У многіх арганізацыях і ўстановах працуюць людзі, якія, акрамя таго, што паспяхова выконваюць свае прафесійныя абавязкі, паспяваюць займацца не менш значнымі справамі.
Яны абараняюць законныя правы супрацоўнікаў, імкнуцца палепшыць іх умовы і аплату працы, арганізоўваюць вольны час і садзейнічаюць адпачынку калегаў, узаемадзейнічаюць з кіраўніцтвам у інтарэсах калектыву. Усё гэта і шмат чаго іншага робяць старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый. Незаменны памочнік у вырашэнні сацыяльных і рабочых пытанняў ёсць і ў кіраўніка КСУП “Хвінявічы” – бухгалтар гаспадаркі Вольга Максімава.
Вольга Рышардаўна нарадзілася ў вёсцы Вялікія Шастакі Дзятлаўскага раёна. Пасля заканчэння Раготнаўскай сярэдняй школы сумненняў, з якой прафесійнай сферай звязаць сваё жыццё, не было. Дзяўчына вырашыла стаць бухгалтарам і паступіла ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум на спецыяльнасць “бухгалтарскі ўлік”. Два гады вучобы праляцелі мімалётна. Пасля заканчэння ўстановы выпускніца пачала працаваць у КСУП “Хвінявічы”. У жніўні будзе ўжо 30 гадоў, як жанчына займаецца фінансамі сельгаспрадпрыемства. Разам з тым, з 2017 года Вольга Максімава з’яўляецца прафсаюзным лідарам у гаспадарцы. У 2021 годзе за плённую работу яна была ўзнагароджана граматай Савета Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў за працу па абароне сацыяльна-працоўных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза ў пытаннях працоўных адносін і захавання сацыяльных гарантый.
Вольга Рышардаўна – шматдзетная матуля. Разам з мужам Сяргеем выхавала траіх дзяцей: сына Юрыя, дачок Ірыну і Інэсу. Нядаўна Вольга і Сяргей адсвяткавалі 28 гадоў сумеснага жыцця.
Цікава было даведацца, што жанчына захапляецца вязкай снапоў, якія часта выкарыстоўваюцца ў раённых зажынках і дажынках. Адметна, што летась сноп рукадзельніцы “ўдзельнічаў” у абласным свяце ўраджаю ў Скідзелі. Таксама ў вольны час жанчына займаецца кветкаводствам. З задавальненнем вывучае новыя гатункі кветак і вырошчвае іх у сябе на ўчастку. З самых любімых – лілеі і ружы. Знаходзіць час і на самаразвіццё: пашырае свае веды па лекавых раслінах, якія могуць спатрэбіцца пры залечванні ран. Разам з тым, ідзе ў нагу з часам і не супраць “пасядзець” у сацыяльных сетках. На пытанне, ці ёсць у вас мара, Вольга Рышардаўна з агеньчыкам у вачах адказала: “На жаль, ніколі не была на моры. Вельмі хачу паехаць і палюбавацца велічнымі марскімі прасторамі”.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga