На аграсядзібе “Сяляхі” Ваўкавыскага раёна прайшоў штогадовы VIII сацыяльна дабрачынны злёт праваслаўнай моладзі “Сустрэча сяброў”.
Яго гасцямі сталі і дзятлаўчане – наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
Як расказала загадчыца аддзялення Алена Калюцік, удзел у гэтым мерапрыемстве яны прымалі ўпершыню, таму дэбютным сярод іншых прадстаўнікоў вобласці стала іх выступленне на канцэрце з танцавальнай кампазіцыяй “Спатканне”.
Увогуле ж паездка выдалася цікавай і насычанай. Дзятлаўчане памаліліся на богаслужэнні з удзелам архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія і святароў епархіі, якое праходзіла ў храме роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія горада Ваўкавыска.
На аграсядзібе “Сяляхі” для гасцей злёта працавалі тэматычныя пляцоўкі, ладзіліся майстар-класы. Прапаноўвалася асвоіць аплікацыю каляровай соллю, мазаіку з фаамірана, пафарбоўку гіпсавых фігурак, выраб віншавальных паштовак, пляценне з гумак, нават паспрабаваць сябе ў ганчарнай справе. Праводзіліся інтэрактыўныя гульні, працаваў цір пад адкрытым небам, аднак самыя яркія ўражанні ў гасцей засталіся ад сустрэчы з байкерамі.
За матэрыяльную падтрымку пры арганізацыі паездкі Алена Калюцік і наведвальнікі “Праменьчыка” шчыра ўдзячны благачыннаму цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэю Іаану Кісялю.
Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена Аленай КАЛЮЦІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga