Майстэрства дзядоў будзе жыць

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Наваельня – зялёны лясны гарадок.

Так некалі напісаў пра гэты гарадскі пасёлак наш зямляк, паэт-песеннік з вёскі Змяёўцы Дзятлаўскага раёна Віктар Шымук. Напісаў цэлы верш, бо любіў гэта месца, сюды прыязджаў цягніком з Баранавіч, а потым пеша (калі пашанцуе, то на папутцы ці на возе) дабіраўся да матчынай хаты.

Сапраўды, мясціны тут цудоўныя, светлыя, напоўненыя ў любую пару года сасновым водарам, шэлестам хваёвых галін, нейкім своеасаблівым духам даўніны, што нібы напаўняе і ўзгоркі, і месца, дзе зліваюцца ў адно тры рачулкі-сястры, Маўчадка, Паніква і Ятранка, і спакой, неверагодны, лекавы спакой нашай непаўторнай, заўсёды жывой, душою злучанай з чалавекам прыроды.

Таму і не дзіва, што на беразе Ятранкі, у бацькоўскай хаце, аб’ехаўшы паўсвету і нагледзеўшыся мясцін самых экзатычных, пасяліўся Анатоль Кардаш, юрыст па адукацыі. Выйшаўшы на пенсію, вырашыў вярнуцца ў мясціны, што часта сніліся начамі, вабілі-клікалі высокім берагам ракі, сасновым лесам, ягадамі, грыбамі – і цішай. Ды і мама занемагла, трэба было дапамагаць. Падладзіў матуліну хату, дабудаваў што-нішто, завёў невялікую гаспадарку і ў вольны час заняўся… творчасцю. Маляваў алеем ён даўно, таму заканамерна, што на ўлонні прыроды пацягнула рабіць гэта з новай сілай. А яшчэ арганізаваў у Наваельні студыю “Эпатажны блюз” і пачаў вучыць людзей пенсійнага ўзросту (і моладзь, калі з’яўлялася на тое жаданне) бальным танцам. З цягам часу наладзіў некалькі балоў у Наваельні і Дзятлаве, нават у суседнім Навагрудку, паралельна займаўся са сваімі сябрамі-студыйцамі гімнастыкай цыгун, дапамагаў, як кажуць, пазбаўляцца ад узроставых хвароб апорна-рухальнай сістэмы.

Але сёння размова зусім не пра гэта. Сёння раскажу вам пра яшчэ адно захапленне Анатоля Аляксандравіча, якое выношваў ён не адзін год. Гледзячы на гліняныя вырабы, што радамі пасталі на паліцах у яго хаце, яшчэ раз пераконваешся: калі чалавек захоча, то ў любой справе дасягне поспеху. Толькі патрэбна моцнае жаданне і цярпенне, мэтанакіраванасць, каб крок за крокам ісці да сваёй мэты.

Пра сваё жаданне заняцца гліняным посудам Анатоль расказваў мне яшчэ ў 2019 годзе, паказваў ганчарны круг, які сам зрабіў, марыў, што паставіць на надворку печ для абпалу вырабаў, расказваў і пра тое, што знайшоў нядрэнную гліну ў ваколіцах пасёлка, калі падладжваў печку ў хаце. І тут 2020, пандэмія, адмена заняткаў студыі. Няма ліха без дабра, як кажуць у народзе. Чалавек дзейны, актыўны заўсёды знойдзе, чым заняць рукі. Праз год бачу: фотаздымкі ў Фейсбуку з вырабамі Анатоля, прысылае відэа з працэсам абпалу вырабаў. Радуецца, як дзіця, – усё атрымалася! А далей – болей. Крок за крокам асвойваў тэхналогію вырабу посуду з гліны, спрабаваў усё новыя вырабы, тэхнікі абпалу. Дзякуючы працаздольнасці і незвычайнай захопленасці справай, хутка стаў вядомы, пачаў даваць майстар-класы. Сёлета, напрыклад, на ноч музея быў нашым госцем, сабраў на свой майстар-клас вучняў розных узростаў. Рабятам так спадабалася ляпіць гаршкі пад цёплым сяброўскім кіраўніцтвам Анатоля, што не хацелі разыходзіцца. І сапраўды, працэс захапляльны, вабны – з кавалка гліны раптам атрымліваецца зручная рэч, ды яшчэ з рознымі аздабленнямі, каруначкамі, арнаментамі. Цуд ды і толькі!

А ў ліпені на майстар-клас ў Наваельню, на бераг славутай у нашай мясцовасці Ятранкі, непадалёку ад рэстаўраванай калоны канца 18 стагоддзя, пастаўленай, нібыта, у гонар апошняй канстытуцыі Рэчы Паспалітай, трапіла група прафсаюзнага актыву Гродзенскай вобласці. Раённыя і абласныя прафсаюзныя лідары збіраліся ў Дзятлаве на выязное паседжанне. Сказаць, што ўсім спадабалася, – нічога не сказаць. Прысутныя былі ў захапленні і ад месца, дзе амаль на самым абрыве стаіць хата майстра-кераміста, і ад прыгажосці першабытнай прыроды, і ад цёплай атмасферы, што панавала на надворку. Разуваліся, хадзілі басанож па траве, спускаліся да ракі, мылі рукі і твар чыстай ятранскай вадой, пілі ваду з гліняных кубкаў і слухалі аповед Анатоля Аляксандравіча. А расказаў ён вось што.

Гліну, пра якую гаварылася вышэй, знайшоў паміж вёскамі Данілавічы і Барташы. Там спрадвеку людзі бралі яе для гаспадарчых патрэб. Залягае гліна пластамі, пад самай паверхняй зямлі, таму здабываць яе проста. А вось давесці да стану “гатовая для выкарыстання” намнога складаней. Спачатку Анатоль яе замочвае ў вялікіх ёмістасцях, потым працірае праз спецыяльнае сіта, адстойвае, злівае ваду, збірае масу і прапускае праз дзве столкі жаночых калготак. Маса павінна стаць аднароднай, як смятана, без адзінай парушынкі-пушынкі, як кажуць. Інакш выраб разарве пры абпале. Калі сцякла вада, гліну трэба доўга мясіць, пакуль перастане ліпнуць да рук. Яе складваюць у пласты, скатваюць у шарыкі, размяшчаюць у поліэтыленавыя пакеты і ставяць на захаванне.

Гліна гатова, можна брацца за выраб у любы вольны час. Але працэс падрыхтоўкі матэрыялу вельмі працаёмкі, таму Анатоль знайшоў больш простае выйсце: купляе гатовую гліну ў Трошчыцах, у кампаніі “Мірскія ўзоры”. Там маюцца ўстаноўкі, якія выціскаюць з гліны паветра, у хатніх умовах такое зрабіць цяжка. А калі ў гліне будуць шарыкі паветра, хоць і самыя нязначныя, выраб пры абпале разарве.

І вось шарык гліны ў руках мастра, ён кладзе яго на ганчарны круг (круг у Анатоля ўжо не самаробны, а электрычны, пачынаў, праўда, з нажнога) – і пачынае калдаваць. Кола круціцца, выраб расце, падымаецца ўгору, набывае форму, кладуцца раўчукі-ўзоры. Потым у рукі бярэцца рыбалоўная лёска, ёй Анатоль праводзіць пад донцам і лёгенька адрывае збанок ад круга, ставіць на стол. Калі збанок высахне, яго трэба замыць, каб не засталося ніводнай драпінкі. Гліна не любіць вострых вуглоў. І зноў сохне выраб. Калі зробленых рэчаў назбіраецца шмат, Анатоль робіць ранішнюю закладку ў печ. Печ, між іншым, таксама змайстраваў сам. Яна стаіць бліжэй да рэчкі, у нізінцы, побач ляжаць бярозавыя дровы – у бярвёнах, паленнні і сечаныя. Пастаянны працэс, бесперапынны.

Спачатку некалькі гадзін даецца тэмпература 250-300 градусаў, потым паступова падымаецца, прыкладна да палудня ўжо 500-600, а пад вечар і ўсе 1000. Посуд у печцы павінен стаць белым ад тэмпературы. На ноч вырабы застаюцца ў печы, астываюць, а раніцай мастар дастае іх, расстаўляе, правярае. Бывае, безумоўна, і брак. Яго таксама прыстасавалі на ўчастку – для ўпрыгожвання, стварэння ландшафтнага дызайну.

Абпалены посуд адразу не выкарыстоўваецца, таму што гліна порыстая, выраб будзе набіраць вільгаць і пацячэ. Анатоль Аляксандравіч выкарыстоўвае для ўмацавання сценак посуду малачэнне: замочвае посуд у малацэ з тлустасцю 3,5, абсушвае, а потым ставіць на некаторы час у газавую духоўку з тэмпературай 400 градусаў. Выраб гатовы. Можна карыстацца. Асабіста я на сваёй кухні маю не адзін гліняны выраб, што прайшоў праз рукі Анатоля – кружку для кавы з крышкай, збанок для малака, вазачку для цукерак, кубак для вады.  І прыгожа, і экалагічна. Асабліва хочацца пахваліцца кружкай для кавы. Каву ў ёй заварваю проста, як кажуць, “па-польску”: засыпаю мялёную і заліваю кіпенем, затым закрываю крышкай. На хвінін 5, не болей. А якая атрымліваецца кава! Не паверыце, але здаецца, што крупінкі мялёныя сталі зусім дробныя, зліліся ў аднародную масу, а смак дык і ўвогуле незвычайны. П’еш не каву, а напой багоў.

Калі ёсць заказы, Анатоль Аляксандравіч выкарыстоўвае дымленне і абвар, але не так часта. Вырабы атрымліваюцца проста з казачнымі ўзорамі. Ды і разнастайнасць вырабаў у майстра вялікая: туркі, вазы, наборы для віна, вады, кружкі і сподачкі, падстаўкі пад тэлефон і сурвэткі, гаршкі рознай формы. Прыгажосць! І паехала такая прыгажость не толькі па Беларусі, але і ў іншыя краіны свету: Расію, США, Польшчу, Англію. І дзятлаўчане, пры жаданні, могуць не толькі набыць экалагічныя вырабы новаяльнянскага кераміста, але і заказаь майстар-клас у казачным куточку на беразе Ятранкі.

Кожны творчы працэс, безумоўна, прыносіць задавальненне. А што радуе і задавальняе Анатоля Кардаша? На гэта пытанне адказвае ён сам.

Лічу, што выраб посуду таксама творчасць, а яшчэ атрымліваецца экалагічна чысты прадукт. І сабе карысна, і людзям. Мне ўвогуле прыемны сам працэс, ён своеасаблівая медытація, выпрацоўвае цярплівасць, заспакоенасць, дакладнасць, акуратнасць. Нібы ментальна злучаешся з продкамі. Часта думаеш пра чалавека, які зрабіў заказ, уяўляеш яго, стараешся разгадаць натуру. Ад гэтага і вынік – вырабы розняцца адзін ад другога, і энергетыка ў іх таксама розная. Атрымліваеш задавальненне, радасць перапаўняе. А што можа быць лепшае за радасць жыць і тварыць?..

Вось так, жыве майстэрства дзядоў і будзе жыць, пакуль ёсць на свеце людзі з залатымі рукамі і шчырым сэрцам.

Алена Абрамчык,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: