Моладзь на жніве (+відэа)

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

На палетках КСУП “Войневічы” працуе нямала маладых вадзіцеляў і камбайнераў. Іх поспехі ва ўборачнай кампаніі сталі добрай нагодай наведаць хлебаробаў на працоўным месцы.

Гэтым разам віншаванні, кветкі, грашовую прэмію ад кіраўніцтва і прафсаюза гаспадаркі прымаў Дзмітрый Бяляўскі, які перавёз на жніве ўжо больш за тысячу тон зерня.

Дзмітрый – мясцовы жыхар, родам з пасёлка Казлоўшчына. Да службы ў арміі працаваў у КСУП “Слава працы”, ужо сёмы год ­– у “Войневічах”, тут атрымаў ад гаспадаркі жыллё. Яго заўсёды вабіла тэхніка, таму і цяпер з радасцю і цікавасцю кіруе 20-тонным МАЗам, які атрымаў тры гады назад узамен дзесяцітоннага.

– У нашай рабоце ўсё залежыць ад надвор’я, – расказвае малады чалавек. – У сярэднім перавожу на дзень па 150-160 тон зерня, але бывае і менш.

Дзмітрый плануе сёлета паўтарыць і пераўзысці мінулагодні вынік у 2 тысячы тон.

Усе сілы аграрыяў КСУП “Войневічы” сёння сканцэнтраваны на ўборцы азімага трыцікале. Плошча пасеву вялікая – 340 гектараў, таму на ўборцы задзейнічаны адразу 7 камбайнаў  і 4 грузавыя машыны гаспадаркі.

Разам з калегамі ва ўборачнай кампаніі ўдзельнічае камбайнер Сяргей Пятліцкі, гэта яго пяты сезон на жніве. Выніковая работа маладога чалавека была заўважана і адзначана: у мінулым годзе ён перасеў за руль новага камбайна “Палессе” вытворчасці завода “Гомсельмаш”.

– Новае ёсць новае, працаваць на такой тэхніцы больш камфортна і прадукцыйна, – дзеліцца вопытам Сяргей. – Як і ў мінулай мадэлі, тут ёсць кандыцыянер, але электроніка больш новай мадыфікацыі, яна дае больш інфармацыі па ходзе работ. Ну і галоўнае – надзейны, не ламаецца ў час уборкі.

Сам камбайнер тутэйшы, але цяпер жыве ў горадзе Слоніме. Кожны дзень ездзіць на работу ў КСУП “Войневічы”. У гарачую пару ўборачнай насычаны рабочы дзень камбайнера пачынаецца ў 7 гадзін раніцы: трэба прыехаць, прачысціць і заправіць тэхніку, падрыхтавацца да работы. А заканчваецца ён не раней за 11 гадзін вечара.

– Адпачынак выдаецца толькі тады, калі дождж, – кажа мужчына. – Але цяпер не да адпачынку: трэба ўраджай хутчэй сабраць.

Кожны год  Сяргей Пятліцкі заканчвае сезон, перасягнуўшы адзнаку ў тысячу тон намалочанага зерня. Гэты год не стане выключэннем: на рахунку камбайнера ўжо больш за 700 тон.

А толькі закончыцца жніво – ён вернецца да іншых сельскагаспадарчых работ на трактары “Беларус-3022”.

– На сёння ў гаспадарцы ўбрана 45 % засеяных плошчаў, – расказвае старшыня КСУП “Войневічы” Сяргей Францішчык. – Закончылі ўборку яравога ячменю з ураджайнасцю 60 цэнтнераў з гектара, убралі азімую пшаніцу. Цяпер жнём азімае трыцікале, застаецца яшчэ яравая пшаніца, авёс, зернебабовыя культуры. Дзяржаўны заказ на пшаніцу ўжо выканалі на 80 %, рыхтуем рэалізацыю піваваранага ячменю.

Па словах кіраўніка гаспадаркі, сёлетні каравай больш важкі за мінулагодні. Ураджай радуе, застаецца яго якасна і хутка сабраць.

 

Наталля АВЯРЧУК
Фота Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: