А вёска яшчэ памятае

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Свой юбілейны 80-ы дзень нараджэння сёлета адсвяткавала працавітая і паважаная ў Боцкавічах жанчына – стараста вёскі Зінаіда Жэгала.

Павіншаваць імянінніцу з круглай датай у рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізуецца сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, у Боцкавічы прыехалі артысты Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Іна Юганава. У шчодры на сонца і цяпло дзень для Зінаіды Іванаўны гучалі такія ж цёплыя і светлыя пажаданні. Моцнага здароўя, дабрабыту, клопату блізкіх людзей і актыўнага даўгалецця ёй зычылі госці і землякі, а вясёлыя песні мінулых гадоў акунулі імянінніцу ў дні яе далёкай маладосці. Якраз праз дарогу ад хаты Зінаіды Жэгала раней стаяў вясковы клуб, улетку па вечарах у адкрытае акно даносіліся гукі музыкі, можна было паназіраць і за маладымі парамі, якія кружаць у танцах.

– У нашых Боцкавічах раней было шмат моладзі, людзі нават жартавалі, што тут жыве 105 дзяўчат, – падзялілася ўспамінамі Зінаіда Іванаўна. – У пасляваенны час жылося ўсім цяжка, шмат працавалі, але моладзь заўсёды знаходзіла магчымасць павесяліцца.

Саму Зінаіду (у дзявоцтве Кашко) жыццё таксама не песціла. З Вялікай Айчыннай вайны не вярнуўся яе бацька, пакінуўшы маці адну з трыма дзецьмі. Усё па гаспадарцы даводзілася рабіць самім. Скончыўшы сямігодку, дзяўчына рана выйшла замуж за мясцовага хлопца Аляксандра Жэгалу, які працаваў вадзіцелем у калгасе. Разам выгадавалі дваіх дзяцей: сын Анатоль цяпер жыве ў Баранавічах, працуе токарам, дачка Галіна – у Мазыры, яна інжынер па ахове працы. Больш за 40 гадоў побач з Зінаідай Іванаўнай няма яе “другой палавінкі”, але бабулю радуюць трое ўнукаў і чацвёра праўнукаў.

Расказала імянінніца і аб сваіх працоўных буднях: каля 20 гадоў яна была паштальёнам паштовага аддзялення ў Ахонаве, абслугоўвала гэту вёску, а таксама родныя Боцкавічы і суседнія Яцукі. Праходзячы па 12 кіламетраў штодзень з цяжкай сумкай, яна ў любое надвор’е спяшалася да сваіх землякоў.

– Гэта цяпер у наша жыццё ўвайшлі тэлефоны, – расказвае Зінаіда Іванаўна. – А тады людзі актыўна ліставаліся, выпісвалі шмат газет, перасылалі ў пасылках гасцінцы і карысныя рэчы. А на святы ў наша аддзяленне прыходзіла столькі яркіх прыгожых віншавальных паштовак, што мы з калегамі нямала часу трацілі, каб раскласці іх па сваіх працоўных маршрутах. Памятаю, з якой радасцю, вясёлымі агеньчыкамі ў вачах разглядвалі і чыталі свае паштоўкі адрасаты, ды і прыход паштальёна быў для вяскоўцаў прыемнай падзеяй, бо атрымлівалі свежыя газеты, а то і проста пыталіся, што новага ў знаёмых і сваякоў, якія жывуць па маршруце. Работа і стасункі з землякамі заўсёды зараджалі мяне станоўчымі эмоцыямі, прыносілі шмат радасці. Сучасным гараджанам, магчыма, гэтага не зразумець, а вёска яшчэ памятае.

Зінаіда Іванаўна ўпэўнена, што менавіта з-за былой работы яе выбралі старастай у Боцкавічах. Цяпер тут няшмат пастаянных жыхароў, але ўлетку актыўна прыязджаюць дачнікі. Задача старасты – сачыць за парадкам у вёсцы, быць сувязным звяном паміж жыхарамі і сельвыканкамам, вырашаць надзённыя пытанні людзей. Наогул жа, боцкавіцкія старажылы жывуць дружна, прыходзяць пагутарыць і тэлефануюць адзін аднаму, падтрымліваюць у складаных сітуацыях, дзеляцца маленькімі жыццёвымі радасцямі.

Якія яны, гэтыя яркія моманты вясковага побыту? То прыгожа зацвітуць кветкі, якія і ў свае 80 гадоў Зінаіда Іванаўна вырошчвае вакол хаты, то парадуе ўраджаем агарод, што да гэтай пары садзіць і даглядае гаспадыня, не дазваляючы зямлі пуставаць, а то прыедуць праўнукі і бягуць паклапаціцца аб няхітрай бабулінай гаспадарцы – пакарміць яе курачак. У сябровак – такія ж навіны, але галоўнае, што ім прыемна бавіць час разам, успамінаючы мінулае.

Сярод сакрэтаў свайго даўгалецця першым Зінаіда Жэгала называе паўсядзённую працу, якая ніколі не дазваляла сядзець на месцы. Другім – сціплае вясковае “меню”: у дзяцінстве асноўнымі стравамі на стале былі крупяныя кашы, супы, хлеб, а “царскім падабедкам” можна было лічыць бульбяное пюрэ са смажанай цыбуляй, якое, пастаяўшы ў печы, упрэе і зацягнецца скарыначкай.

Гэтыя далёкія ўспаміны і да гэтай пары саграваюць сэрца Зінаіды Іванаўны, хоць яе лёс быў складаным і поўным выпрабаванняў, але ёсць у ім і светлыя моманты, і любімыя людзі, і блізкія сяброўкі.

Цяперашняму маладому пакаленню юбілярка жадае моцнага здароўя, ніколі не ленавацца, усё астатняе прыйдзе з сумленнай працай і добрымі адносінамі да людзей.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga