Адбылася рабочая сустрэча раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, спецыялістаў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Яна была прысвечана падвядзенню прамежкавых вынікаў праекта “Вакцынацыя: і сабе, і людзям”, які стартаваў у верасні 2021 года і ўдзел у якім прымалі 4 раёны Гродзенскай вобласці.
Старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк расказала, што за мінулыя шэсць месяцаў, дзякуючы сумесным намаганням медыкаў і валанцёраў аб’яднання, на Дзятлаўшчыне ад каранавіруснай інфекцыі было прышчэплена і рэвакцынавана 567 чалавек. Для выезду на раён з Дзятлаўскім участкам Лідскага аўтапарка заключаны дагавор на транспартныя паслугі. Выезды валанцёраў ладзіліся ў аддаленыя вёскі раёна з работнікамі Дварэцкай, Парэцкай, Раготнаўскай амбулаторый, Казлоўшчынскай гарпасялковай бальніцы. Валанцёры ажыццяўлялі інфармаванне і запіс насельніцтва на вакцынацыю, іншую каардынацыйную работу, яны былі забяспечаны ўсімі неабходнымі сродкамі асабістай абароны, аб чым паклапацілася Таварыства Чырвонага Крыжа.
Як адзначыла Галіна Касцюк, у час сумесных выездаў на прышчэпкавая кампаніі актыўнай была Дварэцкая амбулаторыя, якая вакцынавала і рэвакцынавала 367 чалавек.
Галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Алег Анцух і яго намеснік па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Таццяна Свіб падзякавалі Галіне Эдвардаўне і валанцёрам за плённае супрацоўніцтва і хуткае вырашэнне арганізацыйных і транспартных пытанняў.
Рэалізацыя праекта “Вакцынацыя: і сабе, і людзям” прадоўжыцца да снежня, у наш раён прыйшла партыя бустарнай вакцыны для рэвакцынацыі, да выездаў у населеныя пункты ўжо далучыліся Вензавецкі і Міроўшчынскі ФАПы.
Галоўны доктар Дзятлаўскага РайЦГЭ Алена Шайбак расказала аб тым, што ўжо праз паўгода па выніках медыцынскіх назіранняў узровень антыцелаў у вакцынаваных людзей зніжаецца, павышаецца верагоднасць захворвання. Пасля з’яўлення больш заразных штамаў дэльта і амікрон стала зразумела, што без рэвакцынацыі не абысціся. Чым больш людзей пройдуць поўны курс вакцынацыі і рэвакцынацыі супраць каранавірусу, тым паўнавартасней будзе калектыўны імунітэт. Рэвакцынацыя – гэта паўторная прышчэпка, якая дапамагае імунітэту змагацца з вірусам і не дапускае цякага цячэння хваробы. Рэвакцынацыю супраць COVID-19 называюць бустерной (ад ангельскага слова booster-павышаць, ўзмацняць).
Адбылася таксама нарада Галіны Касцюк з валанцёрамі раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, якія прымаюць удзел у праекце, для іх прагучалі словы падзякі, былі ўручаны сувеніры.
Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена Галінай КАСЦЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga