У Сусветны дзень турызму ўсе жадаючыя змаглі паўдзельнічаць у бясплатнай экскурсіі па Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі і яго ваколіцах.
Такім шанцам скарысталіся прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый нашага раёна.
Які будынак у райцэнтры самы старажытны, дзе знаходзяцца сэрцы Радзівілаў, колькі акадэмікаў праславілі наш раён, хто з дзятлаўчан быў афіцыйна прызнаны праведнікам – гэта далёка не ўсе пытанні, на якія атрымалі адказы нашы землякі ў час вандроўкі.
Экскурсаводам выступіла старшы навуковы супрацоўнік музея Алена Абрамчык, якая прапанавала гасцям звярнуцца да вытокаў заснавання горада Дзятлава, біяграфій яго ўладароў з магутных шляхецкіх родаў, знакамітых навукоўцаў і паэтаў, да архітэктурных помнікаў, якія сведчаць аб насычанай падзеямі гісторыі мястэчка. Экскурс у мінулае дапамагла ажыццявіць экспазіцыя партрэтаў знакамітых дзятлаўчан, напісаных рукой нашага таленавітага земляка Мікалая Несцярэўскага.
З музея экскурсанты перамясціліся да помніка Іосіфу Філідовічу, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны цаной свайго жыцця абараніў партызанскі шпіталь, у дэталях даведаліся пра яго подзвіг і гісторыю партызанскага руху на Дзятлаўшчыне, якому прысвечаны інфармацыйны шчыт, усталяваны тут жа.
Алена Рыгораўна расказала пра дзятлаўскае гета і яго зверскі расстрэл, а таксама пра тое, як многа інфармацыі можна атрымаць з тэматычных таблічак “Памяць. Адзінства. Перамога” з QR-кодамі, усталяваных да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Удзельнікі экскурсіі актыўна ўключыліся ў дыялог з экскурсаводам, задалі пытанні, якія іх даўно цікавілі, атрымалі станоўчыя эмоцыі і адчуванне, што сталі на крок бліжэй да пазнання роднай Бацькаўшчыны.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga