай музыкі ў Сафійскім саборы. Пасля экзаменаў экскурсія прадоўжылася па храмах, дзе змаглі пакланіцца святым месцам, мошчам асветніцы Ефрасінні Полацкай, памаліцца.
– Аб чым была ваша малітва?
– Аб перамозе, сям’і, аб сваёй роднай зямлі і гаспадарцы, іх працвітанні.
– Што адчулі, калі даведаліся, што сталі віцэ-чэмпіёнам?
– Радаваўся, як першакласнік на лінейцы, нават слёзы радасці з’явіліся. Я не паверыў адразу! Калі ўзнагароджвалі калегу за трэцяе месца, ужо пачаў шкадаваць, што, відаць, не атрымалася ў мяне, а потым пачуў сваё прозвішча і дыплом другой ступені…
– Добрым дапаўненнем да высокіх узнагародаў стала важкая грашовая прэмія. На што збіраецеся яе патраціць, калі не сакрэт?
– На сваю сям’ю. Дачка Юлія ўжо зусім дарослая: у гэтым навучальным годзе заканчвае сярэднюю школу. Думаю, гэта будзе капітал на выпускны баль і далейшае паступленне. Таксама зраблю падарунак любімай жонцы, якая сёлета, як і я, адзначыла асабісты паўвекавы юбілей.
Калега і настаўніца пераможцы ў яго працоўным шляху, галоўны заатэхнік КСУП “Хвінявічы” Марыя Слушко расказвае, што дваццаць пяць гадоў таму адразу разгледзела ў маладым чалавеку талент:
– Ні на хвіліну не сумнявалася, што Уладзімір Бакшук справіцца нават на самым адказным участку працы. Ён прыроджаны жывёлавод. У сям’і Бакшукоў так беражліва ставіліся да жывёлін, што гэта не магло не перадацца ў спадчыну. А як яго любяць нашы кароўкі! Часта тэхнікі па асемяненні прымяняюць у сваёй працы хітрасці і асаблівыя метады, а нашаму Уладзіміру Уладзіміравічу нават гэтага не трэба: ён і так усё бачыць з першага позірку і ведае, што рабіць. Я заўсёды верыла, што ў яго ўсё атрымаецца і ў рабоце, і ў конкурсе прафесійнага майстэрства.
Лепш за любыя словы пра тэхніка па асемяненні, самавучку, які паказаў клас на рэспубліканскім узроўні, “гавораць” лічбы: за мінулы год працоўнае дасягненне спецыяліста толькі на комплексе “Парэчча” – 99 народжаных цялят з пагалоўя ў 100 кароў. Як і вынік на прафесійным конкурсе – амаль першы. Добры стымул, каб было да чаго імкнуцца.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga