Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Без суверэнітэту няма дома, сям’і, будучыні

Галоўнае Улада

15 верасня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

У раёне працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Працоўны калектыў Дзятлаўскага ПМС наведала група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, з жыхарамі Казлоўшчынскага сельскага савета сустрэлася група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага. Іншыя інфармацыйна-прапагандысцкія групы працавалі ў калектывах раёна.

Цэнтральнай тэмай сустрэчы стала гісторыя беларускай дзяржаўнасці як аснова грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва, пабудаваная на інфармацыі адкрытага ўрока “Гістарычная памяць – дарога ў будучыню”, які на пачатку навучальнага года для ўсіх школьнікаў краіны правёў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Характарызуючы сітуацыю на міжнароднай арэне, кіраўнік краіны заявіў: “Каб захаваць сябе, сваю зямлю, мы павінны памятаць і свае, і чужыя ўрокі гісторыі… якія вучаць галоўнаму: пад знешнім кіраваннем суверэнітэту няма. Кіраваць павінны самі. А без суверэнітэту няма дома, няма сям’і, няма будучыні”. У час сустрэчы былі ўзгаданы ключавыя этапы станаўлення беларускай дзяржаўнасці ад Полацкага і Тураўскага княстваў у ІХ стагоддзі да маладой суверэннай рэспублікі. Шлях Беларусі да незалежнай дзяржавы быў доўгі і складаны. Заняць годнае месца на еўрапейскім кантыненце нам дазволілі сіла духу і самаадданая праца продкаў, беларуская зямля, на якой нашы мінулыя пакаленні жылі спрадвеку – мост, які звязвае цывілізацыі Захаду і Усходу, багатае гістарычнае мінулае – крыніца спрадвечных традыцый і вечных каштоўнасцяў.

Адной з самых яскравых і трагічных старонак беларускай гісторыі застаецца Вялікая Айчыннай вайна, падзеі якой ніколі не дадуць нам забыць цану мірнага неба над галавой і незалежнасці, вымераную кожным трэцім загінулым беларусам.

Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў над фашызмам была дасягнута дзякуючы стойкасці і гераізму савецкіх людзей. Наш народ самааддана падняўся на барацьбу супраць захопнікаў. Гэта быў усенародны рух супраціщлення, накіраваны на адстойванне незалежнасці Айчыны, захаванне нацыянальных традыцый і духоўных каштоўнасцяў. Сёння мы глыбока смуткуем па тых, хто загінуў у жорсткіх баях за Радзіму. Славім усіх, хто самааддана ўнёс уклад у вызваленне Беларусі і іншых краін ад фашысцкага рабства, а ў пасляваенны час адрадзіў краіну дзеля будучых пакаленняў, прагучала ў час сустрэчы.

Памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, яе героях і ахвярах захоўваецца на дзяржаўным узроўні. Так, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 176 ад 13 мая 2022 года статус Усебеларускай моладзевай будоўлі прысвоены аб’ектам капітальнага рамонту і рэканструкцыі дзяржаўнай установы “Дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь”; у Беларусі арганізавана правядзенне чатырох пастаянна дзеючых Вахт памяці ў Мінску, Брэсце, Магілёве і Віцебску. Акрамя таго, у нашай краіне рэалізуюцца маштабныя моладзевыя праекты, адным з самых вядомых з’яўляецца міжнародны “Цягнік Памяці”.

Наступнай актуальнай тэмай для размовы стаў пачатак ацяпляльнага перыяду, падрыхтоўка да яго ў арганізацыях і прыватных дамах грамадзян. Інспектары Дзятлаўскага РАНС звярнулі ўвагу на той факт, што вялікая колькасць пажараў у зімовы час здараецца з-за няспраўнасці або парушэння правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення. Таксама не лішнім будзе праверыць стан электрычнай праводкі: у дамах пажылых грамадзян, якія жывуць адзінока, аб гэтым павінны паклапаціцца іх дарослыя дзеці. Ратаўнікі падкрэслілі, што не адно чалавечае жыццё, у тым ліку, у нашым раёне, было захавана дзякуючы аўтаномнаму пажарнаму апавяшчальніку, які павінен прысутнічаць у кожным жылым і вытворчым памяшканні.

На жаль, у стагоддзе глабальнага распаўсюджвання камп’ютарных тэхналогій квітнее кіберзлачынства, якое тычыцца найперш махінацый з пластыкавымі карткамі. Неправамерным шляхам махляры завалодваюць рэквізітамі банкаўскіх пластыкавык картак і крадуць грашовыя сродкі з карт-рахункаў грамадзян, аб гэтым паведамілі ў сваім выступленні супрацоўнікі сілавых структур.

Ахвярамі злачынцаў становяцца людзі розных сацыяльных груп, узросту, адукацыі, з-за даверлівасці і няўважлівасці “развітваючыся” з унушальнымі грашовымі сумамі. Здараюцца выпадкі, калі падставай для крадзяжу становяцца не злачынныя схемы, а банальная страта карткі, на якой уладальнікі самі пішуць пін-код або прыкладваюць яго разам з карткай.

Каб не стаць ахвярай кіберзлачынцаў, трэба быць асцярожным: не паведамляць даныя сваёй карткі староннім асобам, не ўводзіць іх на падазроных сайтах, не перадаваць сваё мабільнае прыстасаванне староннім асобам. Падрабязней аб правілах прадухілення кіберзлачынстваў паведамляецца ў артыкулах АУС райвыканкама на старонках газеты “Перамога” і інтэрнэт-рэсурсе diatlovonews.by.

У час Адзінага дня інфармавання насельніцтва абмеркавалі праблему сямейнага недабрабыту і метады яе прафілактыкі, сярод якіх – арганізацыя вольнага часу для ўсёй сям’і. У гэтым сёння бацькам і іх дзецям дапамагаюць навучальныя ўстановы і формы дадатковай адукацыі, раённыя, абласныя і рэспубліканскія сацыяльныя мерапрыемствы.

У час сустрэчы з калектывам ДРБУ № 119 кіраўнік абласной групы, галоўны рэдактар газеты “Гродзенская праўда” Лілія Навіцкая расказала аб творчых праектах выдання, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці і Дня народнага адзінства.

Наталля АВЯРЧУК

Фота Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: