“17 граняў адзінства” беларускага грамадства

Важнае Грамадства

У Навагрудку стартаваў рэспубліканскі грамадска-палітычны марафон “17 граняў адзінства”, які праходзіць пад дэвізам “Адзінства. Ісціна. Будучыня” з ініцыятывы РГА “Белая Русь” ва ўзаемадзеянні з рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб’яднаннем “Беларускае таварыства “Веды” і прымеркаваны да надыходзячага Дня народнага адзінства.

Першая дыялогавая пляцоўка марафону сабрала разам актывістаў “Белай Русі” з Навагрудскага, Дзятлаўскага, Карэліцкага, Слонімскага раёнаў. У састаў дзятлаўскай дэлегацыі ўвайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, яна ж намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вольга Рагачова, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Аляксей Урбановіч, дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марына Нячай, рэдактар аддзела рэдакцыі газеты “Перамога” Ірына Стырнік.

Тон размове задаў намеснік старшыні РГА “Белая Русь” Андрэй Басак:

– Як памятаеце, 9 жніўня ў Мінску, у Купалаўскім тэатры, прайшоў форум патрыятычных сіл, які абраў разам буйныя патрыятычныя аб’яднанні і партыі нашай краіны. У час яго было прынята рашэнне стварыць рэспубліканскі штаб патрыятычных сіл, узначаліць які прапанавалі РГА “Белая Русь”, і сканцэнтраваць увагу на святкаванні Дня народнага адзінства. Удзельнікі форуму выказалі свае прапановы, у тым ліку “Белая Русь” і таварыства “Веды” выступілі з ініцыятывай правесці рэспубліканскі марафон “17 граняў адзінства”. Чаму 17? Па-першае, народнае свята пройдзе 17 верасня, па-другое, грамадска-палітычны марафон “наведае” 17 гарадоў краіны і завершыць сваё “падарожжа” ў Мінск-Арэне форумам “Гэта НАША гісторыя” з удзелам Прэзідэнта і дэлегатаў з усіх куткоў Беларусі.

Задача рэспубліканскага марафону “17 граняў адзінства” – абмеркаваць актуальныя для нашай дзяржавы пытанні, вывучыць думкі людзей, іх пункты гледжання, абагульніць іх і падрыхтаваць аналітычны матэрыял з рэгіёнаў для кіраўніка дзяржавы. Яшчэ адна задача – знайсці новых спікераў і лідараў меркаванняў, якія змогуць даносіць пазіцыю дзяржавы да грамадскасці.

Удзельнікі першай дыялогавай пляцоўкі абмеркавалі такія тэмы, як патрыятычныя каштоўнасці беларускага народа і ў чым заключаецца наша нацыянальная ідэя і гістарычны шлях развіцця; грамадскі запыт на партыйнае будаўніцтва ў Беларусі; міжнароднае супрацоўніцтва; далейшае развіццё грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Свае думкі на гэты конт выказвалі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, ён жа старшыня абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Віктар Пранюк, старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Чаркоўскі, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Святлана Вараніца, старшыня Навагрудскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Эльвіра Сарока і іншыя спікеры.

Меркаваннем на тэму патрыятызму і выхавання падрастаючага пакалення з прысутнымі падзялілася і наша зямлячка Марына Нячай:

– Патрыятызм – гэта нашы ўчынкі і дзеянні, якія праяўляюцца не толькі на словах, але і на справе. Быць патрыётам – значыць любіць і паважаць сваю Радзіму, ганарыцца яе сімваламі.

Паколькі працую ў школе, важным лічу супрацоўніцтва ў гэтым кірунку педагогаў з сям’ёй. Дзе з маленства для дзіцяці гучыць калыханка на роднай мове, там прывіваюцца і патрыятычныя пачуцці. Для дзяцей вельмі важны прыклад дарослых. Што робім мы, тое робяць і яны. Навучэнцы сёння актыўна ўступаюць у піянеры і рады ГА “БРСМ”, выбіраюць быць патрыётамі. Адметна, што і па выніках сацыялагічнага апытання 86,6 % беларусаў вызначаюць, што яны патрыёты, і 91 % ганарыцца, што жыве ў Рэспубліцы Беларусь. Значыць, мы рухаемся ў правільным напрамку.

Калі казаць пра нацыянальную ідэю, то гэта: “жыць у незалежнай Беларусі, дзе ёсць мір і стабільнасць і кожны імкнецца жыць па законе”. Не менш важна захоўваць і перадаваць моладзі традыцыі мінулых пакаленняў. Мяркую, што патрыятызм – гэта самая вышэйшая духоўная каштоўнасць асобы, якая, хацелася б, каб была развіта ў кожнага з нас.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga