“Будкомплекс”: гісторыя і сучаснасць

Важнае Грамадства

Упраўленне спецыяльных работ у горадзе Дзятлаве ААТ “Будкомплекс” – прадпрыемства з моцнымі традыцыямі, якое і сёння застаецца ў страі.

Плён работы дзятлаўскіх будаўнікоў – пабудаваныя і адрамантаваныя шматпавярховыя дамы, адміністрацыйныя і сацыяльныя будынкі. З нагоды прафесійнага свята ўзгадаем  ключавыя моманты жыцця калектыву.

***

Упраўленне будаўнічых работ у Дзятлаве – структурнае падраздзяленне ААТ “Будкомплекс”, створанае ў 1989 годзе на базе Дзятлаўскага завода металічных вырабаў, які быў перапрафіліраваны ў будаўнічую арганізацыю. Першым кіраўніком падраздзялення стаў Пётр Лагуцік,  які на працягу доўгага часу кіраваў упраўленнем, зрабіў вялікі ўнёсак у яго станаўленне і развіццё. Не губляюць сувязі з калектывам яго былыя начальнікі Эдвард Голуб, Аляксандр Кійко, Аляксандр Тарасевіч, Андрэй Лашко, якія аддалі шмат сіл развіццю прадпрыемства.

Першапачаткова Дзятлаўскае ўпраўленне спецыяльных работ займалася будаўніцтвам у дамоў у сельскай мясцовасці. Аб’екты, створаныя яго работнікамі, сёння ёсць у многіх населеных пунктах раёна. Сярод іх – 6-кватэрны жылы дом у аграгарадку Хвінявічы, дзе жывуць сем’і работнікаў прадпрыемства, 4-кватэрныя дамы ў іншых аграгарадках, шматпавярховікі па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве. Дзякуючы рабоце прафесіяналаў прадпрыемства ў райцэнтры былі абноўлены фасады Дома быту, гасцініцы “Ліпічанка”, гімназіі № 1 горада Дзятлава, выкананы вонкавыя і ўнутраныя рамонтныя работы ў будынку райвыканкама, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання, раённай бальніцы, а таксама адрамантаваны жылы фонд у райцэнтры і пасёлках Дзятлаўшчыны.

Акрамя будаўнічага падраздзялення, ва ўпраўленні працуе цэх нестандартнага абсталявання, які выпускае разнастайную прадукцыю з металу: вароты, дзверы, каркасы, металаканструкцыі, шафы, секцыі, агароджы.

У сваёй рабоце ўпраўленне выкарыстоўвае як унікальную тэхніку, вырабленую яшчэ ў Савецкім Саюзе (гільяцінныя нажніцы для рэзкі металу, лістазгінальныя прэсы), так і сучасную тэхніку – пад’ёмныя краны, аўтавышкі, міксеры для перавозкі бетону, іншыя механізмы.

***

Ужо больш за год узначальвае прадпрыемства Часлаў Сухадольскі – вопытны кіраўнік з дзесяцігоддзямі працоўнага стажу ў будаўніцтве, які любіць і ведае сваю справу да нюансаў. Ён расказаў пра тое, чым сёння жыве УСР ААТ “Будкомплекс”.

– Часлаў Юльянавіч, чым можа ганарыцца ўпраўленне?

– Наша арганізацыя адметная найперш сваімі вопытнымі, надзейнымі работнікамі. Сёння мы працуем у Дзятлаўскім, Слонімскім, Карэліцкім, Лідскім раёнах і горадзе Лідзе. Асноўнай дзейнасцю прадпрыемства застаецца будаўніцтва. Знізіліся аб’ёмы работ у цэху нестандартнага абсталявання, аднак і цяпер паступае нямала заявак на малыя архітэктурныя формы: альтанкі, лаўкі. Функцыянуе растворна-бетонны вузел, які абслугоўвае нашы патрэбы ў бетоне для будаўнічых і рамонтных работ, але і прымае заказы ад насельніцтва, арганізацый.

– Ці шмат займаецеся будаўніцтвам?

– Так, гэты напрамак застаецца прыярытэтным. Пераважна вядзём работы па капітальным рамонце і рэканструкцыі будынкаў. У мінулым годзе здалі ў эксплуатацыю пасля рамонту даху шматкватэрны дом плошчай 1800 квадратных метраў. Гэтым летам увялі ў эксплуатацыю пасля мадэрнізацыі арэнднае жыллё ў пасёлку Казлоўшчына, цяпер робім капітальны рамонт шматкватэрных жылых дамоў у Дзятлаве па вуліцы Навагрудскай і ў Слоніме па вуліцы Брэсцкай, нядаўна выйгралі тэндар на рамонт дома ў Лідзе.

– Што сёння прадстаўляе сабой калектыў прадпрыемства?

– Гэта 64 работнікі як будаўнічых, так і няпрофільных спецыяльнасцяў: тынкоўшчыкі, муляры, падсобныя рабочыя, абліцоўшчыкі, машыністы кранаў, адміністрацыйныя кадры – пераважна гэта вопытныя работнікі з вялікім стажам. У цяперашні момант мы забяспечаны аб’ёмамі работ, але маем некаторы кадравы дэфіцыт. Таму шчыра запрашаем усіх, хто хоча звязаць жыццё з будаўніцтвам, да нас на работу.

– Якія  пажаданні адрасуеце свайму калектыву?

– Самае важнае – здароўя ўсім, хто быў звязаны з будаўніцтвам або сёння працуе ў гэтай галіне. Калектыву ўпраўлення – стабільных добрых аб’ёмаў работ і адпаведна дастойных заработкаў.

Наталля АВЯРЧУК