Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 27 чэрвеня па 3 ліпеня 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 80 паведамленняў, 3 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 38 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 39 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 67 правапарушальнікаў, узбуджана 9 крымінальных справаў.

У чужым хляве – бясплатна?

Крымінальная справа за крадзеж узбуджана на дваіх раней не судзімых жыхароў нашага раёна. Мужчыны вынеслі з незамкнёнай гаспадарчай пабудовы аўтамабільныя запчасткі, якія належалі прыватнаму прадпрымальніку, чым нанеслі яму матэрыяльны ўрон на суму 1000 рублёў.

Спатрэбіўся “жалезны конь”

Па дапамогу міліцыі звярнулася дзятлаўчанка, у якой прапаў дарожны веласіпед коштам 500 рублёў. Як высветлілася, паўторны крадзеж учыніў раней судзімы мужчына без пастаяннага месца жыхарства. Ён скраў двухколавы транспартны сродак з пад’езда аднаго з дамоў па вуліцы Навагрудскай, дзе яго “далей ад чужых вачэй” пакінула гаспадыня. Узбуджана крымінальная справа.

Пакатаўся і вярнуў

Работнік аднаго з дзятлаўскіх таварыстваў з абмежаванай адказнасцю скарыстаўся аўтамабілем гэтай арганізацыі, прыпаркаваным на яе тэрыторыі. Пасля паездкі па райцэнтры мужчына вярнуў аўто на ранейшае месца ў спраўным стане. Аднак яго вандроўка расцэнена як угон, узбуджана крымінальная справа.

Б’е, значыць кахае?

Крымінальную справу на хатняга агрэсара ўзбудзіла пракуратура раёна. Раней судзімы мужчына дома катаваў сваю сужыцельку. У час сваркі жанчыне былі нанесены цялесныя пашкоджанні, у тым ліку закрытая чэрапна-мазгавая траўма і пералом рабра.

Такое на абед!

У абедзенны перапынак раней не судзімы работнік адной з гаспадарак раёна дома з дапамогай мабільнага тэлефона з выхадам у інтэрнэт ажыццявіў відэазванок у групавы чат. Усё б нічога, але па відэа ён трансліраваў парнаграфічныя выявы. Узбуджана крымінальная справа.

Сеў на веласіпед – будзь уважлівы

Са шматлікімі траўмамі і пераломамі ў Дзятлаўскую ЦРБ шпіталізаваны веласіпедыст, які пры выездзе з другаснай дарогі не прапусціў аўтамабіль “Рэно”. Акалічнасці дарожнай аварыі вывучаюцца.

Навошта павышаць градус?

Нават спякотнае надвор’е не спыняе аматараў алкагольных напояў. На мінулым тыдні нецвярозымі на працоўных месцах былі затрыманы два жывёлаводы з розных гаспадарак раёна, на абодвух мужчын складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Мак не ў булках знайшлі

Міліцыя раёна прадаўжае рэалізацыю прафілактычнай спецыяльнай праграмы “Мак”. За мінулы тыдзень праваахоўнікі знішчылі каля 50 кілаграмаў гэтага шкоднага зелля. Мак знайшлі на прысядзібных участках жыхароў райцэнтра, дзвюх вёсак раёна і аднаго з гарадскіх пасёлкаў.

Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga