Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў першым паўгоддзі і выканання бюджэту за гэты ж перыяд часу былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Удзел у пасяджэнні прынялі Аляксандр Пятровіч, інспектар па Гродзенскай вобласці ўпраўлення рэгіянальнага развіцця галоўнага ўпраўлення па справах дзяржаўных органаў Апарату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Дзмітрый Паўлоўскі, начальнік галоўнага кантрольна-аналітычнага ўпраўлення Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.
– Пытанні, якія мы будзем сёння разглядаць, вельмі важныя, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, задаючы тон размовы. – І хоць у першым паўгоддзі забяспечана станоўчая дынаміка па большасці параметраў заданняў і прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, ёсць нямала праблем, вузкіх месцаў, асабліва ў сельскай гаспадарцы, і нявыкарыстаных рэзерваў. Хацелася б пачуць не толькі канстатацыю фактаў і паказчыкаў, але і прапановы па паляпшэнні сітуацыі.
Намеснікі старшыні райвыканкама ў сваіх дакладах ахарактарызавалі становішча спраў у курыруемых імі галінах.
Вольга Жэлезоўская, намеснік старшыні, якая курыруе сферу эканомікі, адзначыла, што за першае паўгоддзе забяспечана выкананне асноўных паказчыкаў. Так, паказчык па інвестыцыях у асноўны капітал па раёне ў працэнтах да адпаведнага перыяду 2021 года (у супастаўных цэнах) выкананы на 109,1 % пры прагнозе 100,3 %; вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі – 102,5 % пры заданні 101,5 %; па рознічным тавараабароце гандлю праз усе каналы рэалізацыі – 102,1 % пры заданні 101,4 %. Таксама выкананы даведзеныя заданні па аб’ёме будаўніча-мантажных работ, пасажыраабароце, росце намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы, аб’ёме эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў.
Тэмп росту валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна склаў 102,5 % пры заданні – 101,5 %. Нягледзячы на агульны станоўчы паказчык, самыя важкія заўвагі ад старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага прагучалі ў адрас кіраўнікоў гаспадарак, якімі дапушчана зніжэнне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі – гэта КСУП “Войневічы” і ААТ “Граніт-Агра”.
– Завярэнні па выкананні пастаўленых задач па росце валавой прадукцыі па годзе будуць выкананы, але за кошт раслінаводства, – падкрэсліў кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі. – А вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі: малака, мяса ялавічыны і свініны – нізкая, хоць рэзервы ў гэтых гаспадарак ёсць.
Абласныя госці таксама цікавіліся, ці дастаткова спецыялістаў у гаспадарках і якая спецыялізаваная дапамога неабходна, паколькі праблемы па жывёлагадоўлі тут практычна па ўсіх пазіцыях. Справаздачы трымалі кіраўнікі прадпрыемстваў Станіслаў Мазур і Сяргей Францішчык. Прынята рашэнне – па выніках 9 месяцаў на пасяджэнні райвыканкама зноў заслухаць кіраўнікоў “Граніт-Агра” і “Войневічы”.
Былі пытанні і да іншых сельскіх гаспадарак, а таксама прамысловых прадпрыемстваў. Не забяспечылі выкананне паказчыкаў бізнес-планаў па індэксе фізічнага аб’ёму прадукцыі ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” (81,4 % пры плане 100,6 %), ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” (89,7 % пры плане 100,5 %).
Напрыклад, зніжэнне аб’ёмаў вырабленай прадукцыі завода “Алгонь” адбылося ў сувязі з узмацненнем санкцыйнага ціску, адсюль праблемамі лагістыкі і геапалітычнай сітуацыяй, якая выклікала ваганні курсу валют на пачатку года. Таксама адгрузка бястарнай гарэлкі ў Прыбалтыку прыпынена з сакавіка 2022 года.
Дзмітрый Паўлоўскі, начальнік галоўнага кантрольна-аналітычнага ўпраўлення аблвыканкама, задаваў канкрэтныя пытанні кіраўніцтву завода па рабоце з сістэмай квотаў, зніжак для гандлёвых сетак, пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасцю. У адказе прагучаў намечаны шэраг мер па пераадоленні адставання.
Варта адзначыць не толькі адмоўныя моманты – забяспечылі выкананне паказчыкаў бізнес-планаў па ІФА за першае паўгоддзе ААТ “Дварэцкі льнозавод”, ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”, Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, Дзятлаўскае РУП ЖКГ.
За студзень-чэрвень 2022 года ў цэлым па раёне атрымана 227,6 млн. рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг, тэмп росту склаў 121,8 % да адпаведнага перыяду 2021 года.
Кансалідаваны бюджэт Дзятлаўскага раёна за першае паўгоддзе 2022 года выкананы з дэфіцытам у суме 1 908,2 тысячы рублёў. Як адзначыла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала, па сямі месяцах дэфіцыт скарочаны, выйшлі на стабільную работу прадпрыемствы “Ізакам” і “ІзакамПласт”, падатак на прыбытак “склаўся” па “Молочному Миру”, санаторыю “Радон”. Выхад на прафіцыт бюджэту “праглядваецца” ўжо ў жніўні.
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падзякаваў кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў і ўстановаў раёна за эфектыўную працу, за тое, што зрабілі ўсё для выканання няпростых задач, якія стаялі перад імі гэтыя шэсць месяцаў, і выказаў спадзяванне на прадуктыўную работу ў другім паўгоддзі.
******
Завяршылася пасяджэнне выканкама на прыемнай ноце – Дзмітрый Паўлоўскі ўручыў дыпломы “Узорная арганізацыя Гродзенскай вобласці па ахове працы” пераможцам абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю аховы працы і прафілактыкі вытворчага траўматызму за 2021 год: камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству “Дзятлаўскае ПМС”, якое заняло першае месца сярод арганізацый Гродзеншчыны вытворчай сферы з калектывам колькасцю да 100 чалавек, і Дзятлаўскаму філіялу ААТ “Молочный Мир”, які таксама заняў першае месца сярод арганізацый вобласці вытворчай сферы з калектывам колькасцю ад 101 да 500 чалавек.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga