І ў хаце пахла пірагамі

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Свой юбілейны 80-ы дзень нараджэння ў ліпені адзначыла добрая жанчына, клапатлівая шматдзетная матуля, руплівая гаспадыня Валянціна Скіба з вёскі Лявонавічы.

Павіншаваць яе з адметнай датай і па сакрэты даўгалецця ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” прыехалі артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская, Ірына Бакшук і кіраўнік народнага хору ветэранаў “Ветэраны ў страі” Таццяна Шостка.

Валянціна Іванаўна шчыра радавалася гасцям, а яны ў сваю чаргу не шкадавалі для імянінніцы цёплых віншаванняў і вясёлых песень, што нагадвалі юбілярцы пра гады маладосці і любімага мужа Арсеня Аляксандравіча, які выдатна ўмеў іграць на акардэоне і не выпускаў яго з рук у час сямейных сустрэч.

Імянінніцы зычылі моцнага здароўя на доўгія гады, міру, дабрабыту, клопату блізкіх людзей і заставацца такой жа бадзёрай, як у дзень сустрэчы, каб радаваць дзяцей, унукаў і праўнукаў сваёй цёплай усмешкай і духмянымі аладкамі, якія так добра ўдаюцца былому школьнаму повару.

– Наша мама цудоўна гатуе, усё жыццё адпрацавала поварам у мясцовай школе, – зазначае адна з пяцярых дзяцей, цёзка імянінніцы дачка Валя. – Калі ўзгадваю дзяцінства, адразу ўспамінаецца, як у нядзелю прачынаешся, а ў хаце смачна пахне пірагамі, прыбягаеш на кухню, а там на патэльні румяныя здобныя жаўрукі. А як у яе ўдаюцца аладкі – выбірай на любы густ: дранікі, сырнікі, на дражджавым цесце. Іх вельмі любяць унукі, заўсёды заказваюць у бабулі, калі прыязджаюць у госці. А былыя вучні, цяпер ужо дарослыя мужчыны і жанчыны, калі наведваюць родную вёску, да гэтай пары цікавяцца: “Цётка Валя, ці прадаяце вы булачкі ў школьнай сталовай?”. Памятаюць былыя гарэзы сваю карміцельку, да якой прыбягалі на перапынках, каб падсілкавацца.

Слухаючы гэтыя словы, Валянціна Іванаўна сціпла ўсміхаецца. Сама яна – дзіця ваеннага ліхалецця, народжаная ў далёкім 1942 годзе ў суседніх Лозках. Вайну не памятае, але ўзгадвае, як цяжка было яе бацькам, звычайным калгаснікам, ставіць на ногі чатырох сваіх дачок, як самааддана яны працавалі з ранку да позняй ночы, каб на стале быў хлеб. Вось і старалася Валянціна Скіба, каб яе ўласныя пяцёра дзетак ні ў чым не мелі патрэбы, а паколькі адным з яе талентаў была “гатоўка” – кожны дзень карміла іх дамашняй смакатой, бо трымалі карову, свіней, птушку, садзілі вялікі агарод, усе прадукты былі свае, дамашнія.

З будучым мужам Арсенем Валянціна пазнаёмілася на танцах, ён быў зайздросным кавалерам, бо іграў на акардэоне, узначальваў клуб. Разам прайшлі праз усё жыццё, не скараліся цяжкасцям і выпрабаванням. Арсень Аляксандравіч стаў начальнікам Лявонавіцкага паштовага аддзялення, у яго будынку шматдзетнай сям’і выдзелілі кватэру. Падрасталі дзеці, усім пяцярым Скібы далі вышэйшую адукацыю. Цяпер Валянціну Іванаўну радуюць 16 унукаў і 2 праўнукі.

Вялікая сям’я любіць збірацца разам у родным доме, а песня, якая іх аб’ядноўвае, – любімыя бацькавы “Падмаскоўныя вечары”. У такія хвіліны ўспамінаюць мінулае: якой вялікай і гаманлівай была родная вёска, як на Вялікдзень разам пад адкрытым небам збіраліся жыхары Лявонавічаў і Лозак, ладзілі гулянне, частавалі адзін аднаго пірагамі.

На пытанне пра “рэцэпт” асабістага сакрэта даўгалецця Валянціна Іванаўна адказвае, што трэба ўзяць клопат пра блізкіх людзей, дадаць да яго гады стараннай працы, крыху вясёлага настрою, дабрыні і надзеі – тады ўсё атрымаецца.

Сучаснай моладзі юбілярка жадае быць здаровымі і шчаслівымі, дажыць да шаноўных гадоў пад мірным небам Беларусі, любіць сваю старонку і старацца рабіць яе прыгажэйшай.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: