Жыццёвы экзамен – на “выдатна”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Настаўнік – сейбіт разумнага, добрага, вечнага.

Удзячныя ўсходы педагагічнай працы вырастаюць, дасягаюць творчых або прафесійных вышыняў, але дарогу да сваіх любімых педагогаў ніколі не забываюць. Як не мінаюць настаўніцкую кватэру і сябры, з якімі назаўжды паяднаны педагагічнай працай. У свой 90-гадовы юбілей у гэтым яшчэ раз упэўнілася прыгожая жанчына, выдатны матэматык Лідзія Варабей, павіншаваць са святам якую прыйшла цэлая дэлегацыя гасцей.

З кветкамі і падарункамі сабраліся сябры, родныя, былыя вучні і сённяшняе маладое пакаленне. Віншаванні ад савета ветэранаў педагагічнай працы, аддзела адукацыі і райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі юбілярцы адрасавала Лідзія Лябецкая, да іх далучыўся старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар, а “прывітанне” ад сяброў з Дзятлава, дзе вучылася і жыла жанчына, прывезла Яўгенія Савань. Ад імя работнікаў Казлоўшчынскай школы з віншавальным адрасам завіталі дырэктар, ён жа былы вучань, Ігар Данільчык, яго намеснікі, калегі-матэматыкі, а таксама “шэфы”-цімураўцы разам са сваёй настаўніцай Інай Альшэўскай. Не абышоў увагай юбілейную дату ў жыцці выдатнай жыхаркі пасёлка і Беларускі саюз жанчын: з віншаваннямі і падарункам ад грамадскага аб’яднання Лідзію Яўгенаўну наведала Вольга Яфімік.

– Дзякуй за кранальныя словы, кветкі, падарункі, – узрадавалася гасцям расчуленая юбілярка. – Вы прабачце, што я да вас проста па імёнах звяртаюся. Колькі б часу ні мінула, мае вучні для мяне тыя самыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якім я некалі выкладала матэматыку.

Дзеці імянінніцы таксама зрабілі матулі сюрпрыз: прыехалі з горада з віншаваннямі і вялікім “матэматычным” тортам з формуламі і лінейкамі, ім яна пачаставала дарагіх гасцей. За кубачкам чаю жанчына расказала пра сваё няпростае, але насычанае цікавымі падзеямі і людзьмі жыццё.

Лідзія Варабей нарадзілася непадалёк ад Дзятлава ў вёсцы Юравічы, гадавалася ў шматдзетнай працавітай сялянскай сям’і разам з братамі Уладзімірам і Мікалаем.

Практычна адразу пасля яе нараджэння матуля вярнулася да працы. У даваенныя гады пра трохгатовы дэкрэтны адпачынак жанчыны і марыць не маглі: ішло жніво, і ўжо на чацвёрты дзень пасля родаў жанчына жала ў полі, а маленькая дзяўчынка спала побач у драўлянай люльцы, змайстраванай татам. Калі прыхаладала і надышлі асеннія палявыя работы, з немаўляткам стаў заставацца дома дзядуля.

– Мая мама з роду Дварчанінаў, адзінаццатае дзіця ў сям’і, – Лідзія Яўгенаўна  праводзіць экскурс у свой радавод. – У нас вялікая настаўніцкая сям’я: практычна ўсе філолагі, я адна з усіх пайшла ў матэматыку.

Лідзія Варабей – дзіця, узгадаванае ў вайну. Ніколі не забыцца ёй той знакавы 1944 год, калі Беларусь вызвалялі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усіх мясцовых мужчын мабілізавалі ў Чырвоную Армію, у тым ліку і іх тату. На наступны год сям’я атрымала ад яго апошні ліст: “Дарагая Ганна! Пацалуй за мяне дзяцей. Ідзём у наступленне. Геня. 14 студзеня 1945 года”.

А праз некаторы час прыйшлі супярэчлівыя навіны: мужчына ці то загінуў, ці то быў цяжка паранены і знаходзіцца ў шпіталі. Працяглыя пошукі не далі выніку: у спісах загінулых – няма, параненым – не значыцца. У ваенкамаце далі даведку: прапаў без вестак.

– Каб вы ведалі, што гэта было такое ў пасляваенны час! – эмацыянальна ўзгадвае Лідзія Яўгенаўна. – Прапаў без вестак – значыць здаўся ў палон немцам або яшчэ што горшае – усялякага пляскалі злыя языкі. І толькі калі рыхтаваўся выхад кнігі “Памяць”, прадстаўнік ваеннага камісарыята ездзіў у Падольск і атрымаў дакладныя дадзеныя: Яўгеній Жамойдзік загінуў 14 лютага 1945 года ў горадзе Маковіцы.

Пасля вайны сям’і Жамойдзікаў даводзілася вельмі цяжка працаваць: брата Валодзю з 7 класа мабілізавалі на працоўны фронт у Свярдлоўскую вобласць. Акрамя сваіх будзённых работ, усе сялянскія двары павінны былі выканаць план па пастаўцы драўніны на Данбас. У час такіх работ матуля падняла цяжкае дрэва і атрымала расцяжэнне пазваночніка – траўму на ўсё жыццё. Работнікамі ў доме засталіся пажылая бабуля, брацік-дашкольнік і 12-гадовая Лідзія, якая ў сваім юным узросце ўмела і жаць, і малаціць цэпам.  Акрамя гэтага, дзяўчынка хадзіла ў Дзятлава ў школу.

– Калі маму выпісалі з бальніцы, папрасіла мяне больш дапамагаць ёй па гаспадарцы і пакінуць заняткі ў школе. Я пагадзілася, – узгадвае Лідзія Яўгенаўна.

Калі дырэктар школы даведаўся пра гэта, сам прыехаў у Юравічы на веласіпедзе, каб угаварыць жанчыну адпусціць дзяцей вучыцца. Паабяцаў, што яны будуць мець месца ў інтэрнаце, харчаванне, вяртацца дадому на ўсе выхадныя дні і канікулы, каб дапамагаць матулі.

– Я так удзячна нашаму дырэктару Леапольду Данілавічу! – кажа Лідзія Варабей. – Толькі дзякуючы яму, я атрымала сярэднюю адукацыю.

Лідзія была круглай выдатніцай. Аднак у выпускным класе адбыўся дзіўны выпадак: трое яе аднакласнікаў былі арыштаваны і асуджаны закрытым судом на 10 гадоў пазбаўлення волі. З-за гэтага ні аднаму з выдатнікаў класа не далі залаты медаль і атэстат “з адзнакай”. Так Лідзія Яўгенаўна паехала паступаць у Мінск з адной “намаляванай” чацвёркай па рускай мове. А на ўступных экзаменах адзіная з патоку здала гэты прадмет на выдатна і паспяхова паступіла на матэматычную спецыяльнасць.

У педагагічны інстытут імя Горкага першакурсніца прыбыла ў новай сукенцы, якую матуля пашыла для дачушкі з блакітнага паркалю. Так і засталася ў памяці аднакурснікаў  дзяўчынкай у бракітнай сукеначцы, так і патаграфавалася праз час на Дошку гонару. Інстытут прызначыў ёй стыпендыю ў памеры 180 рублёў і бясплатнае месца ў інтэрнаце як дачцэ загінулага вызваліцеля. Дзяўчына пісала ў лісце дадому:

– Мілая мамачка, я буду такая багатая! Атрымаю стыпендыю, ты такіх грошай ніколі ў сваім жыцці ў руках не трымала! Мне на ўсё хопіць: і на ежу, і на адзенне.

Студэнткай Лідзія была вельмі актыўнай і ў вучобе, і ў грамадскім жыцці. Па заканчэнні інстытута нарэшце атрымала свой цалкам заслужаны дакумент з адзнакай – “чырвоны” дыплом.

– У маім жыцці было дзве любімыя школы: Дзятлаўская, дзе я вучылася, і Казлоўшчынская – дзе вучыла сама, – кажа жанчына.

Адмовіўшыся ад паступлення ў аспірантуру пры інстытуце, Лідзія Варабей прыехала працаваць у Казлоўшчыну па месцы жыхарства мужа. Калі адміністрацыя навучальнай установы даведалася пра выдатныя поспехі матэматыка, ёй даручылі выкладаць яшчэ і фізіку ў восьмых класах. Колькі гадоў мінула з тае пары, а яна дагэтуль помніць у дробязях свой першы адкрыты ўрок па гэтым прадмеце па тэме “Электрычнасць”. Дапамагаў ставіць вопыты яе былы вучань, студэнт-завочнік Канстанцін Шапель, які ў хуткім часе стаў калегам настаўніцы.

– На шчасце, урок прайшоў добра, вопыты атрымаліся. На занятку прысутнічаў загадчык раённага аддзела адукацыі, мой былы настаўнік Сямён Цывіс, які пасля падышоў да мяне і сказаў: “Малайчына, Ліда, не падвяла нашу Дзятлаўскую школу”.

Разам з Канстанцінам Аляксандравічам педагогі-прадметнікі працавалі ў адных і тых жа класах: Лідзія Яўгенаўна вяла ўрокі матэматыкі, ён – рускай мовы і літаратуры. Нават класнымі кіраўнікамі былі разам на адной паралелі.

Лідзіі Варабей заўсёды лёгка было працаваць, дасягаць мэтаў, бо яна адчувала падтрымку сям’і. Муж Фёдар Сцяпанавіч, хоць сам і позна атрымаў адукацыю, таксама стаў выдатным педагогам. У лютым 1945-га юнаком ён быў мабілізаваны ў войска, і калі вярнуўся дадому праз пяць гадоў, аднакласнікі ўжо мелі свае сем’і і размеранае жыццё, а ён – толькі 6 класаў дзятлаўскай школы. Мужчына ўладкаваўся на працу і паступіў у вячэрнюю школу, пасля чаго – у тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі. Працаваў участковым механікам у Рудзе Яварскай і Дзераўной, затым старшым майстрам у Казлоўшчынскім прафтэхвучылішчы. А як атрымаў вышэйшую адукацыю, стаў выкладчыкам. За сваю працу ў педагагічнай сферы ён быў удастоены званняў “Выдатнік прафтэхадукацыі СССР”, “Заслужаны настаўнік школ  БССР”.

Сын і дачка сталі праграмістамі, працуюць па спецыяльнасці на Мінскім трактарным заводзе і Аршанскім ільнокамбінаце. Але сваю малую радзіму не забываюць, часта наведваюць матулю. Часта прыязджаюць ужо дарослыя ўнукі, праўнукі: прывозяць любай Лідзіі Яўгенаўне прадукты, падтрымліваюць парадак у кватэры. Жанчына вельмі ўдзячна сваім блізкім за клопат, заўсёды чакае кожнага іх візіту. А вось пераязджаць адмаўляецца.

– Дзеці пастаянна клічуць жыць да сябе, – кажа жанчына. – Але мне ўтульна тут, у Казлоўшчыне. У пасёлку шмат знаёмых, добрыя суседзі. А колькі маіх вучняў! Усе яны помняць сваю настаўніцу.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: