Конкурсна-забаўляльная праграма пад такой назвай прайшла ў Дзятлаўскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
На адной творчай пляцоўцы мерапрыемства сабрала навучэнцаў і педагогаў, якія хочуць вучыцца і вучыць іншых новаму, карыснаму і цікаваму.
На адкрыцці праграмы яе ўдзельнікаў павітаў дамавічок Кузя, ролю якога выконвала педагог-арганізатар цэнтра Ірына Мішчанка. Казачны герой паабяцаў навучэнцам, што за час сустрэчы яны навучацца працаваць у каманде, “патрэніруюць” свае творчыя ўменні, кемлівасць і спрыт.
Выпрабаванні пачаліся з выступлення тэатра-экспромта “Феерверк”, артыстамі якога сталі ўдзельнікі праграмы. З дапамогай артыстызму і пластыкі яны “далі” святочны салют, што абвесціў аб пачатку конкурсаў. Затым мяч добрага настрою дапамог удзельнікам дзвюх каманд падзяліцца з сябрамі добрымі пажаданнямі, таксама на кароткі час канкурсанты сталі “вясёлымі мартышкамі”, асвоілі “сіламер”, паспрабавалі сябе ў ролі сышчыкаў, згулялі з гледачамі, задалі дарослым “салодкія пытанні” і паўдзельнічалі ў іншых цікавых іспытах.
Развітваліся ў добрым настроі. Кузя пажадаў, каб новы навучальны год у цэнтры дадатковай адукацыі стаў для дзяцей і іх педагогаў такім жа цікавым і крэатыўным, як конкурсная праграма, і прынёс кожнаму не толькі карысныя веды і навыкі, але і значныя дасягненні.
Ірына СТЫРНІК
Фота Ірыны МІШЧАНКА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga