Тадэвуш Кандрусевіч: “Дзяржава і касцёл працуюць для аднаго народа”

Галоўнае Улада

Вечарам 15 жніўня прыхаджане касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адзначылі парафіяльнае свята.

Тут сабралася шмат вернікаў, ксяндзоў, каб ушанаваць Маці Божую Унебаўзятую – галоўную апякунку касцёла. Гасцямі і ўдзельнікамі фэсту сталі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, новапрызначаны рэгіянальны настаяцель салезіянаў у Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі, старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, яго намеснікі, супрацоўнікі дзяржапарата, сілавых структураў Дзятлаўшчыны, прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, арганізацый раёна.

Распачалося свята з урачыстай працэсіі, якой міністранты, ксяндзы і дзеці ў суправаджэнні духавога аркестра прайшлі ад плябаніі да касцёла.

Прыхаджане з хлебам-соллю, добрымі словамі і кветкамі сустрэлі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула павітаў усіх прысутных. Ён адзначыў, што сёння ў Дзятлаўскай парафіі дажынкі, калі вернікі асвячаюць плады і хлеб новага ўраджаю.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў прыхаджан і гасцей свята з імянінамі парафіі, звярнуўся да прысутных з зычэннямі Божага бласлаўлення і апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, ласкі да будавання свецкага жыцця на евангельскіх каштоўнасцях:

– Каб мы былі адным народам, тымі, хто ведае, як будаваць мір на нашай зямлі, – адзначыў арцыбіскуп. – Рады бачыць тут прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, вельмі ўцешна, што яны маюць добрыя ўзаемаадносіны з касцёлам. Вядома, што дзяржава і касцёл – асобныя адзінкі, аднак яны працуюць для таго самага народа. Дзяржава клапоціцца пра матэрыяльны стан людзей, культуру, адукацыю, фізічнае развіццё, касцёл – пра духоўны стан. А як вядома, у здаровым целе – здаровы дух.

Шчыра і ад усяго сэрца віншавалі ксяндзоў дзеці і моладзь араторыя. Пажадалі нязменнай любові Езуса Хрыста, падтрымкі нябеснай Маці Марыі, апекі ў святарстве Святога Яна Боско.

Прыхаджане нагадалі, што сёння спаўняецца восем гадоў святарскай працы ксяндза Здзіслава Пікулы на Дзятлаўшчыне. Падзякавалі яму за яго служэнне, самаахвярную працу, добразычлівасць, абвяшчэнне Божага Слова. Пажадалі, каб яго сэрца заўсёды было напоўнена супакоем і любоўю.

Святары і вернікі ўсе разам памаліліся, выказалі падзяку Хрысту і Маці Божай.

Запаленая свечка, букет каляровых кветак, каласы збожжа з садавіной і агароднінай, сноп, хлеб – усё гэта стала дарамі, якія вернікі касцёла прынеслі для Ісуса Хрыста і Яго Найсвяцейшай Маці ў знак удзячнасці.

Вернікі касцёла асвяцілі кветкі, садавіну і агародніну.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уручыў Падзячныя граматы ад Дзятлаўскай каталіцкай парафіі прадстаўнікам раённай улады, а таксама кіраўнікам арганізацый раёна за вялікі асабісты ўклад у развіццё парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве і за актыўную падтрымку салезіянскай дзейнасці на дзятлаўскай зямлі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: