Дзелавы панядзелак. У першую чаргу – мэтазгоднасць

Важнае Улада

Вытворчасць малака, гатоўнасць арганізацый і прадпрыемстваў да ацяпляльнага сезона, захаванасць матэрыяльных каштоўнасцяў, дзейнасць студатрадаў, прафілактыка пажараў – гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Трымаць руку на пульсе

Набліжэнне ацяпляльнага сезона прымушае “трымаць руку на пульсе” многія структуры і службы. Для ратаўнікоў – павышаная адказнасць за падрыхтоўку пячэй і электразабеспячэння домаўладанняў грамадзян, якім патрабуецца дадатковая сацыяльная абарона.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што па раёне выкананы няпоўны спектр дадзеных работ: у шасці з дзевяці сельскіх саветах ёсць дамы вызначанай катэгорыі, дзе яшчэ патрабуецца рамонт пячэй або замена праводкі.

– У ацяпляльны сезон усе павінны ўвайсці з поўнай гатоўнасцю, – паставіў задачу Андрэй Уладзіміравіч.

Кіраўнік раёна даў заўвагі па апатычным кантролі супрацоўнікамі РАНС і аглядавымі камісіямі за ўстаноўкай і работай аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў як вонкавых, так і ўнутры памяшканняў у “праблемных” домаўладаннях. Узгадаў тры пажары, якія адбыліся на тэрыторыі Дзятлаўшчыны на мінулым тыдні: у Дзятлаве, вёсках Малдуці, Міроўшчына. Усе – у жылых дамах, прычыны – парушэнне эксплуатацыі печы, у двух выпадках –  неасцярожнасць пры курэнні. АПА спрацаваў толькі пры адным з пажараў, што, дарэчы, дазволіла выратаваць жыццё грамадзяніну.

Аснова – вытворчасць малака

– Эканоміку гаспадаркі робіць малако. Пры гэтым арганізацыя кармлення кароў – вельмі важнае пытанне ў малочнай жывёлагадоўлі. У нашых гаспадарках дастаткова сіласу, зерня, камбікармоў, каб жывёла атрымлівала неабходныя рэчывы ў пэўных суадносінах, што непасрэдна ўплывае на яе прадуктыўнасць, – адзначыў старшыня райвыканкама і даў загад кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў надзяліць жывёлагадоўлі найбольш увагі.

Таксама гаспадаркам пастаўлены задачы па аператыўнай уборцы бульбы, напаўненні ёю і іншай агароднінай стабілізацыйных фондаў; па ўборцы кукурузы і актыўнай сяўбе азімых, для чаго надышоў самы спрыяльны перыяд.

Даверлівы народ

Па лініі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама на мінулым тыдні ўзбуджана 5 крымінальных спраў. Бадай, самая рэзанансная і актуальная, па словах першага намесніка начальніка аддзела Дзяніса Аўраменкава, чарговы падман тэлефоннымі аферыстамі. На гэты раз дзятлаўчанку абдурылі ліпавыя работнікі банка. У выніку, жанчына ўзяла крэдыт, назвала даныя банкаўскай карткі – і пазбавілася 14 тысяч рублёў.

Завяршаецца падрыхтоўка да свята хлебаробаў

– Людзі добра працавалі, годна. Яны заслужылі адпачынак, урачыстасць і ўзнагароды, – такімі словамі пачаў старшыня райвыканкама тэму раённага свята “Дажынкі”, якое пройдзе 10 верасня ў Дзятлаве.

Завяршаецца апошняя падрыхтоўка. Якім будзе свята? Усе дэталі ў праграме – яна надрукавана ў раённай газеце (у гэтым жа нумары), размешчана на сайце, у сацыяльных сетках і тэлеграм-канале “Перамогі”.

У сувязі са святочнымі мерапрыемствамі рух у райцэнтры 10 верасня будзе часова абмежаваны. ДАІ просіць вадзіцеляў з разуменнем аднесціся да абмежаванняў і загадзя планаваць іншы маршрут.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: