“Добра працаваць – Радзіму шанаваць”

Важнае Улада

Пад такой назвай на раённым фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2022” у Дзятлаве прайшла прэзентацыя падвор’яў сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў.

Яе ўдзельнікі здзіўлялі не толькі набыткамі сёлетняга ўраджайнага сезона, але і вынікамі сваёй паўсядзённай работы, дасягненнямі, навінкамі тэхнікі. Выставачныя павільёны і пляцоўкі прымалі наведвальнікаў у мікрараёне сквера Дварчаніна.

Па добрай традыцыі дасягненні аграрыяў і перапрацоўшчыкаў ацанілі кіраўнікі службаў раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, таксама да іх далучыўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк, які з рабочай паездкай знаходзіцца на Дзятлаўшчыне.

Спачатку накіраваліся да тэхнікі прадпрыемстваў, якая дапамагае спраўляцца ў полі, на аб’ектах будоўлі і добраўпарадкавання. Затым падзівіліся на дажыначныя караваі гаспадарак, наведалі гасцінныя пляцоўкі Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” і ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, дзе ладзіліся дэгустацыі прадукцыі.

 

З песнямі, жартамі, духмяным хлебам новага ўраджаю гасцей віталі і на падвор’ях сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – КСУПаў “Хвінявічы”, “Войневічы”, “Жукоўшчына”, ААТ “Дварэц-Агра”, філіяла “АграМілк”, ААТ “Граніт-Агра”. Пра новы ўраджай “беларускага шоўку” расказалі работнікі ААТ “Дварэцкі льнозавод”. Сваю прадукцыю прадставілі і перапрацоўшчыкі “другога хлеба” – вытворчы ўчастак Боркі  ААТ “Рагозненскі крухмальны завод”.

З упэўненасцю можна сказаць: гэты сельскагаспадарчы сезон быў паспяховы для раёна, дзякуючы працавітым рукам і прафесіяналізму хлебаробаў і спецыялістаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga