У Дзятлаве прайшло пасяджэнне камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях пры райвыканкаме пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча.
Удзел у ім прынялі настаяцелі цэркваў усіх канфесій, супрацоўнікі сілавых структур, работнікі арганізацый раёна.
Ігар Кухарэвіч адзначыў, што царква прымае актыўны ўдзел у жыцці раёна, інфармаванні і маральным выхаванні грамадзян, са свайго боку, улады актыўна шдзельнічаюць у мерапрыемствах, якія ладзяцца ў храмах Дзятлаўшчыны, падтрымліваюць культавыя ўстановы раёна.
– Сёння царква і ўлада эфектыўна працуюць разам для людзей, выконваючы адзіныя маральныя і сацыяльныя задачы, – сказаў ён.
Старшы інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Дзятлаўскага РАНС Сяргей Цвірко агучыў вынікі маніторынгу культавых збудаванняў раёна, адзначыў, што ўсе храмы адпавядаюць патрабаванням пажарнай бяспекі. Ён расказаў прысутным аб змяненнях пажарнага заканадаўства.
Дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева паведаміла, што на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна размешчаны 13 культавых збудаванняў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага і рэгіянальнага значэнняў. Згодна з патрабаваннямі Кодэксу аб культуры Рэспублікі Беларусь, павінны быць падпісаны ахоўныя абавязацельствы, размешчаны ахоўныя шыльды, распрацаваны праектны пакет дакументаў з вызначэннем межаў аб’екта. Калі культавы будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, перад пачаткам любых рамонтных работ патрэбна ўзгадніць іх з Міністэрствам культуры.
Намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго далучыўся да дыялога, падзякаваўшы прадстаўнікам духавенства за эфектыўную прафілактычную работу па прадухіленні сямейна-бытавой злачыннасці, прывіццё важных маральных арыенціраў грамадзянам.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова прапанавала прысутным абмеркаваць іншыя пытанні, звязаныя з узаемадзеяннем улады і царквы.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga