У незвычайныя падарожжы

Грамадства Свежыя навіны

Аздараўленчы летнік “Эрудыт” гімназіі № 1 горада Дзятлава працягвае сваю работу.

Кожны новы дзень тут праходзіць цікава і незвычайна.

Яго выхаванцы штодня адпраўляюцца ў падарожжа па розных планетах.

Знаёмства з планетай Здароўя распачалося з хвілінкі пра аказанне першай дапамогі пры ўкусах насякомых. Падчас інтэлектуальнай гульні “Здароўе – гэта тваё шчасце” размова ішла  пра загартоўванне, правільнае  харчаванне, правілы асабістай гігіены. У калектыўнай творчай справе па стварэнні банера “Маё здароўе ў маіх руках!” удзельнічалі ўсе выхаванцы. Скончылася падарожжа музычна-забаўляльнай праграмай  “Здаровым быць выдатна!”  і спаборніцтвамі па валейболе.

Першым прыпынкам падарожжа на планету Экалогіі стала пазнавальная экскурсія ў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, дзе школьнікаў пазнаёмілі з работай лесагаспадарчай установы, запрасілі пабываць у міні-дэндрапарку, на вытворчай базе лясгаса, правялі віктарыну. Самыя ўважлівыя атрымалі прызы ад адміністрацыі лясгаса. Усім дзецям уручылі памяткі з правіламі паводзінаў  у лесе. Экасэлфі “Мы з прыродай адзіныя!” дапамагло зацікавіць выхаванцаў  вывучэннем аб’ектаў прыроды, паказаць неабходнасць беражлівых адносінаў да яе. Вынікам стала стварэнне калажа “Экаастравок”, а выхаванцы другога атрада працавалі над стварэннем стыкераў “Экалогія, якую я выбіраю”. Ну і канешне ж спартыўныя гульні на свежым паветры.

Курс на планету Літаратуры выхаванцы летніка ўзялі з танцавальнай бадзёрай зарадкі, хвілінкі здароўя і бяспекі “Без особого труда, но не детская еда”, прысвечанай фаст-фудам. Вядома ж, не абышлося без рухомых гульняў на свежым паветры: з задавальненнем павесяліліся ў спартыўным спаборніцтве “Алімпійскія атракцыёны”. Наступны прыпынак – раённая бібліятэка, дзе іх чакала гадзіна пытанняў і адказаў “Мы цікавыя свету, свет цікавы нам”, літаратурная віктарына, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці, прайшоў конкурс на лепшы малюнак “Мая Беларусь!”.

Не прамінулі і  планету Ведаў, дзе ў час “Сваёй гульні” кожны імкнуўся паказаць свае веды і паспаборнічаць з сябрамі. Гэта мерапрыемства садзейнічала развіццю лагічнага мыслення, камунікатыўных здольнасцяў, пашырэнню кругагляду навучэнцаў, папаўненню слоўнікавага запасу. У кінатэатры “Спадарожнік” выхаванцы паглядзелі мультфільм “Сувораў. Вялікае падарожжа”, у якім злучыліся пераказ гістарычных падзей, сучаснае візуальнае выкананне і інтрыгуючы сюжэт. А гульня “Матэматычная мазаіка” дазволіла замацаваць веды дзяцей аб геаметрычных фігурах, пазнаёміцца са старажытнымі мысліцелямі.

Каб памяталі

Выхаванцы летніка “Усмешка” сярэдняй школы № 1 райцэнтра, удзельнічаючы  ў мерапрыемствах тэматычнага дня юных патрыётаў, прадоўжылі весці “Кнігу памяці” падзей Вялікай Айчыннай вайны.

У час  прагляду дакументальнага фільма “Каб памяталі” дзеці акунуліся ў гістарычныя падзеі мінулага. Пасля стварылі ў атрадным пакоі куток памяці “Юныя героі Вялікай вайны”. Выхаванцы даведаліся гісторыі звычайных дзяцей, дзяцінства якіх было азмрочана вайной. Успомнілі пра подзвігі Марата Казея, Лёні Голікава, Зіны Партновай і іншых піянераў-герояў.

Дзякуючы “адкрытаму мікрафону” дзеці выказалі сваё меркаванне аб тым, што павінен зрабіць кожны з іх дзеля шчаслівага, светлага будучага сваёй краіны.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: